Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БУДУЦЬ АДНАЎЛЯЦЬ ГАТЭЛЬ “ЭЎРОПА”?


Юлія Шарова, Менск

Як паведаміў галоўны архітэктар Менску Руслан Белагорцаў, рэканструкцыя гатэлю “Эўропа” пакуль яшчэ, так бы мовіць, праект праекту — дакумэнтацыі на новы будынак няма.

(Белагорцаў: ) “Эскіз будзе гатовы, як належыць, адпраўлены на ўзгадненьне ў дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны пры Мінкультуры. Пасьля іхнага заключэньня будзем рухацца далей”.

На пытаньне, якую плошчу будзе займаць будынак, спадар Белагорцаў адказаў, што ён павінен адпавядаць даваенным узорам. Для гэтага, калі разважаць лягічна, давядзецца зьнесьці частку сквэру і дому па вуліцы Леніна, але галоўны архітэктар сталіцы запэўніў, што вуліца і дом застануцца незакранутымі. На пытаньне, ці закране будаўніцтва падмурак разбуранага тэатру, ён адказваць ня стаў.

Начальнік упраўленьня аховы гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі сказаў, што пакуль не гатовы разважаць на гэтую тэму, бо ніякіх праектаў ініцыятары рэканструкцыі не далі. Аднак у прынцыпе спадар Чарняўскі лічыць такі праект магчымым пры пэўных умовах: археалягічная экспэртыза ды адлюстраваньне важнага гістарычнага факту — прэм’ера першай беларускай опэры. А як архітэктары гэта будуць адлюстроўваць, ён нічога ня можа сказаць.

У той жа час прадстаўнік Міністэрства культуры мяркуе, што ў выпадку пераносу падмурка гатэлю на 15 мэтраў у бок ад вуліцы Леніна не адпавядае задачам рэканструкцыі.

(Чарняўскі: ) “Вось ратуша, хоць інтэр’еру там няма, вонкава і паводле месцазнаходжаньня села на сваё месца. Такі прыём дапушчальны. Мы ўсе разумеем, што гэта муляж, але муляжаваньне знакавых будынкаў дапушчальнае. А тут што муляжаваць? Тая пляма меншая памерам, чым гатэль “Эўропа”, ссунутая ўбок, не на сваіх падмурках. Ну й пайшло-паехала. Гэта такая ўжо бутафорыя будзе…”

Спадар Чарняўскі таксама зьвярнуў увагу на тое, што пляма, на якой хочуць узьвесьці па сутнасьці новы будынак, не зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю зь юрыдычнага гледзішча. Таму на кавалачку зямлі побач з Акадэміяй музыкі і домам па вуліцы Леніна можна будаваць што заўгодна, але ў пэўных парамэтрах. Зразумела ж, перад тым як зацьвердзіць праект, трэба будзе правесьці археалягічныя дасьледаваньні — яны і пакажуць, ці захаваліся на тым месцы нейкія гістарычныя падмуркі, на якіх можна нешта ўзводзіць, сказаў Ігар Чарняўскі ў гутарцы са мной.

Доктар мастацтвазнаўства і гісторык архітэктуры Тамара Габрусь, якая ў свой час актыўна змагалася за захаваньне будынку тэатру, на цяперашнюю сытуацыю глядзіць пэсымістычна:

(Габрусь: ) “Тэатар яны не адновяць усё роўна. Засталася тая барацьба, якую мы некалі вялі, каб яго не разбуралі, але разбурылі, а з таго часу ўжо і забыць пасьпелі. Мы за будынак, які каля Сьвятадухавай царквы 19/21, колькі мы за яго змагаліся! Але разбурылі й забылі. Я ня ведаю, у каго яшчэ хопіць сіл, каб за гэта змагацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG