Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СІДОРСКІ ПРЫЗНАЎ, ШТО АМАЛЬ КОЖНАЕ ДРУГОЕ ПРАДПРЫЕМСТВА КРАІНЫ — СТРАТНАЕ


Уладзімер Глод, Менск

Згодна зь дзейнай Канстытуцыяй, новаабраны прэм’ер мусіць на працягу двух месяцаў перадаць Нацыянальнаму сходу эканамічную праграму ўраду. Сяргей Сідорскі зрабіў гэта 19 лютага. Парлямэнтарам спатрэбілася яшчэ больш як два месяцы, каб яе абмеркаваць.

Паводле кіраўніка ўраду, гаспадарка Беларусі працуе пасьпяхова і здольная забясьпечыць выхад на парамэтры стабільнай эканомікі. У якасьці галоўнага доказу называлася тое, што ўсе асноўныя паказчыкі першага кварталу, як сьцьвярджае ўрад, выкананыя. У дэпутата з групы “Рэспубліка” Ігара Баслыка пераможныя рэляцыі выклікалі пытаньне: якім чынам на тле высокага росту валавага ўнутранага прадукту, агучанага прэм’ерам, у Беларусі застаецца шмат стратных прадпрыемстваў? Тады спадар Сідорскі і назваў лічбу 46–47%:

(Сідорскі: ) “Калі мы гаворым усе пра рынкавую эканоміку, то ў ёй павінны быць пасьпяховыя, сярэднія і стратныя гаспадаркі. Мы чамусьці, калі абмяркоўваем працу ўраду, кажам: катастрофа, стратныя прадпрыемствы. Сёньня мы зьмяняем падыходы, многія прадпрыемствы робяць дывэрсіфікацыю, шэраг прадпрыемстваў асвойваюць выпуск новых відаў прадукцыі. Гэта ўсё ў многіх выпадках выклікае стратнасьць”.

Прэм’ер паабяцаў праз квартал зьнізіць стратнасьць да 30–35%. Намесьнік старшыні сталай камісіі ў справах бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец лічыць, што большасьць пералічаных прэм’ерам посьпехаў не адпавядае рэчаіснасьці:

(Скрабец: ) “Гэта своеасаблівы беларускі фэномэн, якога няма ў сьвеце. Гэта несупадзеньне тлумачыцца, на мой погляд, трыма фактарамі. Перадусім гэта адміністрацыйны ціск на кіраўнікоў прадпрыемстваў, калі яны выконваюць загады зьверху, а не патрэбы рынкавай эканомікі. Другое — гэта велізарны падатковы ціск. Сёньня прэм’ер казаў, што ён зьнізіўся на 1,5% і далей будзе зьніжацца. Але на самой справе, як кажуць кіраўнікі прадпрыемстваў, ён застаўся на тым жа ўзроўні. І трэцяе — гэта невялікі экспарт, бо наша прадукцыя ня вельмі канкурэнтаздольная і на расейскім, і на эўрапейскіх рынках. Прэмьер казаў, што летась мы павялічылі экспарт на 25% на заходнія рынкі, але я баюся, што гэта завышаныя лічбы”.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў таксама ставіць пад сумнеў посьпехі ўраду, асабліва што да росту валавага ўнутранага прадукту:

(Злотнікаў: ) “Што тычыцца нашай статыстыкі, то, калі толькі ў адным пункце індэкс дэфлятару валавога ўнутранага прадукту будзе скажаць рэальную сытуацыю, падлічаны з памылкамі, то ўсе вартасныя паказчыкі зрушацца. Калі дэфлятар ВУП будзе ніжэй за рэальны індэкс цэнаў, то ўсе паказчыкі будуць высокімі. На што ёсьць падазрэньне, што гэтыя цэны падлічваюцца неяк ня так, як гэта робіцца ў іншых краінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG