Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ СПАДЗЯЮЦЦА НА ПАШЫРЭНЬНЕ ДАПАМОГІ З БОКУ ЭЎРАКАМІСІІ


Уладзімер Глод, Менск

Улады спадзяюцца, што пашырэньне Эўразьвязу павялічыць і аб’ёмы тэхнічнай дапамогі, якая выдаецца краінам, што маюць агульную мяжу з Эўразьвязам. Наколькі гэтыя надзеі абгрунтаваныя?

З аднаго боку, Эўракамісія сапраўды мае даволі вялікія сродкі, перадусім для праектаў, якія тычацца адначасова некалькіх краін, як сябраў Эўразьвязу, так і іх непасрэдных суседзяў. Прыкладам таму, аднаўленьне Аўгустоўскага каналу. Яшчэ адзін прыклад — зьніжэньне забруджаньня Нёману і паляпшэньне якасьці вады ў рацэ. Наагул, транспамежныя і рэгіянальныя праблемы даволі ахвотна фінансуюцца Эўракамісіяй.

Але ёсьць і іншая думка. Напрыклад, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, які задаваў пытаньне прэм’еру Сяргею Сідорскаму наконт пэрспэктываў супрацоўніцтва Беларусі й Эўразьвязу, аптымізму беларускай улады не падзяляе.

(Скрабец: ) “На словах гэтыя дачыненьні паляпшаюцца, а на самой справе яны робяцца ўсё горш і горш. Ёсьць такія сумныя прыклады: нядаўна зь Беларусі выслалі польскага вайсковага аташэ; прэм’ер Сідорскі не паехаў у Варшаву на перамовы з прадстаўнікамі польскага ўраду; згадаю даклад Пургурыдэса ў Страсбуры; вельмі жорсткую рэзалюцыю ААН… Улады трубяць, што у нас вельмі добрыя адносіны, а на самой справе яны пагаршаюцца”.

Прадстаўнікі беларускіх уладаў апошнім часам часта скардзяцца, што быццам бы аб’яднаная Эўропа зьвяртае куды больш увагі ў якасьці новых суседзяў на Ўкраіну і Малдову, чым на Беларусь.

Я папрасіў выказаць сваё меркаваньне на гэты конт Стэфана Шмялеўскага — амбасадара Францыі ў Беларусі — краіна, якая тут патрануе справы Эўразьвязу. Ён лічыць, што для Эўразьвязу кожны зь яго суседзяў аднолькава важны, хаця параўноўваць тут цяжка, паколькі кожная краіна мае свае асаблівасьці.

(Шмялеўскі: ) “Калі ў гэтым штосьці і ёсьць, то адказнасьць за гэта ў пэўнай ступені ляжыць на Беларусі. Што я хачу гэтым сказаць? З боку Эўропы жаданьне весьці дыялёг зь Беларусьсю існуе заўжды. Аднак пытаньне ў тым, якім чынам яго пачаць. У глябальным маштабе цяпер прасьцей весьці дыялёг з Малдовай, чым зь Беларусьсю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG