Можна меркаваць, што ня маючы досьведу будаўніцтва падобных высотных аб’ектаў, урад зьвернецца да замежных адмыслоўцаў? Калі сыходзіць зь лёгікі, так павінна было б здарыцца. Аднак міністар архітэктуры і будаўніцтва Генадзь Курачкін, які асабіста будзе адказваць за будаўніцтва, адназначна даў зразумець: “бацькамі” менскай тэлевежы стануць беларускія архітэктары.
Ім давядзецца перанесьці з паперы на грунт маналітны слуп вышынёй 250 мэтраў, на які, у сваю чаргу, будзе “насаджаная” 170-мэтровая мэталічная канструкцыя. І калі адразу ва ўрадзе арыентаваліся на расейскі і нямецкі праекты жалезабэтонных тэлевежаў, то ўрэшце спыніліся на такім вось “зьмешаным” варыянце.
Як удалося высьветліць, нясучую частку будзе вырабляць Маладэчанскі завод мэталаканстукцыяў; цэмэнт, арматура і фарбы таксама будуць замоўленыя ў мясцовых вытворцаў: на БМЗ ў Жлобіне, на Ваўкавыскім цэмэнтным заводзе і ў лідзкіх вытворцаў фарбы.
З замежнага досьведу ўзятая хіба толькі практыка прапіскі ў тэлевежы рэстарацыі: яе плянуюць падняць на 250 мэтраў ад паверхні зямлі. Увогуле, як сказаў адзін з чыноўнікаў міністэрства сувязі, вышэй за менскую тэлевежу будуць толькі зоркі.
Паводле Ўсясьветнай фэдэрацыі высотных збудаваньняў, калі менскую вежу ўсё ж узьвядуць, у Эўропе яна будзе саступаць Астанкінскай тэлевежы ў Маскве, вышыня якой 545 мэтраў, а ў сьвеце зойме чацьвертае месца пасьля вежы ў канадыйскім Таронта (553 мэтраў), згаданай ужо Астанкінскай вежы і вежы ў Шанхаі (кітайская вежа мае вышыню 468 мэтраў).
Ці вядома, якія выдаткі пацягне такі глябальны праект? Лічбы ўжо некалькі разоў карэктаваліся. Адразу міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка казаў, што кошт праекту складзе $50 мільёнаў. Але калі я ўчора затэлефанаваў у міністэрства, то пачуў іншую суму – блізу 90 мільёнаў даляраў. Прычым, крыніцы фінансаваньня яшчэ канчаткова так і ня вызначаныя.
Выступаючы ў палаце прадстаўнікоў, Ганчарэнка выказаўся вельмі неакрэсьлена: "Нешта папросім у прэзыдэнта, штосьці ў Менгарвыканкама, тоё-сёе знойдзем у Мінсувязі, крыху дапамогуць камэрцыйныя структуры".
Але абвешчана, што замежныя інвэстыцыі прыцягвацца ня будуць. Справа ў тым, што ўпершыню пра тэлевежу загаварылі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, але на пошук генэральнага інвэстара, паводле Ганчарэнкі, было змарнавана 4 гады. Цяперашнім дзяржплянам на будаўніцтва вежы адведзена 34 месяцы, што ў практыцы падобных праектаў надзвычай мала. Але, паколькі справа знаходзіцца на асабістым кантролі Лукашэнкі, ударныя тэмпы будаўніцтву забясьпечаныя.
У часе такіх складаных будаўнічых работ на першае месца мусіць выносіцца пытаньне бясьпекі – асабліва з улікам безабароннасьці гмахаў падчас тэрарыстычных атакаў, як у выпадку з вежамі Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. Стаўленьне да хмарачосаў у сьвеце зьмяняецца. Летась я пабываў у самым высокім хмарачосе ў сьвеце – “Sear’s Tower” у Чыкага. Супрацоўнікі офісаў не хавалі, што вялізны будынак заняты меней, чым на 80%: пасьля верасьня 2001-га арэндаваць паверхі на 400-мэтровай вышыні стала небясьпечна.
Але, паводле зьвестак, памеры менскага гіганту могуць яшчэ адкарэктаваць на карысьць падвышэньня. Лукашэнка ў размове з мэрам Масквы Лужковым летась сказаў: Менск нічым ня горшы за Маскву, і ўсе урбаністычныя дасягненьні цалкам кладуцца на беларускую глебу.
Мелася на ўвазе рашэньне мэрыі пабудаваць у Маскве 90 хмарачосаў ад 50 да 100 паверхаў. Зь іншага боку, нідзе ў сьвеце тэлевежы такіх памераў ужо не будуюць: апроч пытаньняў бясьпекі, тут і спэцыфіка разьвіцьця сучасных камунікацыяў. Сыгнал усё часьцей дастаўляюць праз кабэль, спадарожнікі ці інтэрнэт. Усталёўваць антэны на максымальнай вышыні ад зямлі проста няма патрэбы. Гэта ж тычыцца і другога глябальнага праекту ўладаў – будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. У эру кампутарызацыі архіваў кнігасховішчы такіх памераў выглядаюць занадта эпатажна.