Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА КАНФЛІКТ У ЛДПБ


Віталь Сямашка, Менск

Крымінальная справа распачатая “за незаконнае ўтрыманьне пячатак ды дакумэнтацыі Гарадзенскай, Гомельскай ды Віцебскай філіяў партыі”. Заяву на памянёных асобаў напісаў старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч.

Тым часам былыя намесьнікі Гайдукевіча спадары Маркевіч ды Рабатай падалі скаргу на свайго былога лідэра ў Канстытуцыйны суд. Гэткім чынам, канфлікт у ЛДПБ, які ўзьнік яшчэ на мінулагоднім верасьнёўскім зьезьдзе, паглыбляецца.

Афіцыйныя юрысты прызналі законнымі прапанаваныя Гайдукевічам зьмены ў партыйны статут, згодна зь якімі старшыня самастойна можа прызначаць ды здымаць кіраўнікоў суполак. Чым уласна спадар Гайдукевіч і скарыстаўся, выключыўшы з ЛДПБ ўсіх сваіх апанэнтаў. Я запытаўся ў яго, ці не атрымаецца паўтору сытуацыі, якая ўжо была ў некалі адзіных БНФ ды КПБ, і неўзабаве ўзьнікне ЛДПБ-2.

(Гайдукевіч: ) “Гурток “Умелыя рукі” можа ўзьнікнуць! Калі яны хочуць стварыць палітычную партыю, год-два-тры-чатыры міне, пакуль зьбяруць людзей па абласьцях. Пасьля верасьнёўскага зьезду прыбавіла партыя, і рэйтынг Гайдукевіча вырас! Ніхто Каваль ужо даўно — ён не сябра партыі, не кіраўнік, а проста чалавек, які ўтойваў пячатку. Ну, прайгралі спадыры Рабатай ды Маркевіч — пытаньне зьедзенага яйка не каштуе!”

Свайму былому кіраўніку завочна адказвае з Гарадзеншчыны Сяргей Каваль.

(Каваль: ) “Я думаю, ЛДПБ-2 ня будзе. Будзе партыя Гайдукевіча, а тая частка, што выступала супраць, будзе запатрабаваная ў новых палітычных рэаліях. Ёсьць у нас досьвед вылучэньня назіральнікаў, таксама будзем дапамагаць тым пазытыўным дэмакратычным сілам, якія будуць супраць рэжыму. У нашым рэгіёне свой мэнталітэт. Ёсьць шмат людзей, якія засталіся гаспадарамі на сваёй зямлі. У Берасьцейскай ды Гарадзенскай абласьцях “жырык” ня пройдзе! Пасьля газавай сытуацыі ў Расеі Гайдукевіч вельмі спатрэбіўся ўладзе. Я лічу, што Гайдукевіч і Лукашэнка — тыя людзі, якія вельмі патрэбныя адзін адному. Гайдукевіч абяцаў, што пэўны адсотак нашых актывістаў пройдзе ў мясцовыя Саветы, бо існуе пэўная дамоўленасьць з уладамі. Некаторыя купіліся на гэта, але гэта тое самае, што заяц дамаўляецца з ваўком. Гэта папулісцкая палітыка прывяла да паразы”.

Апанэнты Сяргея Гайдукевіча лічаць, што насмрэч іхная спрэчка будзе вырашаная не судом ды пракуратурай, а падчас бліжэйшых выбараў у Нацыянальны сход. Калі стане ясна, каго падтрымае большасьць шэраговых сябраў ЛДПБ ды простых выбаршчыкаў. Згаджаецца з гэтым і Сяргей Кірыенка з Гомелю.

(Кірыенка: ) “Натуральна, пра што гамана! Мы ня скідваем гэта з рахункаў”.

Напярэдадні эфіру прыйшло паведамленьне, што падчас перамоваў Сяргея Каваля ды яго паплечнікаў з кіраўніком дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргеям Скрабцом, які будзе вылучацца на новы дэпутацкі тэрмін у Лідзе, ад былых сябраў ЛДПБ паступіла прапанова ўсім складам увайсьці ў яго групу падтрымкі. Як паведаміў толькі што Радыё Свабода спадар Скрабец, гэтая прапанова ім прынятая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG