Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ СТАВЯЦЦА ДА РЭЗАЛЮЦЫІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Многія людзі казалі, што зусім не разьбіраюцца ў палітыцы, таму ня могуць сказаць нічога пэўнага адносна прынятай Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы рэзалюцыі. Але ёсьць нямала тых, хто мае на гэты конт сваю думку. Вось меркаваньні тых людзей, якія падтрымліваюць прынятую рэзалюцыю:

(Спадар: ) “Стаўлюся да гэтага цудоўна. Гэта трэба рабіць. Бо ў нас справы ня вельмі добрыя. Няма ніякага парадку, чалавек ня можа тут жыць у прымальных умовах. Нічога добрага ў нас ня будзе, калі будзе такая ўлада. А прэзыдэнта Лукашэнку нельга дапускаць да кіраваньня нашай радзімай”.

(Спадар: ) “Я вітаю гэту рэзалюцыю, бо нядобра тут з дэмакратыяй. І гэта ўплывае на жыцьцё, на ўсіх людзей, на эканоміку, на адносіны зь іншымі краінамі. Таму, мне здаецца, яны зрабілі слушна”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што гэта добрае рашэньне. Бо трэба пакараць тых, хто вінаваты”.

(Хлопец: ) “Усе дзеяньні нашай гэтак званай адміністрацыі прэзыдэнта павінны быць адкрытыя і празрыстыя. І кожны чалавек павінен ведаць, што яны робяць. Да рэзалюцыі стаўлюся добра і хачу, каб усё было вядома простым людзям, што робіцца ў краіне”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта слушнае рашэньне, бо нашыя ўлады не зусім адпавядаюць усясьветнаму і эўрапейскаму стандарту”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, калі яны вінаватыя, то павінны адказваць паводле закону”.

(Хлопец: ) “Я абсалютна станоўча ўспрымаю гэтую рэзалюцыю, і думаю, што яна стала вынікам менавіта той дзейнасьці беларускіх уладаў, якую яны праводзяць. І яны абсалютна гэтага заслужылі. І тое, што цяпер іх, магчыма, будуць перасьледаваць у краінах Эўропы, абсалютна станоўча ўспрымаю”.

(Дзяўчына: ) “Я ўспрымаю гэта добра. Беларусь павінна стаць вольнай, нарэшце павінны зьявіцца тыя людзі, якія будуць адказваць за зьніклых”.

(Спадарыня: ) “Нядаўна я сутыкнулася з такой сытуацыяй. У маёй сяброўкі фактычна скралі дзіця. Мы яго не маглі нідзе знайсьці. Яго перавозілі з аднаго райаддзелу міліцыі ў іншы, не складаючы пратаколаў, нічога. Мы гэта перажылі, зьвярталіся да адваката, што займаецца гэтымі справамі. Я лічу, што эўрапейцы маюць рацыю, бо ў нас робіцца невядома што”.

(Хлопец: ) “Я стаўлюся да гэтага станоўча. Бо гэтая справа зацягнулася на вельмі вялікі тэрмін, і як-небудзь вырашаць яе трэба”.

А вось чым аргумэнтавалі сваю пазыцыю, тыя, хто не падтрымлівае страсбурскую рэзалюцыю ПАРЭ:

(Спадарыня: ) “Я лічу, што ніхто ня мае права мяшацца ў нашыя справы. Гэта нашая асабістая справа дзяржаўная. І толькі мы можам вырашаць, што рабіць зь людзьмі з нашага ўраду”.

(Хлопец: ) “Гэта адказ Эўропы на тое, што робіцца ў нас у краіне. І гэта ня вельмі добры знак, бо нічога добрага ў нашай краіне не адбываецца. Для мяне, як для грамадзяніна беларусі гэта вельмі дрэнна. Гэта можа мець вельмі кепскія наступствы, напрыклад, калі я захачу паехаць у тую ж Эўропу. Гэта зьніжае нашыя пазыцыі на міжнароднай арэне, ставіць бар’еры на шляху супрацоўніцтва зь іншымі краінамі, у прыватнасьці з эўрапейскай супольнасьцю. І абмяжоўвае нас у палітычных і эканамічных стасунках з гэтымі краінамі”.

(Хлопец: ) “Я лічу будзе горш, калі ня будзе адносінаў зь беларускімі ўладамі. Бо ў выніку можа стацца так, што простым людзям будзе горш. Я думаю, што трэба паспрабаваць узяць удзел у наступных прэзыдэнцкіх ці парлямэнцкіх выбарах, зрабіць дакладную праграму для апазыцыйных сілаў Беларусі. І я думаю, што эўрапейскім краінам трэба ўзяць удзел у стварэньні агульнай апазыцыйнай сілы на нашай тэрыторыі”.

(Спадар: ) “Ізаляцыя нашай краіны ні да чога дабрага не прывядзе. Таму, думаю, трэба шукаць шляхоў выйсьця з гэтага становішча”.

Гл. таксама
• МЗС БЕЛАРУСІ НАЗВАЎ ВЫСНОВЫ ПУРГУРЫДЭСА “НЕДАПУШЧАЛЬНЫМІ І АБРАЗЬЛІВЫМІ”
• ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЗАПАТРАБАВАЛА АДСТАЎКІ ГЕНПРАКУРОРА БЕЛАРУСІ ВІКТАРА ШЭЙМАНА
• ПУРГУРЫДЭС: ЗЬНІКНЕНЬНІ АДБЫЛІСЯ НА ЗАГАД ВЫШЭЙШАГА КІРАЎНІЦТВА КРАІНЫ
• В.ШЭЙМАН НЕ КАМЭНТУЕ ПАТРАБАВАНЬНЯ ПАРЭ АБ ЯГОНАЙ АДСТАЎЦЫ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG