Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ПРЫЗНАЛА НЕЗАКОННАЙ ДЗЕЙНАСЬЦЬ ВІЦЕБСКАГА ПРАФСАЮЗУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ “ПЭРСПЭКТЫВА”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пра тое, што Віцебскі прафсаюз прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” прызнаны нелегітымным, ягоны старшыня Анатоль Шапавалаў даведаўся толькі празь месяц пасьля таго, як гарадзкая пракуратура прыняла адпаведнае рашэньне. Паводле ягоных словаў, праверка дзейнасьці прафсаюзу была ініцыяваная гарвыканкамам, і пра вынікі яму таксама стала вядома ў гэтай установе, калі чыноўнікі пачалі адмаўляцца ад сустрэчаў зь ім дзеля вырашэньня спрэчных пытаньняў.

(Шапавалаў: ) “Быў ліст ад спадарыні Аленскай, намесьніцы старшыні гарвыканкаму, каб праверылі дзейнасьць нашае арганізацыі — ці адпавядае яна запісаным у статуце мэтам ды задачам. Гэткую праверку там правялі. І вось — рашэньне пракуратуры пра спыненьне нашае працы. Ёсьць ужо і рашэньне Чыгуначнага райвыканкаму пра скасаваньне нашае арганізацыі. Гэтых папераў нам ніхто не дасылаў, я мусіў сам пайсьці ды ва ўсім пераканацца”.

Афіцыйнай прычынай скасаваньня прадпрымальніцкага прафсаюзу сталася адзінае слова ў ягоным статуце: тым запісана, што ён ёсьць агульнай першаснай суполкай, а таму, паводле меркаваньня пракуратуры, яна мусіць складацца зь нейкіх падпарадкаваных структураў, чаго насамрэч няма.

Анатоль Шапавалаў кажа, што прадпрымальнікі ніколі ня мелі на мэце стварэньне асобных суполак, да прыкладу, гандляроў, уладальнікаў таксовак або прыватных крамаў. І менавіта таму, на ягоную думку, агульны прафсаюз ёсьць вялікай і досыць дзейснай арганізацыяй, якая, дарэчы, да пэўнага часу ня мела заўвагаў адносна свае пабудовы.

(Шапавалаў: ) “Мы спакойна праіснавалі год і яшчэ некалькі месяцаў. Ніякіх пытаньняў не было! А потым прайшла галадоўка, пачаліся суды з гарвыканкамам… Зразумела, што ўлады проста хочуць нам затнуць рот: маўляў, вас ужо зачынілі, і няма пра што з вамі размаўляць. Такая ў нашай дзяржаве свабода слова!”

Дзеля захаваньня прафсаюзу ягоны актыў вырашыў тэрмінова прайсьці перарэгістрацыю, каб ажыцьцяўляць тую самую дзейнасьць, але ўжо пад іншай назвай. Хаця ў тым, што арганізацыя ўвогуле будзе зарэгістраваная, таксама існуе пэўны сумнеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG