Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ СУД ЗЬЛІКВІДАВАЎ БЕЛАРУСКАЕ АБ’ЯДНАНЬНЕ МАЛАДЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Судзьдзя Філіманіхіна прызнала абгрунтаванымі абвінавачаньні Міністэрства юстыцыі на адрас Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў і прыняла рашэньне ліквідаваць арганізацыю. Яна прызнала парушэньнем заканадаўства тое, што аб’яднаньне два гады фактычна ня мела юрыдычнага адрасу, доўгі час карысталася пячаткай неадпаведнага ўзору і нясвоечасова зьмяніла назву пасады кіраўніка арганізацыі з “прэзыдэнта” на “старшыню”. Кіраўнік зьліквідаванага Аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевіч так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Цынкевіч: ) “На мой погляд, у Беларусі адсутнічае незалежны суд. Бо на тыя закіды, якія Міністэрства юстыцыі лічыла падставай для ліквідацыі арганізацыі, мы далі адэкватны адказ, грунтаваны на беларускім заканадаўстве. Аднак, на жаль, пракурорам, прадстаўнікамі Мінюсту вырываліся з кантэксту асобныя палажэньні, паказаньні сьведкі й разглядаліся толькі часткова. І тое, што было выгодна, выкарыстоўвалася, каб ліквідаваць арганізацыю. Тое, што невыгодна, проста не разглядалася”.

Прадстаўнікі Аб’яднаньня маладых палітыкаў спрабавалі падаць у Вярхоўны суд сустрэчны пазоў супраць Міністэрства юстыцыі, але ім у гэтым адмовілі. Аляксандар Цынкевіч гаворыць, што нягледзячы на ліквідацыю, актывісты аб’яднаньня не зьбіраюцца спыняць сваёй грамадзкай і палітычнай дзейнасьці.

Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў — адна з самых старых грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі. Яна паўстала ў 1992 годзе пад назваю Асацыяцыя палітычных дзеячоў Рэспублікі Беларусь з ініцыятывы шэрагу дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. У 2000 годзе, паводле рашэньня Вярхоўнага Суду, Мінюст зарэгістраваў арганізацыю пад цяперашняй назвай. Аб’яднаньне ў асноўным займалася адукацыйнай дзейнасьцю сярод маладых людзей у палітытычнай і эканамічнай сфэрах, а таксама ў галіне правоў чалавека.

Зь вясны мінулага году суды розных узроўняў на просьбу Міністэрства юстыцыі ужо ліквідавалі 54 грамадзкія арганізацыі. Сярод іх такія вядомыя як праваабарончы цэнтар “Вясна”, “Прававая дапамога насельніцтву”, “Ратуша” ды іншыя. На мінулым тыдні Вярхоўны Суд ліквідаваў моладзевую грамадзкую арганізацыю “Новая група”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG