Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗІК РОШ: БАРАЦЬБА З ТЭРАРЫЗМАМ НЕ ПАВІННА ПАРУШАЦЬ ФУНДАМЭНТАЛЬНЫХ СВАБОДАЎ


Юры Дракахруст, Прага

Дыскусіі, што адбыліся ўчора на пасяджэньні Эўрапарлямэнту, адлюстравалі занепакоенасьць эўрапейскіх парлямэнтароў тым, што фундамэнтальныя правы і свабоды робяцца ахвярамі барацьбы з тэрарызмам. У падрыхтаванай рэзалюцыі адзначаецца, што барацьба з тэрарызмам зьяўляецца самым высокім прыярытэтам Эўразьвязу.

Аднак у дакумэнце падкрэсьліваецца, што гэтая барацьба павінна адбывацца ў межах міжнароднага права. Дзік Рош, міністар замежных справаў Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Зьвязе, у сваім выступе падкрэсьліў, што захаваньне правоў чалавека ня толькі павінна спалучацца з антытэрарыстычным змаганьнем, на думку міністра, яно зьяўляецца неабходнай умовай посьпеху ў гэтым змаганьні.

(Рош: ) “Каб атрымаць шырокую падтрымку і быць пасьпяховай на даўгі тэрмін, барацьба супраць тэрарызму мусіць ісьці пры поўнай павазе да правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў. Умацаваньне правоў чалавека мусіць стаць неад’емным складнікам барацьбы з тэрарызмам. Мы павінны таксама засяродзіцца на прычынах, якія спараджаюць тэрарызм. Імкненьне зразумець гэтыя прычыны ня трэба атаясамліваць са слабасьцю, з імкненьнем апраўдаць тэрарызм ці тэрарыстаў. Наадварот – гэта істотны крок да ліквідацыі тэрарызму”.

Ірляндзкі міністар замежных справаў Дзік Рош параўнаў тэрарызм з хваробай і сказаў, што да яго прычынаў трэба ставіцца гэтак жа ўважліва, як і да прычынаў хваробы. Ён выказаў меркаваньне, што спадзявацца вырашыць праблему тэрарызму, зважаючы толькі на ягоныя сымптомы – гэта спрошчаны падыход.

У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ўтрымліваецца заклік да кіраўніцтва Зьвязу рабіць націск на праблему правоў чалавека ў перамовах з краінамі, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз.

Да посьпехаў Эўразьвязу ў гэтым пытаньні ірляндзкі міністар Дзік Рош аднёс нядаўняе прыняцьце камісіяй ААН у правох чалавека рэзалюцыі з асуджэньнем парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, Туркмэністане і Паўночнай Карэі, а таксама крытыкай Ізраілю за пабудову муру бясьпекі і пашырэньне габрэйскіх паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях. Разам з тым Дзік Рош прыгадаў і выпадкі, калі посьпех ня быў дасягнуты.

(Рош: ) “Шэраг важных ініцыятываў Эўразьвязу быў адхілены. Гэта адбылося ў значнай ступені з-за складу камісіі ААН у правох чалавека. Гэта адлюстравала таксама нежаданьне некаторых рэгіянальных групаў дапусьціць любое асуджэньне яе сябраў, і гэта падаецца мне адным з істотных недахопаў сыстэмы ААН. Ініцыятыва Эўразьвязу па Чачэніі была адхіленая, таксама, як і нашая рэзалюцыя па Зімбабве ня мела ніякага выніку”.

Ірляндзкі міністар адзначыў, што колькасьць краінаў, якія падтрымалі рэзалюцыю з асуджэньнем дзеяньняў Расеі ў Чачэніі, сёлета была істотна большай, чым летась.

Падрыхтаваная рэзалюцыя Эўрапарлямэнту канстатуе істотнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Туркмэністане, Узбэкістане і Іране. Дакумэнт таксама крытыкуе Кітай за пашырэньне ўжываньня сьмяротнага пакараньня і ўвядзеньне новых абмежаваньняў на карыстаньне інтэрнэтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG