МЗС заяўляе, што ў дакладах Хрыстаса Пургурыдэса “зьмяшчаюцца недапушчальныя ды абразьлівыя высновы, прапановы на адрас беларускага парлямэнту і найвышэйшых службовых асобаў краіны”.
На чарговым брыфінгу намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі беларускага МЗС Руслан Есін зазначыў, што дэлегацыя Нацыянальнага сходу на паехала на сэсію ПАРЭ ў Страсбур, бо “беларускі бок мяркуе, што прапанаваныя спадаром Пургурыдэсам дакумэнты, якія маюць скрайне тэндэнцыйны і неаб’ектыўны характар, ня могуць быць прадметам далейшае дыскусіі”.
Спадар Есін дадаў, што рашэньне ПАРЭ вынесьці даклады Хрыстаса Пургурыдэса “ёсьць контрапрадуктыўным і не спрыяе дыялёгу паміж эўрапейскімі парлямэнтарамі па ўсіх спрэчных пытаньнях”. Прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў пра спадара Пургурыдэса наступнае:
(Есін: ) “Дакладчык узяў на сябе ролю вярхоўнага судзьдзі, дазволіў прысвоіць сабе функцыі органаў пракуратуры па наглядзе за аб’ектыўнасьцю, паўнатой правядзеньня расьсьледаваньня справаў, зьвязаных са зьнікненьнямі людзей. Бяздоказныя вызначэньні, выкарыстаныя аўтарам, сьведчаць аб павярхоўным падыходзе дэпутата ПАРЭ да праблематыкі дакладаў. У дакладах зьмяшчаюцца недапушчальныя ды абразьлівыя высновы, прапановы на адрас беларускага парлямэнту і найвышэйшых службовых асобаў краіны”.
Руслан Есін выказаў шкадаваньне афіцыйнага Менску з нагоды прынятых ПАРЭ рэзалюцыяў па Беларусі і заявіў, што Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы “тым самым узяла на сябе ўсю адказнасьць за нэгатыўныя наступствы для ўзаемадачыненьняў Беларусі й асамблеі”.
З гэтай заявай МЗС супала адмова беларускага прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага ад паездкі ў Варшаву. Вось як патлумачыў гэтае рашэньне спадар Есін:
(Есін: ) “Сапраўды, прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі плянаваў узяць удзел у працы эўрапейскага эканамічнага саміту ў Варшаве, аднак дадзеныя кіраўніком дзяржавы даручэньні патрабуюць ягонай абавязковай прысутнасьці ў Беларусі”.
Спадар Есін не патлумачыў, якія менавіта новыя даручэньні Аляксандра Лукашэнкі прымусілі кіраўніка ўраду скасаваць заплянаваную паездку ў Польшчу. Яшчэ ў панядзелак прэсавы сакратар спадара Сідорскага анансаваў, што сустрэнецца ў Варшаве з польскім і літоўскім прэм’ерамі Лешакам Мілерам і Альгірдасам Бразаўскасам, а ў чацьвер возьме ўдзел у калектыўнай сустрэчы з прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім.
Гл. таксама
• ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЗАПАТРАБАВАЛА АДСТАЎКІ ГЕНПРАКУРОРА БЕЛАРУСІ ВІКТАРА ШЭЙМАНА
• ПУРГУРЫДЭС: ЗЬНІКНЕНЬНІ АДБЫЛІСЯ НА ЗАГАД ВЫШЭЙШАГА КІРАЎНІЦТВА КРАІНЫ
• В.ШЭЙМАН НЕ КАМЭНТУЕ ПАТРАБАВАНЬНЯ ПАРЭ АБ ЯГОНАЙ АДСТАЎЦЫ