Матэрыялы пра гэтую вандроўку друкуюцца ўжо некалькі дзён запар. Паводле аўтара публікацыі, новы цягнік дае цудоўную магчымасьць ўбачыць тое, што для эўрапейцаў было і ёсьць белай плямай – гэта такія экзатычныя рэчы як вуліца і плошча Якуба Коласа ў Менску (чамусьці ў артыкулы названа менавіта гэтая вуліца і плошча), катэдральны сабор у Смаленску дый кірмаш у Яраслаўлі.
Акрамя Берасьця, Менску, Смаленску, маршрут цягніку праходзіць праз Маскву, Пецярбург, а таксама Талін, Рыгу, і Вільню. Падарожжа працягваецца 10 дзён. І у самым “гатэлі на колах” – так аўтар артыкулу называе гэты цягнік – “адчуваеш сябе вельмі камфортна”.
Іншая справа – адчуваньні і пачуцьці ў часе наведаньня той ці іншай краіны. Напрыклад, першыя ўражаньні, які нямецкі журналіст атрымаў, трапіўшы на беларускую зямлю, паводле ягоных словаў вельмі падобныя на час існаваньня ГДР.
Беларускія мытнікі і памежнікі былі такія ж няветлівыя, такія ж падазроныя, што і былыя гэдээраўскія, і зь імі вельмі небясьпечна жартаваць. Як піша нямецкі журналіст, гэта ўсё нагадвае яму кніжку ягонага бацькі “Чырвоны кантынэнт” – сапраўдную бундэсвэр-прапаганду часоў халоднай вайны.
Журналіст падрабязна апісвае, як у Берасьці мяняюцца колы цягніка, а далей – пра цудоўныя драўляныя дамы беларускіх вёсак, якія ён бачыць з вакна свайго купэ.
Што да Менску, то ён выклікае ў рэпарцёра “Die Welt” спрэчныя ўражаньні. З аднаго боку, гэта вельмі чысты горад, з надзвычайнай вечаровай падсьветкай. З іншага боку, у эўрапейскай сталіцы не адчуваецца подыху сапраўднага жыцьця. У самым цэнтры горада – вялізарны будынак такой установы як КГБ, непадалёк, таксама ў цэнтры сталіцы –манумэнт Леніну... Уражаньне, што ў Беларусі час спыніўся, не пакідала нямецкага журналіста. Балазе, прыстаўленая экскурсаводка-перакладчыца пастаянна ў якасьці чарадзейнага слова называла імя “Лукашэнка”. Гэты чалавек пабудаваў у Менску новы вакзал, новы лядовы палац, а таксама будуе бібліятэку і шмат чаго іншага. Вельмі нязвыклая для эўрапейцаў прапаганда.
Журналіст маляўніча апісаў вонкавы выгляд цягніка. Лякаматыў стылізаваны пад мінуўшчыну і пафарбаваны флюарысцэнтнай фарбай. На жаль, пабачыць мне яго не ўдалося, бо ў менскіх вакзальных даведках ня ведалі час прыбыцьця гэтага цягніка. Празь Менск праходзяць і іншыя, папулярныя ў Эўропе турыстычныя цягнікі. Напрыклад, транссыбірскі экспрэс, які зьвязвае тыя ж нямецкія ці швэйцарскія гарады з Сыбірам. Аднак у Беларусі ніхто ня ведае, калі гэты цягнік спыняецца ў Менску ці ў Берасьці.