Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУПАЛАЎСКІМ АДБЫЛАСЯ ПРЭМ’ЕРА СПЭКТАКЛЮ ПАВОДЛЕ АПОВЕСЬЦІ БЫКАВА “АЛЬПІЙСКАЯ БАЛЯДА”


Галіна Абакунчык, Менск

Раней “Альпійская баляда” была экранізаваная ў аднайменным мастацкім фільме. Таксама быў пастаўлены балет. Прэм’ерны паказ спэктаклю “Баляда пра каханьне” прайшоў з аншлягам.

Лірычныя мэлёдыі, якія перамяжоўваюцца з выбухамі, стрэламі й брэхам сабак, — амаль адзінае аздабленьне, якое стварае ў спэктаклі атмасфэру вайны. Дэкарацыі амаль адсутнічаюць, але вялікае значэньне нададзенае плястыцы, кожны рух актораў шматзначны і шматмоўны. Аўтары спэктаклю кажуць, што гэта ёсьць адмысловым прачытаньнем Быкава, у якога кожнае слова несла вялікую сэнсавую нагрузку. Гаворыць балетмайстар спэктаклю Яўгенія Кульбачная:

(Кульбачная: ) “Гэты спэктакль пра каханьне. І мне хацелася б, каб яго паглядзела як мага болей моладзі. Бо тое, што напісаў Быкаў, праз тую плястыку, больш выразна, больш дакладна адлюстроўваецца ў гэтым спэктаклі”.

Цягам усяго спэктаклю (а гэта паўтары гадзіны) на сцэне толькі два акторы — выканаўцы роляў Івана і Джуліі. Гэткім чынам утрымаць увагу гледачоў надзвычай складана, але выканаўца галоўнай ролі Ганна Хітрык кажа, што для яе найбольшай складанасьцю сталася мова.

(Хітрык: ) “Беларуская мова — яна як песьня льецца. А італьянцы кажуць неяк абрывіста, дзіўна й вельмі складана. Я не магла паверыць, што калі-небудзь скажу што-небудзь, як італьянка”.

Акрамя непасрэднага зьместу аповесьці “Альпійская баляда”, у спэктаклі гучаць маналёгі Івана Цярэшкі, якія ёсьць урыўкамі з кнігі “Доўгая дарога дадому” Васіля Быкава. Актор Раман Падаляка кажа, што для яго гэта была незвычайная роля:

(Падаляка: ) “Для мяне гэта сапраўды гонар — удзельнічаць у спэктаклі паводле Васіля Быкава. Бо для мяне ён — чалвек сумленьня, чалавек, які не баяўся казаць праўду”.

Рэжысэр і сцэнарыст “Баляды пра каханьне” Ўладзімер Савіцкі кажа, што прысьвяціў спэктакль усім бязьвінным ахвярам тае вайны. І зрабіў гэта паводле творчасьці Васіля Быкава адмыслова. Гаворыць Уладзімер Савіцкі:

(Савіцкі: ) “Такой глыбіні, такога болю, такой пранізьлівай ноты на ваенную тэму пэўна не дасьледаваў ніводзін пісьменьнік, ніводзін літаратар. Быкаў, які ёсьць нашым сучасьнікам, адначасна ёсьць асобаю недасягальнай вышыні. Народ, нацыя павінныя быць удзячныя лёсу і таму, што Бог не пакідае народ без такіх людзей”.

Заля Малой сцэны Купалаўскага тэатру, дзе адбылася прэм’ера, была поўная. Таксама раскупленыя ўсе квіткі й на другі паказ, які адбудзецца 8 траўня. Тым, хто прыйдзе паглядзець “Баляду пра каханьне”, нагадаю, што “Альпійскую баляду” — пра каханьне італьянкі Джуліі й беларускага хлопца Івана — Васіль Быкаў напісаў паводле гісторыі, пачутай ім на фронце. Пра гэта ён распавёў у сваёй апошняй кнізе “Доўгая дарога дадому”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG