Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІНАЛІСТЫ КОНКУРСУ “ТВОР ПРА КАХАНЬНЕ” ЧЫТАЮЦЬ СВАЕ ТВОРЫ


Валянціна Аксак, Менск

Конкурс наладзіў беларускі ПЭН-цэнтар і называўся ён “Твор пра каханьне” невыпадкова, бо як вядома любоўная лірыка вялікага італьянца і праз 700 гадоў пасьля яе напісаньня лічыцца непераўзыдзенай.

Выступаючы на адкрыцьці ўчорашняй вечарыны старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі сказаў, што ў гэтай тэме ў маладых ва ўсе часы ёсьць найбольш шанцаў для раскрыцьця сваіх талентаў. А каардынатар конкурсу паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч дадаў, што пасьля вялікіх паэтаў сорамна пісаць дрэнныя вершы пра каханьне.

Таму фіналістам конкурсу цягам чатырохдзённых майстар-клясаў было прапанавана ў ліку іншага зрабіць пераклады санэтаў Пятраркі. Якія яны, апрача сваіх уласных твораў, чыталі на вечарыне.

На конкурс даслалі свае вершы, апавяданьні, эсэ і нават творы ў мала распаўсюджаным пакуль у беларускай літаратуры жанры фэнтэзі 117 чалавек. У фінал выйшлі 17. Пераважная бальшыня зь іх – студэнты розных менскіх вышэйшых навучальных установаў і сталічныя старшаклясьнікі. Яшчэ адна дзяўчынка – зь Віцебшчыны, адна – з Гомелю, і адна – з польскага гораду Познань.

У журы і прысутнае публікі ад твораў фіналістаў конкурсу склалася надзвычай прыемныя ўражаньні: цудоўнае пачуваньне разьняволенасьці ў слове, дакладныя вобразы і мэтафары, арганічная ўрбаністычная лексыка.

Новых аўтараў, як выказалася крытык Ганна Кісьліцына, не заядае распаўсюджаная сярод старэйшых жаба зайздрасьці да чужога посьпеху. Яны ўмеюць слухаць і чуць адзін аднаго і шчыра захапляцца творамі іншых. Яны начытаныя, дасьведчаныя, іранічныя і дасьціпныя. Цягам трох гадзінаў публіка не засумавала, хоць ніякіх тэатральных эфэктаў не было. Не было і ніводнага традыцыйнага жалобнага енку пра цяжкую долю і нялітасьцівы лёс беларусаў. Слухаючы новых беларускіх творцаў, якіх адкрыў конкурс, праведзены ПЭН-цэнтрам, стала спакойней за будучыню беларускае літаратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG