Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АБАРОНЫ ПОЛЬШЧЫ: “БЕЛАРУСЬ МЕЛА Б ШАНЕЦ УСТУПІЦЬ У НАТО...”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Браніслаў Камароўскі быў міністрам абароны ў папярэднім польскім урадзе і, магчыма, будзе займаць гэтую пасаду ў будучым кабінэце міністраў, бо “Грамадзянскай плятформа” – партыя, да якой ён належыць – ёсьць цяпер найбольш папулярнай палітычнай сілай у Польшчы. Спадар Камароўскі прыхільнік пашырэньня НАТО і неаднаразова выказваў задавальненьне з нагоды нядаўняга далучэньня да альянсу новых сябраў. У сувязі з гэтым, я папрасіў Браніслава Камароўскага пракамэнтаваць пазыцыю беларускага кіраўніка, які напярэдадні чарговы раз выказаўся супраць пашырэньня НАТО на ўсход. Гаворыць Браніслаў Камароўскі.

(Камароўскі: ) “Прэзыдэнт Лукашэнка ёсьць чалавекам з папярэдняй эпохі. Ён хіба забыўся на тое, што Варшаўскі блёк ужо не існуе, а НАТО – гэта ўжо ня тая арганізацыя, якая была да 1989 году. НАТО сёньня ня толькі нікому не пагражае, але ёсьць адзінай стабілізацыйнай сілай у сьвеце і асабліва ў Эўропе. І калі Лукашэнка хоча ўзмацняць вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй у адказ на пашырэньне НАТО, дык гэта акурат ёсьць ідэя зь мінулай эпохі. Бо нават прэзыдэнт Пуцін ужо не ўспрымае НАТО як пагрозу, нягледзячы на тое, што Паўночна-атлянтычны блёк ужо перасёк мяжу былога СССР. Цяпер у склад НАТО ўваходзяць Літва, Латвія ды Эстонія і, як мне падаецца, у будучым да альянсу можа далучыцца Ўкраіна. Такім чынам, трэба папросту зьмяніць погляд на сьвет, на самога сябе і таксама на НАТО”.

(Карэспандэнт: ) “Калі, як Вы кажаце, нават прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зьмяніў сваё стаўленьне да НАТО, чаму, на Вашую думку, беларускі кіраўнік працягвае бачыць у НАТО ворага?”

(Камароўскі: ) “На маю думку, прэзыдэнт Лукашэнка папросту хоча бачыць навакольны сьвет як пагрозу Беларусі дзеля таго, каб не заўважаць іншых праблемаў, зьвязаных з адсутнасьцю дэмакратыі ва ўласнай краіне ці застоем у гаспадарцы. Калі ёсьць зьнешні вораг, значна лягчэй забывацца на ўласныя грахі, памылкі і праблемы. НАТО – ня вораг Беларусі. Папросту мы як сябры НАТО і прэзыдэнт Лукашэнка, безумоўна, не пасуем адно да аднаго”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Камароўскі, вы згадалі таксама пра тое, што Ўкраіна можа ў будучым далучыцца да НАТО. А ці мае, на Вашую думку, такі шанец Беларусь таксама, зразумела, у будучым?”

(Камароўскі: ) “Паўночна-атлянтычны блёк застаецца арганізацыяй адкрытай, аднак сяброўства ў ім заўсёды залежыць ад узроўню дэмакратыі і ад волі самога народу. Калі б Беларусь хацела далучыцца да НАТО, была адпаведна падрыхтаваная, ў тым ліку і што тычыцца ўзроўню дэмакратыі, а таксама мадэрнізацыі ўзброеных сілаў, дык такая дэмакратычная і незалежная Беларусь магла б разьлічваць на падтрымку свайго жаданьня далучыцца да НАТО. Але такое жаданьне павінна зыходзіць ад народу, ад дзяржавы. Звонку такія рэчы не належыць падказваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG