Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАПАМОГУ СЯЛУ ЗРАБІЛІ ВЯЛІКІМ САКРЭТАМ, АДНАК ЛІЧАЦЬ “ШТОДЗЁННЫМ СУБОТНІКАМ”


Юры Сьвірко, Менск

Пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі наконт сытуацыі ў сельскай гаспадарцы Меншчыны абласныя ўлады вызначылі 125 стратных калгасаў і саўгасаў, якім патрэбныя інвэстыцыі. Палову збанкрутаваных гаспадарак возьмуць на сябе камэрцыйныя прадпрыемствы самой вобласьці, але 69 замацавалі за сталіцай — паводле яшчэ неапублікаванага супольнага рашэньня выканкамаў Менску і Меншчыны. Якія канкрэтна калгасы і каму дасталіся — пакуль трымаюць у сакрэце.

Толькі ў шматпрофільнай кампаніі “Трайпл” мне паведамілі, што будуць ратаваць сельгаспрадпрыемства “Верагі” ў Лагойскім раёне. Дзеля гэтага нават стварылі новую пасаду намесьніка дырэктара. Іншыя фірмы катэгарычна адмаўляюцца хаця бы назваць сваю падшэфную гаспадарку. Кіраўнік кампаніі “Халадон” адмовіўся ад камэнтароў нават на ўмовах ананімнасьці, але іншыя супрацоўнікі патлумачылі, што такая рэкляма фірме непатрэбная, бо яны займаюцца сыстэмамі кандыцыянэраў, ацяпленьня, вэнтыляцыі й холадазабесьпячэньня, працуе з саліднымі заказчыкамі. Як кажуць на “Халадоне”, нейкі кліент можа адмовіцца ад паслугаў фірмы, калі даведаецца, што яна “важдаецца з гноем”.

Тым часам кіраўнік “Халадону” вымушаны апраўдвацца:

(Кіраўнік: ) “Сельская гаспадарка? Там праблемы холаду на ўсёй першаснай перапрацоўцы — малака, мяса, шмат якой сельгаспрадукцыі. І мы сапраўды перасякаемся ў гэтых праблемах”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, усім прыватным прадпрыемствам загадалі казаць менавіта так. Вось што заявілі ў іншай кампаніі:

(Бізнэсовец: ) “У прынцыпе, ёсьць прыклады, калі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прыносілі даход. Мы маем шмат сфэраў дзейнасьці, якія перасякаюцца зь сельскай гаспадаркай. Праект досыць складаны, але ён не безнадзейны”.

Толькі намесьнік дырэктара супольнага прадпрыемства “Тытунь-інвэст” Сяргей Карповіч паведаміў Радыё Свабода, што вырошчваць тытунь у сваім калгасе яны не зьбіраюцца. Аднак на пытаньне, які гэта калгас, ён не адказаў.

Якой сумай будуць вымярацца інвэстыцыі камэрсантаў сталіцы ў селськую гаспадарку Менскай вобласьці? Вось што сказаў адзін з прадстаўнікоў фірмаў-донараў:

(Прадстаўнік: ) “На гэты момант мы дапамаглі ім купіць нейкае насеньне. І далей мы вывучаем, працуем. То бок трэба вызначыць, што яны будуць рабіць — потым ужо вызначыцца, якая сума”.

Бальшыня маіх суразмоўцаў размовы пра дапамогу сялу вельмі спалохаліся. Адзін зь іх шчыра заявіў: “Вы ж разумееце, Лукашэнка загадаў узяць калгасы на буксір. Ня выканае наша фірма загаду — выканае іншая. Якая будзе ў бізнэсе замест нас”. Сталічныя камэрсанты кажуць, што і раней мелі так званыя грамадзкія нагрузкі кшталту дапамогі спорту ці абавязковых суботнікаў. “Лічыце нашу сельгасдапамогу штодзённым суботнікам”, — сказаў адзін зь бізнэсоўцаў.

А незалежны эканаміст Міхал Залескі зазначае, што зямля ў калгасах належыць людзям, а не дзяржаве або калгасу — пра гэта аўтары праграмы ратаваньня забыліся. Да таго ж фірмы-донары не былі абраныя рынкавым шляхам:

(Залескі: ) “Яны інвэстуюць грошы не туды, куды жадалі. Прыкладам, 70–100 даляраў на гектар ворыва выдзяляецца датацыяў зь дзяржаўнага бюджэту. А ў Эўропе даецца паўтары тысячы — 1700 даляраў датацыяў. Але як цяжка будзе працаваць гэтым новым мэнэджарам зь людзьмі, якія будуць кіравацца той самай прымаўкай: калі пану ня схлусіш і пана не падманеш, дык ты не гаспадар у сваёй хаце? Прымусілі бізнэсоўцаў — яны і зробяць, таму што не захочуць вельмі шмат страчваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG