Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖА БЫЦЬ АГУЛЬНАЯ ЭКАНАМІЧНАЯ ПРАСТОРА Ў ЧАТЫРОХ ПОСТСАВЕЦКІХ КРАІНАЎ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “У лютым 2003 году падчас сустрэчы ў Маскве кіраўнікі чатырох дзяржаваў — Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны — прынялі рашэньне аб стварэньні новага міждзяржаўнага саюзу: Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі, якая паставіла сваёй мэтай ставарэньне адзінай эканамічнай прасторы. З самага пачатку экспэрты рабілі выснову, што гэты праект хутчэй палітычны, чым эканамічны, у яго мала пэрспэктываў для рэалізацыі. Падставай для такіх высноваў было тое, што ўсе інтэграцыйныя ўтварэньні на тэрыторыі СНД (ЭўрАзЭС, ГУУАМ, ОДКБ, Саюз Беларусі і Расеі), ды і само СНД выявіліся ня вельмі эфэктыўнымі. І на гэтай падставе рабілася выснова, што і гэта ёсьць чарговая інтэграцыйная гульня, якая ня будзе мець пэрспэктываў.

Але сёньня мы маем факт, што парлямэнты Казахстану, Расеі і Ўкраіны ратыфікавалі пагадненьне аб фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы. Ці мае пэрспэктыву гэты праект?”

(Аляксандар Дзергачоў: ) “Выклікае сумнеў выніковасьць гэтага праекту, паколькі папярэднія аналягічныя праекты не былі эфэктыўнымі. Але гэты праект мае адну асаблівасьць: ён аб’ядноўвае толькі чатыры найбольш эканамічна разьвітыя, адносна стабільныя дзяржавы, якія маюць узаемныя інтарэсы ня толькі ў эканамічнай сфэры, але і ў палітычнай. Гэта больш лёгкі варыянт інтэграцыі, які часткова пазьбягае недахопаў папярэдніх праектаў. Але невідавочна, у якой меры гэты праект эканамічны, а у якой — палітычны.

Калі ацэньваць эканамічныя пэрспэктывы, то галоўным паказчыкам зьяўляецца палажэньне аб свабодным гандлі без выключэньня. Партнэры Расеі зацікаўленыя ў пастаўцы энэрганосьбітаў па ўнутраных расейскіх цэнах, ці адмысловых цэнах, якія ніжэй за міжнародныя. Да гэтага часу Расея і ў СНД, і ў ЭўрАзЭС ухілялася ад згоды на стварэньне зоны вольнага гандлю без выключэньняў. І цяпер гэты чыньнік можа стаць вялікай перашкодай на шляху да пасьпяховага эканамічнага праекту.

Але, мусіць, гэтае аб’яднаньне мае вялікую палітычную вагу для прэзыдэнтаў чатырох краінаў. Ім патрэбная ўзаемная падрымка, уражаньне аб выніковасьці іх працы на постсавецкай прасторы. Таму яны ня моцна зьвяртаюць увагу на эканамічныя перашкоды, сумненьні, а зьдзяйсьняюць выгадны для іх палітычны крок”.

(Валер Дашкевіч: ) “Найперш хацеў бы падкрэсьліць, што гэта асабісты праект прэзыдэнта Пуціна. Другі чыньнік: Расея цяпер знаходзіцца на эканамічным пад’ёме, і яна мае рэсурсы, каб падтрымаць гэты праект. У першую чаргу, я маю на ўвазе стварэньне мытнага зьвязу, у якім гандаль мог бы ажыцьцяўляцца без абмежаваньняў. Беларусь, Казахстан і Ўкраіна маюць амоўнае гандлёвае сальда з Расеяй. І калі Расея пойдзе на адмову ад практыкі ўтрыманьня падаткаў на даданую вартасьць на сваёй тэрыторыі, найперш, на энэрганосьбіты, ахвяруючы стратамі, гэта будзе выгадна астатнім сябрам аб’яднаньня. І яны могуць пайсьці на такі зьвяз. А ў Расеі цяпер вялікі прафіцыт бюджэту, дзякуючы высокім міжнародным цэнам на нафту і газ. І таму яна можа дазволіць сабе такі зьвяз.

Іншая рэч, калі глядзець на гэтае аб’яднаньне ў больш далёкай пэрспэктыве. І тут галоўным зьяўляецца пытаньне аб дачыненьнях гэтага зьвязу з суседзямі, найперш, з Эўразьвязам. Калі такія дачыненьні ў сфэры палітыкі, эканомікі, культуры будуць складвацца добра, то гэтае аб’яднаньне мае пэрспэктыву. Але менавіта гэтыя дачыненьні выклікаюць у мяне скептыцызм. Таму што ў Беларусі, Казахстане, Расеі і, часткова, Украіне назіраюцца працэсы, якія сьведчаць аб адхіленьні ад рынкавага і дэмакратычнага разьвіцьця. А гэта можа прывесьць да канфлікту з Эўразьвязам. І тады пэрспэктывы гэтага зьвязу праблематычныя”.

(Карбалевіч: ) “Як ужо было адзначана, парлямэнты Казахстану, Расеі і Ўкраіны ратыфікавалі пагадненьне аб фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы. Пра што ўдалося дамовіцца “чацьверцы”? Да якога ўзроўню ў фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы дайшлі партнэры?”

(Дзергачоў: ) “Важна падкрэсьліць два моманты. Па-першае, сама назва “адзіная эканамічная прастора” і значная частка той тэрміналёгіі, якая выкарыстоўваецца ў дакумэнтах гэтай арганізацыі, ня ёсьць звыклай і зразумелай з гледзішча міжнародных стандартаў. І ўхіленьне ад дакладных вызначэньняў такіх паняцьцяў як “мытны зьвяз”, “зона вольнага гандлю”, частае ўжываньне словаў “адзіная эканамічная прастора” — гэта спроба ўхіліцца ад яснасьці й перанесьці практычнае рашэньне на кулюарныя перамовы бюракратаў. І відавочна, што гэтыя паняцьці будуць па-рознаму трактавацца ў розных сталіцах. Гэтая дамова рамкавая, то бок базавая, папярэдняя, яна акрэсьлівае магчымасьць далейшых дзеяньняў. І гэтыя далейшыя дзеяньні будуць вызначаць рэальны зьмест і магчымасьць практычнай рэалізацыі пагадненьня. Прадугледжваецца стварэньне яшчэ 57 так званых сэктаральных пагадненьняў, якія будуць вызначаць умовы супольнай працы.

Няяснае пытаньне аб стварэньні наднацыянальных органаў. Самі інцыятары пагаденьня адзначаюць, што патрэбна некалькі гадоў, каб гэта ўсё запрацавала. Парлямэнт Украіны ратыфікаваў пагадненьне з адным, але вельмі маштабным выключэньнем: Украіна бярэ ўдзел у працы адзінай эканамічнай прасторы у той меры, у якой гэта не супярэчыць Канстытуцыі дзяржавы. Маецца на ўвазе немагчымасьць перадачы часткі сувэрэнітэту нейкаму наднацыянальнаму органу. Такая сытуацыя выгадная афіцыйнаму Кіеву, таму што яна дае магчымасьць рабіць практычныя крокі. А зь іншага боку, усё яшчэ можна перайграць, адрэдагаваць ці нават прыпыніць”.

(Дашкевіч: ) “У нас у Беларусі неяк замоўчваюць гэтую тэму ў дзяржаўных СМІ. З выказваньняў Лукашэнкі можна зразумець, што ён гатовы дазволіць парлямэнту ратыфікаваць гэтае пагадненьне у тым выпадку, калі ўсе краіны прымуць яго без выключэньня. А вось якраз Украіна ратыфікавала яго з заўвагаю, што словы “наднацыянальныя органы” трэба замяніць словамі “рэгулявальныя органы”, паколькі Канстытуцыя Ўкраіны не дазваляе перадаваць паўнамоцтвы дзяржавы нейкім міждзяржаўным наднацыянальных органам.

Такая сытуацыя сьведчыць аб тым, што калі нават такое пагадненьне будзе ратыфікаванае, гэта яшчэ ня значыць, што яно хутка будзе рэалізаванае. Спатрэбіцца шмат часу і намаганьняў, каб урэгуляваць усе супярэчнасьці, якія паўстануць на шляху стварэньня ці то мытнага зьвязу, ці то зоны вольнага гандлю. Стаіць задача ўтварэньня агульнага рынку капіталу, тавараў, працоўнай сілы, грашовай зоны, умоваў разьлікаў, падаткаў. Гэта вельмі вялікая праца, вялікі блёк праблемаў. Таму я лічу, што прыняцьцё падрыхтаванага сёньня дакумэнту — гэта толькі пачатак працэсу. І няма ўпэўненасьці, што гэты працэс будзе ісьці гладка. Гады праз тры-чатыры пабачым”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, гісторыя інтэграцыйных утварэньняў на постсавецкай прасторы сьведчыць пра тое, што як толькі справа даходзіць да нейкай канкрэтыкі, тады ўзьнікаюць вялікія праблемы, абвастраюцца супярэчнасьці. Гэта вельмі добра відаць на прыкладзе беларуска-расейскай інтэграцыі. Утварэньне “чацьверкі” выклікала ва Ўкраіне супярэчлівае стаўленьне. Вядома, што Ўкраіна ставіць сваёй мэтай інтэграцыю ў Эўропу. І Брусэль паставіўся да гэтага аб’яднаньня даволі насьцярожана. Чаму Кіеў пайшоў на ўтварэньне гэтага зьвязу? Тым больш, што і ягонай сталіцай аб’яўлены Кіеў. Што вы маглі бв сказаць, спадар Дзергачоў?”

(Дзергачоў: ) “Ня будзем казаць пра сталіцу гэтага ўтварэньня, таму што толькі дзясяткі бюракратаў атрымаюць пасады. Больш нічога тут ня зьменіцца. Калі казаць пра стратэгічныя інтэрэсы Ўкраіны, то тут яна зьяўляецца пэўным выключэньнем з чатырох краінаў, паколькі яна афіцыйна дэкляравала намер інтэгравацца ў Эўразьвяз. І поўная рэалізацыя пагадненьня аб адзінай эканамічнай прасторы супярэчыць гэтай мэце. Можна было зрабіць выснову, што Ўкраіна абмяжуе свой удзел у пагадненьні аб адзінай эканамічнай прасторы толькі зонай вольнага гандлю. Гэта можа быць узгоднена і з Эўразьвязам. Трэба мець на ўвазе, што існуюць праекты стварэньня такой зоны паміж Расеяй і Эўразьвязам, а таксама Ўкраінай і Эўразьвязам.

Але цяпер практычныя рэчы не бяруцца ў рахунак. Украіна цяпер займаецца выбарамі. І што б ні адбывалася, нават такія важныя рэчы, як ратыфікацыя пагадненьня аб адзінай эканамічнай прасторы, падпарадкаваныя лёгіцы палітычнай барацьбы. Кіроўнаму рэжыму патрэбная падтрымка Масквы. Ён фактычна адасобліваецца ад свайго эўрапейскага выбару. Учора прэзыдэнт Кучма зрабіў праграмную прамову на канфэрэнцыі, прысьвечанай пэрспэктывам разьвіцьця краіны на пэрыяд да 2015 году. Ён скарэктаваў мэту, хацеў пераканаць, што Ўкраіна ніколі нічога не вымагала ад Брусэлю і не вымагае цяпер. Украіна вывучае дасьвед Эўразьвязу, вызначае рызыкі й праблемы, якія ўзьнікаюць у кандыдатаў, новых сяброў Эўразьвязу і хацела бы пазьбегнуць гэтых мінусаў. “Ня трэба сьпяшацца”, — зрабіў выснову прэзыдэнт.

Відавочна, што патрэбная вызначанасьць ў стратэгіі. І калі казаць пра доўгатэрміновыя нацыянальныя інтарэсы, то гэтае вызначэньне палягае ў наступным. Супрацоўніцтва з краінамі постсавецкай прасторы вельмі патрэбнае Ўкраіне, яле яно павінна быць падпарадкаванае стратэгічнай мэце — інтэграцыі ў Эўразьвяз. І тут узьнікае такая праблема як гарманізацыя нацыянальнага заканадаўства. Украіна цяпер павольна зьдзяйсьняе маштабную праграму адаптацыі нацыянальнага заканадаўства да эўрапейскага. І калі адначасова ўзьнікае яшчэ адна задача адаптацыі заканадаўства — паміж чатырма дзяржавамі ў новым аб’яднаньні, то паўстае шмат пытаньняў.

Я рызыкну сьцьвярджаць, што Ўкраіна напярэдадні выбараў мае шанец на паглыбленьне дэмакратычных пераўтварэньняў. То бок, яна можа рухацца ў кірунку, зваротным таму, куды рухаюцца і Расея, і Беларусь, і Казахстан, якія сёньня зьяўляюцца ў рознай ступені аўтарытарнымі дзяржавамі. І пасьля прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў сытуацыя ва Ўкраіне можа радыкальна зьмяніцца. І тады будзе дакладная стратэгія”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што Лукашэнка доўгі час пазыцыянаваў сябе як галоўнага інтэгратара ў СНД. А вось цяпер, пры стварэньні “чацьверкі” Лукашэнка зьяўляецца амаль галоўным тормазам. Падчас выступу ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі чарговы раз выказаўся вельмі скептычна наконт пэрспэктываў гэтага зьвязу. Тым ня менш, пытаньне аб ратыфікацыі гэтага пагадненьня стаіць на парадку дня працы Палаты прадстаўнікоў”.

(Дашкевіч: ) “Праблема ў тым, што зьвяз чатырох у пэўнай частцы супярэчыць задачам стварэньня саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG