Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КВАСЬНЕЎСКІ: “ПОЛЬШЧА ВЯРТАЕЦЦА Ў ЭЎРАПЕЙСКУЮ СЯМ’Ю”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Цяпер я знаходжуся на пляцы Пілсудзкага, у самым цэнтры Варшавы, дзе ўчора у 24.00, у прысутнасьці прэзыдэнта, першага прэм’ер-міністра вольнай Польшчы Тадэвуша Мазавецкага, пад аплядысмэнты тысячаў жыхароў польскай сталіцы быў урачыста ўзьняты сьцяг Эўрапейскага Зьвязу.

Прапаную паслухаць кавалак запісу з учорашняга звароту да прысутных Аляксандра Квасьнеўскага.

(Квасьнеўскі: ) “Вось сёньня мара становіцца рэчаіснасьцю. Сёньня Польшча вяртаецца ў эўрапейскую сям’ю. Полькі, палякі, эўрапейцы, вітаю вас у супольнай Эўропе!”

І ў Варшаве, і ў іншых польскіх гарадох далучэньне Польшчы да Эўразьвязу было адзначанае канцэртамі, файэрвэркамі, спэктаклямі і, натуральна, шампанскім.

Мінулае начы тут на пляцы Пілсудзкага я размаўляў з палякамі пра іхныя адчуваньні і пра тое, ці хацелі б яны бачыць у аб’яднанай Эўропе і суседнюю Беларусь. Давайце паслухаем некаторыя меркаваньні.

(Жыхар Варшавы: ) “Вы пытаецеся, чаму я радуюся? Таму, што споўнілася тое, пра што мы марылі шмат гадоў. Прынамсі, большасьць з тых, хто жыве ў гэтай краіне”.

(Карэспандэнт: ) “А што б вы пажадалі тым народам, якія застаюцца па-за Эўразьвязам, хаця гістарычна належаць да Эўропы”.

(Жыхар Варшавы: ) “Мы спадзяемся, што для гэтых народаў таксама прыйдзе дзень, калі яны змогуць свабодна падарожнічаць, жыць у краіне дэмакратычнай, са свабоднай гаспадаркай. Было б вельмі добра, каб беларусы сталі грамадзянамі Эўрапейскага Зьвязу, як і іншыя эўрапейскія народы”.

(Іншы жыхар Варшавы: ) “Пакуль ва ўладзе ў Беларусі Лукашэнка, дык я ня думаю, каб гэта было магчымае”.

І на тое самае пытаньне для Радыё Свабода адказвае адзін зь лідэраў колішняй “Салідарнасьці” і былы міністар абароны Польшы Браніслаў Камароўскі:

(Камароўскі: ) “Польшча старалася быць адвакатам нашы суседзяў у іхным руху на Захад. Гэтак было ў выпадку, напрыклад, прыбалтыйскіх краінаў. І мы марым пра тое, каб у такім самым кірунку пайшла і Беларусь. Але гэта ад саміх беларусаў залежыць, каб яны выбралі шлях на Захад, а не на Ўсход. У гэтым палякі заўсёды беларусаў падтрымаюць, бо мы добра памятаем і ведаем, якую цану трэба заплаціць, каб прабіцца да свабоднага сьвету”.

Гэтак казалі жыхары Варшавы, у тым ліку, былы міністар абароны Браніслаў Камароўскі.

Напрыканцы яшчэ адзначу, што, паводле паведамленьняў з польска-беларускай мяжы, беларусы, які ехалі ў Польшчу ўжо ўначы, шчыра віншавалі палякаў з далучэньнем іхнай краіны да Эўразьвязу. Прычым, паведамляючы пра гэта, польскія мэдыі заўсёды адзначаюць “радаваліся, у адрозьненьне ад афіцыйных уладаў”.

А на межах Польшчы зь Нямеччынай, Славаччынай, Чэхіяй ужо ніхто ня спраўджвае багаж. Ехаць у гэтыя краіны можна без пашпарту – а толькі з пасьведчаньнем асобы.

Ад сёньняшняга дня ў польскіх крамах можна будзе таксама плаціць у эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG