Ля будынку КГБ сабраліся некалькі чалавек. Сярод іх былі вядомыя грамадзкія дзеячы Юры Хашчавацкі, Павал Казлоўскі, Уладзімер Колас і прадстаўнікі дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец. Яны трымалі плякат “Свабоду Марынічу!”
Юры Хашчавацкі паведаміў Радыё Свабода, што прыйшоў выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю:
(Хашчавацкі: ) “Прыйшлі, бо я лічу, што гэта новы віток рэпрэсіяў. Яны цяпер крануць усё беларускае грамадзтва. Паколькі ўлада намагаецца прыціснуць усіх незадаволеных, а незадаволеных бальшыня грамадзтва, то даводзіцца чакаць рэпрэсіяў па ўсіх кірунках, ва ўсіх галінах”.
Уладзімер Парфяновіч патлумачыў, што дэпутаты вырашылі не прыцягваць іншых людзей да ўдзелу ў пікеце, каб пазьбегнуць затрыманьняў. Яны зайшлі ў будынак КГБ і перадалі зварот на імя старшыні КГБ Леаніда Ерына. У звароце дэпутаты напісалі, што ў іх няма сумневу наконт таго, што Міхаіла Марыніча перасьледуюць за ягоную палітычную дзейнасьць. Яны запатрабавалі спыніць рэпрэсіі і вызваліць затрыманага.
(Парфяновіч: ) “Сёньня мы прыйшлі як дэпутаты і выказалі сваё “не” да таго, што існуе ў сёньняшняй Беларусі. Спадзяемся, што ўлады зрэагуюць і спыняць такую меру стрыманьня як арышт, і Марыніча адпусьцяць. Пакуль мы спадзяемся на меншае — каб чалавека адпусьцілі. Гэта ж не курорт”.
Каля натоўпу зь пікетоўцаў і журналістаў прысутнічалі каля трыццаці супрацоўнікаў міліцыі. Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.
Гл. таксама
• ДЭПУТАТЫ З “РЭСПУБЛІКІ” ЛІЧАЦЬ СПРАВУ МАРЫНІЧА ПАЛІТЫЧНАЙ
• КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ
• АФІЦЫЙНАЕ АБВІНАВАЧАНЬНЕ МІХАІЛУ МАРЫНІЧУ ДАГЭТУЛЬ НЕ ПРАД’ЯЎЛЕНАЕ