Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОРЗЭ МОЛІЦЦА ЗА БЕЛАРУСЬ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Травеньcкі Дзень радыё адзначаюць ня толькі прафэсіяналы. Непасрэднае дачыненьне мае да яго мае цэлая армія людзей. Аднак дзякуючы канцылярскаму казусу, афіцыйнымі дзяржаўнымі ліцэнзіямі яны аднесеныя да катэгорыі менавіта радыёаматараў.

(Палысаеў: ) “Эфір – гэта наш супольны дом. Мы ўсе тут адно аднаго ведаем. У Беларусі 1500 зарэгістраваных аматарскіх станцыяў. У Менску – каля 500. Зь іх 17 – калектыўныя”.

Усяго ў сьвеце 380 тысяч аматарскіх радыёстанцыяў. Кожная 250-я – беларуская, падлічыла заслужаны майстар спорту Тамара Палысаева. Працуюць яны і з Пухавічамі, і з Лоевам, Сапоцкінам.

Самую высокую ў краіне аматарскую антэну – ажно 18 мэтраў – змайстраваў на ўласным гародзе берасьцейскі вясковец Ігар Кавальчук. На яе ловіцца Бэнін, Японія, Кенія, Антарктыда...

За апошняе пяцігодзьдзе беларусы атрымалі 75 тысяч радыёдыплёмаў з 40 дзяржаваў.

(Палысаеў: ) “Мы размаўляем з усімі радыёаматарамі сьвету. І нам няма розьніцы, ці тое амэрыканец, ці афрыканец, ці японец... Шмат хлопцаў у нас з Амэрыкі, з Ізраілю, Аўстраліі, Акіяніі – практычна з усіх дзяржаваў. У мяне ёсьць генэрал Кабнарыс у Індыі, зь якім мы працуем практычна ўжо гадоў сем”.

Сярод беларускіх радыёаматараў таксама нямала людзей з “генэральскім”, так бы мовіць, статусам. Гэта і міністар сувязі майстар спорту Ўладзімер Ганчарэнка, і касманаўт Пётар Клімук, і прафэсар Валянцін Бензель, і бізнэсовец Уладзімер Сідараў.

На зямлі каля трох мільёнаў аматараў займаюцца кароткімі хвалямі. Палова зь іх у Японіі, 700 тысяч у Штатах, 50 тысяч у Расеі. Вывучыць азбуку Морзэ нескладана, затое цікава.

(Спадар: ) “Першы раз марзянку ўбачылі й пачалі яе вывучаць. Тады тэлеграфных ключоў у нас не было – мы перастукваліся з суседзямі празь сьценку. І такім чынам размаўлялі”.

Гучыць рамантычна. А працягам проста фанатычнай любові сёньняшняга заслужанага майстру спорту Ўладзімера Палысаева да марзянкі стала колішняе юнацкае каханьне з фантастычным фіналам. Пра яго – спадарыня Тамара:

(Палысаева: ) “Калі ў мяне пытаюцца, як я прыйшла да марзянкі, расказваю, што муж выставіў ультыматум: “Не вазьму замуж, пакуль ня вывучыш азбукі Морзэ!”

Гэтая навука заўсёды можа спатрэбіцца: як кажуць, ад астрогу няма перасьцярогу.

(Былы зьняволены: ) “Цяпер няма патрэбы перастуквацца: і ў турме, і ў СІЗО ходзяць “малявы”. “Малявы” дазваляюцца, бо “опэры” іх чытаюць, ім гэта, натуральна, выгадна. Як “конь” ідзе ўверх ці ўніз, трэба толькі тройчы пагрукаць нагой ці швабрай”.

Граф Монтэ Крыста такога б не ўхваліў, бо паважаў традыцыі. А яны моцныя: сёлета ў траўні спаўняецца 160 гадоў, як з азбукі Морзэ пачаўся прарыў чалавецтва да камунікацыяў празь сьценкі ды іншыя перашкоды, да сусьветнага пашырэньня інфармацыйнай прасторы.

Вось як лёгка, нават элегантна, з дапамогаю маладых радыстаў я зьвяртаюся да плянэты Зямля: “Усім! Усім! Усім! Гаворыць Радыё Свабода! З вамі Аляксандар Уліцёнак...” Школьнікі часам памыляюцца, таму хай выбачаюць знаўцы за выпадковую “трасянку”. (Гучаць сыгналы з вышэй пазначанай фразай у азбуцы Морзэ)

Прадчуваю лягічнае пытаньне недасьведчаных: на якой мове прагучаў той зварот – ангельскай, расейскай, беларускай?

(Палысаева: ) “Азбука Морзэ, якая выкарыстоўваецца ў хуткаснай спартыўнай тэлеграфіі, дапускае набор тэксту толькі лацінскімі літарамі. А такіх беларускіх літар, як, напрыклад, “дж” і “дз” няма”.

Гэта не зусім так, але апусьцім філялягічныя нюансы і проста канстатуем: праз спалучэньне літараў на роднай мове абсалютна дакладна перадаецца любы тэкст. Пэўныя складанасьці хіба толькі з апострафам. Аднак найлепшыя словы, якія могуць ўсьцешыць чуйнае нацыянальнае вуха, перадаюцца марзянкаю вельмі лёгка. Слухайце!

(Сыгналы азбукай Морзэ)

Што прагучала? Як вы магчыма здагадаліся, прагучаў заклік: “Жыве Беларусь!”

Дарэчы, першая перададзеная тэлеграфнай азбукай інфармацыя з Вашынгтону ў Балтымар складалася з аднаго сказу: “Дзівосныя справы твае, Госпадзе”.

А з трэцяга траўня гэтага году ў азбуку Морзэ ўпершыню за 60 апошніх год афіцыйна ўведзены новы сымбаль – вядомы з інтэрнэту знак электроннага адрасу, так званы “сабака” ці “сьлімак”: @. Ён гучыць як спалучэньне літараў “в” і “ц”: “ці-та-та-та-ці-та-ці”.

Радыётэлеграфія набірае новае дыханьне, пасьпяхова прыстасоўваецца да рэвалюцыйнай эпохі лічбавых тэхналёгіяў. І Беларусь актыўна гэтаму спрыяе.

(Палысаева: ) “Нашыя спартоўцы па хуткаснай тэлеграфіі адны з наймацнейшых. Андрэй Біндасаў устанавіў сусьветны рэкорд у перадачы літарнага, лічбавага і зьмешанага тэксту. А сярод жанчын абсалютнай чэмпіёнкай ува ўсіх відах праграмы стала Ірына Цяцерская. Такога чалавека больш няма ў сьвеце”.

Пацьвярджаю гэта і я як былы армейскі радыст першай клясы. Фэнамэнальным выглядае і посьпех Андрэя Біндасава – летась ён пераадолеў рубеж, устаноўлены амэрыканскім сяржантам ажно 30 год таму. Дасягненьне беларуса вось-вось будзе занесена ў кнігу рэкордаў Гінэса. Слова – мэгазорцы усясьветнага радыёспорту:

(Біндасаў: ) “Самы моцны мой супернік – Алег Астроўскі са Сьветлагорску. Мы два апошнія гады толькі зь ім і спаборнічаем за першае-другое месца ў сьвеце. А ўжо на трэцяе месца ў сусьветнай клясыфікацыі прэтэндуюць румын і расеец”.

Дыспазыцыя аптымістычная. Гэта згасальная інэрцыя савецкай школы, як тое назіраецца ў беларускім хакеі, біятлёне? Ці тут іншае – вынік разьвіцьця ўжо нацыянальнага радыёаматарства?

(Біндасаў: ) “Ідзе тэндэнцыя адраджэньня. Пасьля вялікіх посьпехаў беларускай каманды на сусьветных пяршынствах да нас прыходзіць вельмі шмат хлопчыкаў і дзяўчатак”.

Выглядае, што радысты й надалей застануцца флягманамі айчыннага спорту на ўсясьветнай арэне. Дарэчы, 10 траўня ў Магілёве адбудзецца неафіцыйнае першынство сьвету: зычым ім посьпеху!

Як па-беларуску выглядае іхная сьціпласьць: найлепшыя з найлепшых – і так мала каму вядомыя... ў сваёй краіне. А замежжа на іх моліцца. Вось дзе ўжо праўда: “вялікае відаць на адлегласьці”. Быццам у ваду глядзеў бацька азбукі, сын прапаведніка Сэм’юэл Фінлі Брыз Морзэ, калі тэлеграфаваў, памятаеце: “Дзівосныя справы твае, Госпадзе”. Дык мо папрасіць неба аднавіць справядлівасьць? Каб жыла Беларусь радасьцю пераможцаў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG