Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІ ЛЕНІН ПОЛЬШЧЫ – У ГАЙНАЎСКІМ БАРЫ “Ў ВАЛОДЗІ”


Аляксей Дзікавіцкі, Гайнаўка

Сёлета гаспадар піўнога бару “У Валодзі” паляк, каталік і лібэрал пан Войтэк Рынашэўскі разам з сябрамі прадставіў сталым наведвальнікам п’есу ўласнага аўтарства, у якой быў прадстаўлены жыцьцёвы шлях Леніна з улікам такіх падрабязнасьцяў, як, скажам, вянчаньне ў царкве.

Паколькі бар “У Валодзі” літаральна запоўнены бюстамі, карцінамі, сьцягамі, ўзнагародамі ды іншай камуністычнай сымболікай з выявамі Леніна, якія, дарэчы, ўвесь час пану Войтку прывозяць на продаж беларускія чаўнакі, дык недахопу ў сцэнічных дэкарацыях не было.

Варта адзначыць, што пан Войтэк ужо тройчы запрашаў на гэпэнінг з нагоды дня нараджэньня Леніна кіраўніка суседняй Беларусі “як суседа і аднаго з найбольш адданых і пасьлядоўных прыхільнікаў ідэяў правадыра ўсіх рабочых”, аднак Лукашэнка не прыехаў.

(Войтэк: ) “Я ўвогуле запрашаў яго тройчы, тры лісты напісаў і летась таксама, але Лукашэнка не прыехаў, і я пакрыўдзіўся, колькі ж можна госьця запрашаць?”

А наведваюць пана Войтка ў ягоным экзатычным бары замежныя дыпляматы, міністры, а нядаўна была нават дырэктарка францускага Люўру. Так што кампанія, як ён кажа, не абы якая і таму крыўдна, што бліжэйшы сусед прыехаць ня хоча.

Дарэчы ў 2001 годзе, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пан Войтэк сарганізаваў галасаваньне каля свайго бару. Усім наведвальнікам прапаноўвалася запоўніць выбарчы бюлетэнь, у якім былі два кандыдаты – цяперашні беларускі кіраўнік і сам Войтэк Рынашэўскі.

Перамог пан Войтэк, але, як ён, кажа не прад’яўляў вынікі галасаваньня ў цэнтарвыбаркам Беларусі, бо ня мае беларускага грамадзянства. А што з наступнымі выбарамі?

(Войтэк: ) “Ну калі будзе ў мяне беларускае грамадзянства, то, напэўна, вазьму ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, бо інакш, на жаль, не дазваляе закон”.

Атрымаецца ў пана Войтка ўзяць удзел у выбарах ці не, але прынамсі на падтрымку беларускіх чаўнакоў, якія гандлююць на гайнаўскім кірмашы, што праз плот ад бару “Ў Валодзі” ды ахвотна частуюцца півам у адзінм у сьвеце “леніскім бары”, ён можа разьлічваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG