Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗЬМЯНІЛАСЯ СТАЎЛЕНЬНЕ БЕЛАРУСАЎ ДА ЗША ПАСЬЛЯ СКАНДАЛУ ВАКОЛ ІРАЦКІХ ПАЛОННЫХ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Многія з апытаных мною людзей прызналіся, што пасьля публікацыі фактаў зьдзеку з іракцаў стаўленьне да ЗША ў іх зьмянілася. Вось чаму:

(Спадар: ) “Так, іншыя адносіны сталі да іх. Раней яны казалі, што Расея дрэнная, а Чачэнія добрая. Пэўна ж, зьмяніліся”.

(Спадарыня: ) “Зьмяніліся. Я лічу, што так паводзіць сябе нельга зь людзьмі. Тым больш, што яны выступаюць за свабоду і дэмакратыю. У якіх бы ўмовах ні быў чалавек, да яго трэба ставіцца па-людзку”.

(Хлопец: ) “Што да палітыкі ЗША ў Іраку, то ў мяне заўсёды было да яе нэгатыўнае стаўленьне”.

(Карэспандэнт: ) “А стаўленьне да ЗША?”

(Хлопец: ) “Лепшым дакладна ня стала, можа, толькі трохі горшае”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, зьмяніліся трохі ў нэгатыўны бок. Таму што, скажам так, ня надта ўсё гэта прыгожа”.

(Спадар: ) “Ведаеце што, я шмат чытаў газэтаў і часопісаў. Пэўна зьмяніліся адносіны ня толькі ў мяне, але і ў маіх сяброў. І ня ў лепшы бок. Нэгатыўна стаўлюся да гэтых зьяваў і адносінаў. Хацелася, каб усё было добра ў сьвеце. Але што зробіш — у кожнага свая палітыка”.

(Спадарыня: ) “Пэўна ж зьмяніліся, пагоршыліся адносіны. І раней ня надта было добрае стаўленьне — пасьля таго, як да ўлады прыйшоў Буш. Але пасьля такіх фактаў… Гэта проста недапушчальна”.

(Пэнсіянэр: ) “Непрыемна тое, як яны сябе паводзяць. За гэта я іх не паважаю”.

(Хлопец: ) “Так, відаць. Тое, што камандаваньне салдатаў ня сочыць за тым, як сябе паводзяць гэтыя людзі… Але пры ўсім пры тым краіна жыве лепей, чым наша”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”

(Яго сябра: ) “Мае адносіны зьмяніліся, я перастаў паважаць Амэрыку, хаця раней яна мне падабалася”.

(Пэнсіянэрка: ) “Зьмяніліся ў горшы бок. Адносіны іх да людзей, да свабоды было раней лепшым, чым цяпер”.

(Дзяўчына: ) “Мае адносіны да ЗША заўсёды былі нядобрыя. Таму тое, што я пачула, для мяне ня стала навіной. Мне ня вельмі падабаюцца ўлады ЗША, бо гэта нейкая манархія атрымліваецца, а не сапраўдная дэмакратыя”.

(Спадарыня: ) “Зьмяніліся, і ў горшы бок. Таму, што зьдзекавацца з тых, хто ня мае сродкаў абараніцца — гэта бесчалавечна”.

Але ёсьць нямала тых, у каго адносіны да Амэрыкі засталіся ранейшыя:

(Спадар: ) “Не, мае адносіны да ЗША не зьмяніліся. Таму што, на маю думку, у кожнай арміі, падчас кожнай вайны ёсьць людзі, якія схільныя да такіх зьдзекаў з палонных. Такія людзі былі і ў савецкай, і ў нямецкай, і ў іншых арміях”.

(Дзяўчына: ) “Не, бо я ведала, што так і ёсьць. Нічога не зьмянілася”.

(Дзяўчына: ) “Не, не зьмяніліся”.

(Спадар: ) “Насамрэч мае адносіны засталіся ранейшыя. Таму што любая вайна, а ў Іраку адбываецца менавіта вайна, а ня нейкае ўсталяваньне дэмакратычнага парадку, суправаджаецца ўсялякімі эксцэсамі паводле прынцыпу “лес сякуць, трэскі ляцяць”. Безумоўна, заслугоўвае павагі тое, што гэтыя факты сталі вядомыя. І ў гэтым, я так разумею, заслуга СМІ і грамадзкай думкі недзяржаўнага сэктару. Спадзяюся, што канкрэтныя вінаватыя будуць знойдзеныя і панясуць пакараньне. Але хацелася, каб усё ж такі разумелі, што правілы вайны і правілы дэмакратыі, законнасьць, якой павінны трымацца ў будзённым жыцьці, — слаба сумяшчальныя. І гэтага не адбываецца нават у краінах такой разьвітай прававой сыстэмы як ЗША”.

(Спадарыня: ) “Увогуле — не. Бо нельга рабіць высноваў паводле асобных фактаў. Бо, відаць, ні прэзыдэнт ЗША, ні начальства ў гэтым не вінаватыя. Проста факты, што сталі вядомымі, існуюць на любой вайне. Вінаватыя павінны быць пакараныя, але гэтыя факты не павінны аказваць узьдзеяньня ва ўсясьветным маштабе”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, мне здаецца, што гэтыя здымкі непраўдзівыя”.

(Пэнсіянэр: ) “Ня вельмі, бо я вельмі кепска стаўлюся да Лукашэнкі. А ЗША супраць яго. Таму для мяне галоўнае, каб яны больш ціснулі на Лукашэнку. Тым больш, што ў кожным войску ёсьць такія. Напрыклад, колькі расейцы зьдзекуюцца з чачэнцаў. Як гаворыцца, у сям’і не без выроду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG