Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСТРЭМАЛЬНЫ СПОРТ У БЕЛАРУСІ


Сьвятлана Курс, Менск

Насельнікаў нашай краіны часта дакараюць за залішнюю памяркоўнасьць і разважлівасьць. Аднак рэчаіснасьць абвяргае папрокі. Беларусь славіцца сваімі экстрэмаламі на прасторах усяго былога СССР, і гэтая слава паступова сягае Захаду.

Гэтак, два гады таму ў Менску ўпершыню ўзьнікла начная гульня “Схватка”, у якой цяпер бяруць удзел тысячы людзей. Мэта гульні – дабрацца да пэўнага месца й выканаць заданьне. Але ключ да розных узроўняў гульні хаваецца альбо ў глыбіні, альбо на вышыні, на могілках ці на дне глыбокага балота. І тысячы дарослых людзей на сваіх аўтамабілях на шалёных хуткасьцях лятаюць па начным горадзе, каб абагнаць супернікаў. Гэта нейчым нагадвае “партызанку”.

Гаворыць Аліва, адна з арганізатарак гульні.

(Аліва: ) “Гульня прысьвечаная ўсім фобіям. Людзі сапраўды даведваюцца, колькі на сьвеце страшных рэчаў. Можа, цябе апусьцяць у падвал. Можа, пад ваду, а можа, прымусяць пераадольваць страх вышыні, цемры альбо інсэктафобію. Ёсьць у нас каманды зь Нямеччыны, Амэрыкі, Швэцыі. У камандзе вышэйшай лігі па 5-6 экіпажаў. Гэта вялізная колькасьць людзей. Большай часткай гэта кіраўнікі кампаній ці мэнэджэры вышэйшага зьвяна. Шмат хто бярэ ўдзел у клюбах “Што? Дзе? Калі?”

Арганізатары “схваткі” кажуць, што іхная гульня ўнікальная нават у сусьветным маштабе, каб перамагаць у ёй, трэба быць фізычна, інтэлектуальна і маральна выбітным чалавекам.

Па словах арганізатараў, у адкрытых гульнях бяруць удзел тысячы людзей, у закрытых – сотні. Я запыталася ў двух зь іх, што іх прывабіла ў гэтай страшнаватай начной забаве. Адказваюць: Зьміцер – чыноўнік, Руслан – бізнэсовец, па 25 год:

(Зьміцер: ) “Гэта нашмат цікавей, чым глядзець футбол па тэлевізіі ці нават хварэць за Макса Мірнага. Гэта надае адрэналіну, якога бракуе ў звычайным жыцьці. Страшна было, калі я мусіў залезьці па код на дах чатырохпавярховага будынку і ледзь не зваліўся адтуль”.

(Руслан: ) “Хто хоча ўсяго й адразу, той прыходзіць на “Схватку”.

У “Схватцы”, паводле Оруэла, кожнаму прапануюць пераадолець тое, чаго ён найбольш баіцца. Для Руслана гэта пацукі ў лёхах.

***

А вось менскіх дыгераў пацукі не палохаюць. Дыгеры – гэта кумпанія людзей, якія лазяць у чэраве сучаснага гораду – у ліўневай каналізацыі, бамбасховішчах, старых катакомбах. Самае пасіянарнае месца для менскага дыгера –падземныя берагі Нямігі. Апавядае дыгер па мянушцы Тэстар.

(Тэстар: ) “Адно з самых цікавых гістарычных падзямельляў, якія мы наведвалі – рэчка Няміга. Мы прайшлі яе цалкам да вадаспада ў калектары “Цэнтар”. З індустрыйных падзямельляў гэта мэтро і мэтрабуд, бамбасховішчы й бункеры. Падземны сьвет значна цікавейшы, чым думае просты абываталь. Людзі туды лезуць з эстэтычных меркаваньняў”.

Ці ёсьць выпадкі гібелі людзей падчас экстрэмальных гульняў?

Беларуская школа экстрыму славіцца якраз уважлівасьцю да тэхнікі бясьпекі. Гэта датычыць ня толькі дыгераў ці схватчыкаў, але й байкераў, кэйвэраў і г.д. Гэтак, за 32 гады існаваньня клюбу кэйвераў (пячоралазаў) загінуў толькі адзін чалавек. Ніводзін схватчык (каб жа ня ўрочыць) нават траўмы не атрымаў. Тым часам аналягічныя клюбы ня толькі на Ўсходзе, але й на Захадзе часта друкуюць на сваіх сайтах нэкралёгі.*

Яшчэ адна асаблівасьць беларускіх экстрэмальных ініцыятываў: яны прыватныя, закрытыя ад дзяржавы й астатняга, “нармальнага” грамадзтва, што дае падставу беларускім соцыяпсыхолягам сьцьвярджаць, што гэтыя гульні “ёсьць альтэрнатывай застойнаму грамадзянскаму жыцьцю”.

* Калі матэрыял ужо выйшаў у эфір стала вядома, што адзін з найбольш вядомых менскіх байкераў Андрэй Юхнавец (па мянушцы Фідэль), стваральнік вэбсайту extreme.by, трагічна загінуў на адкрыцьці байкерскага сэзону ў Менску 19 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG