Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВАРАЛЬНІК PESNIARY.COM ІЗНОЎ У СУДЗЕ


Любоў Лунёва, Менск

У Менскі раённы суд прыйшлі каля дзясятка чалавек, якія зацікавіліся гэтай справай. Судзьдзя Аляксандар Тачкар заслухаў прэтэнзіі фірмы “РУПІС” да Хведара Караленкі.

Абаронца Хведара Андрэй Бастунец мае ліст ад дачкі Ўладзіміра Мулявіна Марыны аб тым, што яна ня мае ніякіх прэтэнзіяў да аўтара сайту.

Некалькі чалавек пажадалі выступіць у якасьці сьведак. Адзін зь іх, Сяргей Шкуратаў, даведаўся пра суд з сайтаў Радыё Свабода і Pesniary.com, ён даўні прыхільнік ансамблю “Песьняры”:

(Шкуратаў: ) “Хведар – малайчына. Гэта найлепшы рэсурс у сетцы, прысьвечаны “Песьнярам”. Мне незразумела, чаму Лучанок мае прэтэнзіі да Хведара, калі той яго рэклямуе. Каму бы ён быў патрэбен у наш час? Я прыхільнік “Песьняроў” з 1970 году. Гэта найлепшая група ўсіх часоў і народаў. Яна можа стаяць у адным шэрагу з “Beatles”. Я сам расеец і ў Менску жыву толькі апошнія тры гады. Жыў каля Шушанскага, там, дзе Ленін быў у выгнаньні. Я быў на канцэрце, здымаў “Песьняроў”. Мне мае сябры-спартоўцы прывозілі зь Беларусі газэты і часопісы, дзе было нешта пра іх… “Работніца і сялянка”… Зьбіраў пра іх артыкулы. А наконт суду, я абураны, што за такую добрую справу чалавека яшчэ і судзяць”.

Хведар Караленка спадзяецца, што суд разьбярэцца ва ўсіх акалічнасьцях і спыніць справу.

(Караленка: ) “Я ніякай карысьці ад гэтага сайту ня меў, наадварот, марнаваў свой вольны час і свае грошы на тое, каб стварыць віртуальны музэй “Песьнярам”, каб захоўвалася памяць пра іх. Чаму мяне зрабілі крайнім, незразумела. Я рабіў усё дзеля папулярызацыі “Песьняроў”, зь любоўю да іх і з павагаю, а зь мяне зрабілі нейкага злачынцу, пірата. Усе выканаўцы з “Песьняроў”, зь якімі я меў стасункі, выказвалі мне падзяку. Гэта і Анатоль Кашапараў, і Уладзімір Мікалаеў, і Барыс Бэрнштэйн, і Валеры Дайнэка – усе, з кім я меў стасункі, сустракаўся. Яны мне ўдзячныя.”

Назіральнікі ў судзе тлумачылі зацікаўленасьць у справе фірмы “РУПІС” менавіта тым, што яна сама зьяўляецца выдаўцом альбому “Песьні Ігара Лучанка ў выкананьні ансамблю “Песьняры””, які каштуе 25 тысяч рублёў. Прысутныя выказвалі меркаваньне, што, магчыма, прадстаўнікі фірмы ўбачылі пагрозу свайму камэрцыйнаму праекту з боку сайту.

Намесьнік дырэктара фірмы “РУПІС” Андрэй Шэлест паведаміў Радыё Свабода:

(Шэлест: ) “Забаронена выкарыстоўваць творы якім-небудзь чынам без дазволу аўтараў. А дазволу не атрымалі — значыць, гэта ёсьць парушэньнем маёмасных аўтарскіх правоў. У дадзеным выпадку гэта права на распаўсюд і паведамленьне для ўсеагульнага ведама. Яны мусілі ўзяць дазвол у аўтара кожнай песьні. Прэтэнзіі ня толькі да тых песень, дзе аўтар Лучанок, але і да тых, якія напісаў Уладзімер Мулявін, а таксама шэраг расейскіх аўтараў. З нашчадкамі ў нас заключаная дамова. Нам ня трэба зваротаў ад нашчадкаў, калі мы кіруем іх маёмаснымі правамі. Калі мы бачым парушэньні, то самі можам ініцыяваць працэс”.

Абаронца Хведара Андрэй Бастунец заявіў хадайніцтва з просьбай высьветліць, чаму пратакол складзены ў абласным аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі і накіраваны ў раённы суд. Судзьдзя накіраваў справу на пераафармленьне.

Гл. таксама
• СУДЗЯЦЬ СТВАРАЛЬНІКА САЙТУ PESNIARY.COM
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG