Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛЬЁН РУБЛЁЎ – ЗА ТРЭЦЯЕ ДЗІЦЯ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Магілёўскія ўлады гатовы заплаціць кожнай жанчыне, якая вырашыцца нарадзіць трэцяе дзіця альбо далей наступнае, амаль мільён беларускіх рублёў. Калі дакладна, то гэта 150 базавых велічыняў, і на сёньняшні дзень сума складае 950 тысячаў беларускіх рублёў.

Магілёўцы жартуюць, што гарвыканкам укараняе, так бы мовіць, зьдзельна-прэміяльную аплату ў справе падвышэньня нараджальнасьці. Падобна, як на прадпрыемстве за савецкімі часамі: перавыканаў плян – чакай прэміі і квіткоў на бясплатныя абеды.

Дарэчы, пра бясплатнае. “Вэртыкаль” таксама пастанавіла, што жанчыны, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, атрымаюць ільготу ў выглядзе бясплатнага наведваньня цырульні. Праўда, раз на месяц і бясплатна ім дазволена толькі пастрыгчыся, для гэтага трэба прад’явіць пасьведчаньне і запоўніць шэраг дакумэнтаў. Пакуль з 48 магіляўчанак, якія ўзнагароджаныя ордэнам Маці, ніводная не зьвярнулася па гэтую ільготу. Відаць, што ўсё ж такі мадэльная фрызура – гэта не самая важнае для шматдзетных жанчынаў...

Цікава, што ў абласным цэнтры колькасьць жыхароў год ад году павялічваецца. Але гэта вынік міграцыі людзей зь сельскіх раёнаў, дзе няма ніякіх ільготау ці прэміяў пры нараджэньні больш за двух дзяцей.

У Магілёве сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць. Гэта сытуацыя для нас ня новая. Аднак кіраўніцтва Магілёва вырашыла прадэманстраваць у барацьбе за дэмаграфічную бясьпеку новы падыход – рынкавы.

Вось што сказаў кіраўнік аддзелу сацыяльнай абароны Магілёўскага гарвыканкаму Сяргей Чарапнёў.

(Чарапнёў: ) “Была пастаўленая перад намі задача: нейкім чынам прастымуляваць нараджальнасьць. Мы проста хочам дапамагчы сем’ям, якія вырашыліся на гэты крок. Калі гэта ня стымул, дык проста дапамога людзям, спадзяемся на гэта”.

Як адрэагавалі на гэтую навіну магілёўскія жанчыны? Гэтая прэмія – гэта многа ці мала для іх? Жыхаркі Магілёва, зь якімі я размаўляла на гэтую тэму, наўпрост зьвязваюць узровень нараджальнасьці з узроўнем жыцьця. Ім патрэбныя не аднаразовыя матэрыяльныя заахвочваньні, а нармалёвыя заробкі і ўмовы жыцьця.

Некаторыя і другога дзіцёнка баяцца раджаць, ня кажучы ўжо пра трэцяга і наступнага. А на прэміяльны мільён можна набыць дзіцячы ложак, каляску, ну і колькі пампэрсаў. Аднак далей трэба апранаць і карміць дзіця, і гэта самае цяжкае матэрыяльна. Паслухайце меркаваньні магіляўчанак.

(Спадарыня: ) “Мне так падаецца, што мільён беларускі нічога не каштуе, і нічога ён не дазволіць, трэба болей выплачваць жанчыне. Мільён – гэта голад для дзіцяці”.

(Спадарыня: ) “Ну што гэта – мільён у наш час?”

(Спадарыня: ) “Для таго, каб беларускі жанчыны болей дзяцей нараджалі, трэба ім больш увагі і каб цэны зьнізіліся, каб дзеці не галадавалі”.

(Спадарыня: ) “Толькі багатыя больш-менш харчуюцца, а астатнія бедныя дзеці, бегаюць галодныя”.

(Спадарыня: ) “Чыпсы, бублік і вада – вось дзіцячыя харчы. Няхай прэзыдэнт гэта пачуе, трохі дасьць дзецям увагі. Усё ж такі дзеці – гэта нашае будучае, гэта беларускія грамадзяне, яны павінны расьці моцнымі і крэпкімі”.

Трэба таксама дадаць, што ніводная маці запаветны мільён пакуль яшчэ не атрымала. Толькі бліжэйшымі днямі будзе падрыхтаваны сьпіс красавіцкіх парадзіхаў, якія вырашыліся на гераічны ўчынак нараджэньня трэцяга дзіцяці. Мяркуецца зь лічбаў мінулага году, што іх будзе штомесяц прыкладна зь дзясятак чалавек, ня болей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG