Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЗАПАТРАБАВАЛА АДСТАЎКІ ГЕНПРАКУРОРА БЕЛАРУСІ ВІКТАРА ШЭЙМАНА


Юры Сьвірко, Менск

Прынятая ў сераду бальшынёй галасоў сяброў ПАРЭ рэкамэндацыя №1657 прапануе Камітэту міністраў — выканаўчаму органу Рады Эўропы — запатрабаваць ад беларускіх уладаў: “распачаць сапраўды незалежнае расьсьледаваньне згаданых зьнікненьняў кампэтэнтнымі нацыянальнымі органамі, пасьля адстаўкі цяперашняга генэральнага пракурора спадара Шэймана, якога абвінавацілі ў тым, што ён сам арганізаваў зьнікненьні на сваёй папярэдняй пасадзе, і цалкам інфармаваць сем’і зьніклых асобаў аб прагрэсе і выніках гэтага расьсьледаваньня”.

Гэты дакумэнт таксама рэкамэндуе патрабаваць распачаць крымінальнае расьсьледаваньне дзеля высьвятленьня абставінаў і мажлівага пакараньня былога дзяржсакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана, экс-міністра ўнутраных справаў (цяпер міністра спорту і турызму) Юрыя Сівакова ды афіцэра спэцслужбаў Зьмітра Паўлічэнкі, якія могуць быць датычныя да зьнікненьняў, а таксама іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія маглі перашкодзіць правасудзьдзю шляхам фальсыфікацыі, прыхоўваньня або ўціску сьведчаньняў і сьведкаў дзеля абароны сапраўдных злачынцаў.

Пасьля гэтага першага пункту рэкамэндацыяў ПАРЭ прапануе Камітэту міністраў спыніць удзел Беларусі ў розных пагадненьнях і дзейнасьці Рады Эўропы, а таксама ўсялякія кантакты паміж Радай Эўропы і беларускім урадам на палітычным узроўні — да таго часу, пакуль ня будзе зроблены істотны прагрэс што да першага пункту. Але адначасова ПАРЭ заклікала ўзмацніць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі, каб заахвоціць павагу да правоў чалавека.

Трэці пункт рэкамэндацыяў запрашае дзяржавы, якія ўваходзяць у Раду Эўропы, ды краіны са статусам назіральніка ўжыць палітычны ціск (улучна з санкцыямі) на беларускі ўрад, каб паслаць яму моцны сыгнал, што беспакаранасьць гвалтоўных зьнікненьняў ёсьць нецярпімай для міжнароднай супольнасьці, а таксама ўсімі сіламі працягваць абараняць тых людзей у Беларусі, якія працуюць дзеля ўсталяваньня праўды.

Ухвалены Парлямэнцкай асамблеяй дакумэнт мае яшчэ дзьве часткі: па-першае, ПАРЭ “заклікае дзяржавы-сябры Рады Эўропы ды ўсю міжнародную супольнасьць ажыцьцявіць максымум палітычнага ціску на цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку праз санкцыі, да таго часу, пакуль ня будзе праведзенае вартае даверу незалежнае расьсьледаваньне мажлівай датычнасьці высокапастаўленых чыноўнікаў да зьнікненьняў або да іх хаваньня”, а па-другое, асамблея запрашае “судовыя ўлады тых краінаў, чые законы прадугледжваюць міжнародную юрысдыкцыю іх нацыянальных судоў для справаў наконт сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека — або ўвогуле, або пры наяўнасьці пэўных тэрытарыяльных сувязяў, — распачаць працэдуры супраць некаторых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў за мажлівае забойства паводле палітычных прычын аднаго ці больш чалавек зь ліку чатырох зьніклых асобаў”.

Вось як ацаніла гэтыя рэкамэндацыі жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына, якая цяпер знаходзіцца ў Страсбуры:

(Красоўская: ) “Гэта вялікі прарыў у справе, па-першае, расьследаваньня справаў зьніклых. Па-другое, гэта найвялікшае дасягненьне ў справе пачатку вяртаньня да аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі. Гэта вельмі рэальна, таму што яны павінны зрабіць зараз свае рэкамэндацыі да Рады міністраў Рады Эўропы, і тады ўжо будуць нейкія крокі. Я думаю, што ўвогуле хутка”.

Галоўныя палажэньні рэкамэндацыі 1657 увайшлі таксама ў рэзалюцыю №1371, дзе нагадваецца гісторыя зьнікненьняў і працы адмысловага падкамітэту ПАРЭ ў гэтых справах на чале зь Сяргеем Кавалёвым. Рэзалюцыя выказвае падзяку Расеі, ЗША, Нямеччыне, Нарвэгіі ды іншым краінам, якія далі палітычны прытулак былым беларускім чыноўнікам, якія ахвяравалі сваёй кар’ерай дзеля ўсталяваньня праўды.

ПАРЭ таксама заклікае парлямэнт Беларусі стварыць парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня з адпаведнымі рэсурсамі для гэтага ды зазначае, што ня лічыць мэтазгодным пераглядаць прыпыненьне статусу “адмыслова запрошанага” ў ПАРЭ для беларускага парлямэнту, пакуль ня будзе істотнага прагрэсу ў справах зьніклых.

Таксама ў сераду на сэсіі ПАРЭ была ўхваленая рэзалюцыя 1372 “Перасьлед прэсы ў Рэспубліцы Беларусь” з адпаведнымі рэкамэндацыямі. Кіраўнік расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ Канстанцін Касачоў (старшыня думскага камітэту міжнародных справаў) заявіў у Страсбуры, што ўсе гэтыя дакумэнты азначаюць адно: “Па сутнасьці, мова ідзе пра поўны байкот Беларусі”. Спадар Касачоў мяркуе, што гэта завядзе сытуацыю ў тупік і толькі справакуе жорсткую рэакцыю ў адказ беларускіх уладаў і новыя праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG