Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 23 КРАСАВІКА


Ул. інф.

Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень кнігі і абароны аўтарскіх правоў.

23 красавіка 1924 году, гэта значыць, 80 гадоў таму, у мястэчку Друя распачынаюць сваю працу айцы-марыяне, беларускія каталіцкія сьвятары, якія ўнесьлі вялікі ўклад у нацыянальнае і культурнае адраджэньне Беларусі. Пад іхным уплывам Друя ператварылася ў цэнтар духоўнага жыцьця краю. Двое з друйскіх асьветнікаў абвешчаныя сьвятымі.

23 красавіка 1886 году прыйшоў на сьвет клясык беларускай літаратуры, якога ўсе добра ведаюць са школы, Зьмітрок Бядуля. Таксама сёньня спаўняецца 70 гадоў беларускаму філёзафу-эстэтыку Ўладзімеру Конану, які з савецкіх часоў вызначаўся незалежнасьцю сваіх навуковых працаў ад ідэалёгіі. А яшчэ свой дзень народзінаў адзначае празаік Віктар Казько. Такім чынам, атрымліваецца, што 23 красавіка – літаратурная або пісьменьніцкая дата. Прычым ня толькі ў Беларусі, але і ў цэлым сьвеце. Вянчае доўгі пералік народжаных у гэты дзень літаратараў імя Ўільяма Шэксьпіра, ангельскага драматурга, які нарадзіўся ў 1564 годзе.

Цяпер – пра каляндарныя адметнасьці заўтрашняе суботы.

24 красавіка 1996 году супрацоўнікі КГБ Беларусі арыштавалі паэта і журналіста газэты “Наша Ніва” Славаміра Адамовіча. У рэдакцыі газэты з гэтай нагоды быў праведзены ператрус. Чэкісты шукалі матэрыялы, зьвязаныя з аўтарам гратэскнага верша “Убей презідента”. За гэты твор Адамовіч 10 месяцаў правядзе за кратамі.

24 красавіка 1997 году выйшаў у сьвет першы нумар адноўленай “Газэты Слонімскай”. Папярэдніца гэтай папулярнай сёньня газэты была заснаваная ў Слоніме ў 1938 годзе.

Сярод славутых людзей , што прыйшлі на сьвет 24 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня амэрыканскага пісьменьніка расейскага паходжаньня Ўладзімера Набокава, беларускага паэта Аркадзя Моркаўку, вершы якога зусім нядаўна сталі для публікі сапраўдным адкрыцьцём, вядомую кінаакторку і сьпявачку Барбару Стрэйзанд і беларускага палітыка і культуроляга Занона Пазьняка, якому заўтра споўніцца 60 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG