Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЧУВАЦЬ ПРА ГАЛІНУ ЖУРАЎКОВУ І ЯГОРА РЫБАКОВА?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ягор Рыбакоў указам Аляксандра Лукашэнкі быў вызвалены з пасады старшыні Белтэлерадыёкампаніі 13 лютага, а праз два дні ў Беларусі даведаліся, што 33-гадовы кіраўнік дзяржаўнага тэлебачаньня ў той жа дзень зьмешчаны ў ізалятар КГБ, у так званую “амэрыканку”, куды звычайна зьмяшчаюць самых небясьпечных злачынцаў. Там Ягор Рыбакоў сядзіць дагэтуль, хаця ягоную справу расьсьледуе пракуратура, а ня сьледчыя КГБ. Абвінавачаньні Рыбакову вылучаныя цяжкія — яго падазраюць у хабарніцтве, крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці і злоўжываньнях службовым становішчам. Паводле афіцыйна абвешчаных зьвестак, у Ягора Рыбакова знайшлі 100 тысяч даляраў нібыта крадзеных грошай. Між тым, неафіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што насамрэч гэтая сума ў дзесяць разоў большая. Што новага вядома пра справу Ягора Рыбакова?

Сьледчы Канстанцін Бацяноўскі з рэспубліканскай пракуратуры, які вядзе сьледзтва, адмаўляецца ўвогуле кантактаваць з журналістамі й нават не паведамляе прозьвішча адваката, які абараняе Рыбакова. Ад іншых супрацоўнікаў пракуратуры журналісты ўжо чулі папярэджаньні не пісаць пра справу Рыбакова, бо “ён альбо ягоныя сваякі могуць падаць на журналістаў у суд”. Пры гэтым у прыватных размовах не выключаецца, што Рыбакова да суду могуць вызваліць з-пад варты, як гэта было зь іншым вылучэнцам Аляксандра Лукашэнкі — былым кіраўніком беларускай чыгункі Віктарам Рахманьком. Былы “сэнатар” Рахманько таксама спачатку абвінавачваўся ў шэрагу сур’ёзных злачынстваў, але ў выніку да суду адседзеў толькі чатыры месяцы ў ізалятары і больш за краты не вярнуўся.

Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі дагэтуль абмяркоўваюць магчымасьць таго, што Ягор Рыбакоў хутка можа апынуцца на волі. Прыкметы гэтага бачаць у тым, як арышт Рыбакова паўплываў на кар’еры ягоных памочнікаў. Спартак Севярын, які працуе ў Белтэлерадыёкампаніі, заўважае:

(Севярын: ) “Абсалютна нічога новага. Можа, там наверсе ў дырэкторыі і адчуваецца нешта, але тут на нізе ўсё ціха. Як сядзелі пры Рыбакове, гэтак сядзім і цяпер. Толькі фінансавыя камісіі, правяральнікі робяць часова нейкі маленькі гвалт. І ўсё. І тыя хлопцы з Магілёва як сядзелі, гэтак спакойненька і сядзяць”.

Між тым, паводле кіраўніка прэсавай службы рэспубліканскай пракуратуры Юрыя Азаронка, расьсьледаваньне справы Рыбакова працягваецца. Вядуцца пэўныя сьледчыя дзеяньні ў тым ліку на тэлебачаньні. Юры Азаронак не назваў прыблізных тэрмінаў перадачы справы ў суд, але спадзяецца, што гэта адбудзецца.

У такім жа засакрэчаным стане і крымінальная справа былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіны Жураўковай, якая апынулася ў “амэрыканцы” за два тыдні да Ягора Рыбакова. Яе справу вядзе КГБ з дапамогай Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. У справе фігуруюць ажно 2 мільёны даляраў, нібыта скрадзеных з дапамогай былой кіраўніцы. Аднак, паводле зьвестак, Галіна Жураўкова сваю віну прызнае толькі часткова. Нібыта накладзены арышт на нерухомасьць, якая належыць Галіне Жураўковай. Паводле адмыслоўцаў, гэта адразу некалькі аб’ектаў, але дакладных зьвестак няма. Тое самае сьцьвярджаюць і пра маёмасьць Ягора Рыбакова, які валодаў шыкоўнай кватэрай у Менску і нібыта домам у Белавескай пушчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG