Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДАЎНІЦА Ў “ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ЗОНЕ” – РЭПАРТАЖ З ЧАЧЭРСКАГА РАЁНУ


Казімер Яноўскі, Чачэрскі раён

Вёскі Шэпатовічы і Сябровічы, што ў Чачэрскім раёне, былі выселены праз чатыры гады пасьля Чарнобыльскай катастрофы – у жніўні 1990 году. Цяпер тут пустэча. Многія хаты згарэлі. У зарасьніках стаяць толькі абгарэлыя цагляныя дымары.

На могілках пытаюся ў перасяленцаў, што страцілі яны тут, у гэтай чарнобыльскай зоне?

(Жанчына: ) “Што страцілі? Здароўе страцілі, нэрвы. Хату спалілі. Цяжка. Во бацькі тут ляжаць. Мы прывыклі да вёскі, да гэтага паветра, дрэваў, да гэтай зямелькі. А што жыць у горадзе, у гэтых, як кажуць, птушатніках”.

(Жанчына: ) “Усё страцілі. А што можна было завезьці на адной аўтамашыне за 55 кілямэтраў? І здароўе страцілі, працуючы тут у калгасе”.

(Жанчына: ) “Вякамі нажывалі, рукі склалі дый паехалі. Нам нічога асабліва ня дазвалялі ўзяць. Паразіла гэта радыяцыя. Машыну падагналі – едзь, куды хочаш”.

(Мужчына: ) “Ткачэнка Міхаіл. Тут я страціў хату, усю маёмасьць. Ня далі толкам нічога вывезьці. Адно толькі за хату сплацілі 11 тысячаў і пад`ёмныя выдалі – па 500 рублёў. Усё”.

Вяскоўцы перасяліліся, хто куды – у Гомельскі, Акцябрскі раён, у Магілёўскую вобласьць. Іншыя ад’яжджалі нават у Казахстан.

Цікаўлюся, як пачуваюць сябе перасяленцы на новых месцах?

(Жанчына: ) “Цяпер я жыву ў Рудні Марымонавай, у Гомельскім раёне. Дом я свой тут пакінула, палац быў. Там жа далі адзін пакойчык. Як казаў мой муж-нябожчык, сабачую будку, і тая цячэ. Пераклеіла шпалерамі сьцены – яны ізноў мокрыя. Ніхто ня рамантуе. З самай зімы цячэ. Сьцены ізноў чорныя”.

(Мужчына: ) “Я перасяліўся ў Любань Акцябрскага раёну. Там палешукі здароўкаюцца, а за пазухай камень усе адно трымаюць. Прыйшоў у краму, а там кажуць: “Ты з Чарнобылю, ты – заражаны”. Мне толькі адзін бохан хлеба на пяць душ давалі”.

Перасяленцы ня карыстаюцца ніякімі льготамі. Таму чую і такую прапанову ад спадарыні Галіны, якая жыве цяпер у Гомелі:

(Галіна:) “Я б хацела, каб наш прэзыдэнт, нарэшце, пакінуў спорт у спакоі. Хаця б часова. Пакінуў усе іншыя мерапрыемствы і заняўся чарнобыльцамі, перагледзеў справы – хто сапраўдны чарнобылец, хто жыў на тэрыторыі, дзе 60 кюры, хто працаваў па-сапраўднаму, а хто толькі карыстаўся ільготамі не заслужана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG