Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 5 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

5 траўня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень друку. Гэта яшчэ савецкае сьвята. Яго ўстанавілі з нагоды выхаду першага нумару расейскай бальшавіцкай газэты "Правда" ў 1912 годзе. "Правда" была галоўнай газэтай у СССР, але разам з распадам Савецкага Саюзу ў 1991 годзе страціла сваё значэньне. З таго самага часу і савецкі Дзень друку перасталі адзначаць паўсюль, у тым ліку і ў Расеі. Сёньняшняя Беларусь – адзіная краіна, дзе працягваюць ушаноўваць дзень выхаду газэты "Правда" адмысловым дзяржаўным сьвятам.

5 траўня 1819 году ў Менску нарадзіўся слынны кампазытар Станіслаў Манюшка. Ён скончыў Менскую гімназію і належаў да тагачаснай гарадзкой культурнай эліты. Таксама ў Менску адбылася прэм'ера ягонай опэры "Сялянка", лібрэта да якой напісаў Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Будынак, у якім адбылася прэм'ера, зьнесьлі дваццаць гадоў таму, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці. Дарэчы, менавіта з тых пратэстаў пачаўся ў Беларусі сучасны дэмакратычны рух.

Калі Манюшку сёньня ведаюць і шануюць ва ўсім сьвеце як заснавальніка польскай опэры, дык ягонага земляка Ўладзіслава Борзабагатага, які таксама нарадзіўся 5 траўня – у 1831 годзе, прыгадваюць толькі спэцыялісты-гісторыкі. Між тым, Борзабагаты ў часе паўстаньня Кастуся Каліноўскага змагаўся за незалежнасьць Бацькаўшчыны, быў паўстанцкім камісарам Наваградзкага павету. Ад сьмяротнага пакараньня доктара Борзабагатага ўратавалі ўцёкі ў Францыю, дзе ў часе Парыскае камуны наш зямляк стаў галоўным лекарам у шпіталі камунараў.

А яшчэ 5 траўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет ангельскі рэвалюцыянэр Олівэр Кромвэль, дацкі філёзаф Сёрэн К'еркегор, польскі раманіст і нобэлеўскі ляўрэат Генрык Сянкевіч, які шмат пісаў пра беларускую гісторыю, і нямецкі заснавальнік марксізму Карл Маркс, чыё імя і сёньня шануецца ў Беларусі. Мэмуарысты згадваюць, што ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя, у часе бальшавіцкай барацьбы з рэлігіяй, у беларускіх вёсках ваяўнічыя бязбожнікі на месца скінутых сьвятых абразоў вешалі менавіта Марксавы партрэты. Відаць, прычына была ў пышнай барадзе, што надавала Марксу падабенства да Бога на тагачасных лубочных малюнках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG