Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 КРАСАВІКА ПРАТЭСТУЮЦЬ ПРЫВАТНЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ Ў ПРАВІНЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

У Жодзіне 26 красавіка праходзіць агульнагарадзкі сход мясцовых прадпрымальнікаў. Акцыя санкцыянаваная Жодзінскім гарвыканкамам, які доўга ўпарціўся гэтаму мерапрыемству. Відавочна, што трывогу тутэйшых чыноўнікаў выклікаюць пратэстныя настроі жодзінскіх гандляроў, у якіх шмат прэтэнзіяў да ўладаў. Плянавалася на сёньняшні дзень прадпрымальніцкая акцыя і ў Салігорску. Вось што пра гэта паведаміў мне лідэр тутэйшых бізнэсоўцаў Аляксандр Цэцура:

(Цэцура: ) “У Салігорску мы падавалі заяўку на 26 красавіка. Аднак улады не далі згоды. Мы супраць пагаршэньня становішча прадпрымальнікаў, супраць ліцэнзіяў, супраць таго, што ўводзяць усім ліцэнзіі. Людзі згодныя на мітынг, таму што так нас дасталі, што ня можам канцы з канцамі зьвесьці. Бясконцыя праверкі. У Салігорску пайшлі рабіць сэртыфікаты, дык атрымліваецца, што чалавек прывязе дзьве валізкі, а за іх трэба аддаць падатак, арэнду. І што ў выніку будзеш мець? Нічога!”

Папярэднія неаднаразовыя страйкі, якія праводзіліся гандлярамі, навучылі іх: каб акцыі пратэсту былі пачутыя чыноўнікамі, трэба трымацца і дзейнічаць разам. Таму цяпер фактычна паўсюдна назіраецца адзінства ў асяродзьдзі бізнэсоўцаў. І што самае адметнае, прадпрымальнікі маюць шырокую падтрымку з боку наведнікаў рынкаў. Калі раней спажыўцы бачылі ў дробных гандлярах спэкулянтаў, то сёньня насельніцтва ў сваёй большасьці ім спачувае. Вось, напрыклад, якія меркаваньні я пачуў ад наведнікаў і гандляроў аднаго з рынкаў Барысава:

(Жыхарка Барысава: ) “Кожны месяц выдаюцца новыя указы, новыя дэкрэты для таго, каб выжаць апошнія капейкі з гэтых людзей”.

(Іншая спадарыня: ) “Зьнішчыць тых, хто працуе. Яны, відаць, зацікаўленыя, каб толькі былі бамжы. І нас прымушаюць пісаць дадаткі – гандляваць гарэлкай і цыгарэтамі. Я гандлюю шапкамі – навошта мне ліцэнзія на гарэлку і цыгарэты?! А мяне абавязваюць узяць такую ліцэнзію. Карацей усё ідзе да таго, што дробны бізнэс ён наагул зьнікае”.

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Асноўная маса зь цяжкасьцю плаціць гэтыя падаткі. Гэта невыносна”.

(Іншая спадарыня: ) “Інакш кажучы, на ліцэнзію ня будзе гэтых грошай”.

Прадпрымальнікі, паводле майго апытаньня, у сваёй большасьці цяпер у поўнай разгубленасьці. Рэч у тым, што цяперашні канфлікт з уладамі пагражае ім масавым беспрацоўем. Вось меркаваньне на гэты конт старшыні выканкаму грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва-ХХІ” Сяргея Балыкіна:

(Балыкін: ) “Шмат прадпрымальнікаў, шмат суб’ектаў гаспадараньня ня здолелі атрымаць ліцэнзіяў на сваю дзейнасьць і з 1 траўня будуць вымушаныя спыніць работу. Беларускі ўрад выходзіў на Лукашэнку з прапановай падоўжыць тэрмін выдачы ліцэнзіяў. Але ж спадар Лукашэнка да гэтага моманту не выдаў адпаведнага нарматыўнага акту, напрыклад, дэкрэту. Мабыць, цяпер спадар Лукашэнка мае больш важныя справы, чымсьці ліцэнзіі прадпрымальнікаў. Напрыклад, той жа яго чарнобыльскі шлях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG