Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГІШПАНЦЫ ПАКІДАЮЦЬ ІРАК


Юры Дракахруст, Прага

Гішпанскі ваенны кантынгент – шосты па колькасьці ў Іраку. 1300 гішпанскіх салдатаў, якія нясуць службы ў Іраку, не зьяўляюцца вырашальным ваенным фактарам, яны складаюць ня болей як 1% толькі ад амэрыканскіх войскаў, дысьлякаваных у Іраку. Але куды больш небясьпечным выглядае гэты крок у палітычным пляне, як прэцэдэнт, які можа паспрыяць адыходу ад кааліцыі іншых краінаў. Варта прыгадаць, што ў разгар баёў за Фалуджу Казахстан заявіў, што вывядзе сваіх салдатаў з Іраку.

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Кандаліза Райс паведаміла, што паводле яе зьвестак яшчэ некаторыя краіны маюць намер згарнуць сваю ваенную прысутнасьць у Іраку. Разам з тым яна падкрэсьліла, што Злучаныя Штаты па-ранейшаму маюць у Іраку эфэктыўную і моцную кааліцыю.

Да словаў Кандалізы Райс варта дадаць, што сапраўды пераважная большасьць краінаў, чые войскі знаходзяцца ў Іраку, заявілі, што браць прыкладу з Гішпаніі ня будуць. Больш таго, некаторыя менавіта ў сувязі з рашэньнем Мадрыду падкрэсьліваюць, што не вывядуць сваіх жаўнераў. Пра рэакцыю Варшавы распавядае наш карэспандэнт у Польшчы Аляксей Дзікавіцкі.

(Дзікавіцкі: ) “Пасьля ўчорашняй заявы Хасэ Запатэры пра рашэньне як мага хутчэй адклікаць гішпанскія войскі з Іраку, міністар абароны Польшчы Ежы Шмайдзінскі адразу правеў перамовы ў гэтай справе са сваім гішпанскім калегам Хосэ Бона. Шмайдзінскі паведаміў, што паводле Бона, вывад войскаў Гішпаніі з Іраку пачнецца прыкладна праз тыдзень, бо гішпанцы ня вераць, што ўрэшце паўстане адпаведаная рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН, якая надавала б місіі ў Іраку мандат ААН.

У Іраку знаходзяцца каля 1300 гішпанскіх вайскоўцаў – гэта прыкладна ў шостая частка міжнароднай дывізіі пад польскім кіраўніцтвам. Паводле міністра абароны Польшчы, кіраўніцтва дывізіі разьлічвала, што гішпанскія жаўнеры выйдуць зь Іраку пазьней, таму цяпер ідуць інтэнсіўныя кансультацыі ў справе рэарганізацыі дывізіі. Гаворыць Ежы Шмайдзінскі.

(Шмайдзінскі: ) “Гаворка ідзе менавіта пра іншы спосаб рэарганізацыі дывізіі, без дадатковых жаўнераў, бо з боку Польшчы павялічэньне кантынгенту не разглядаецца”.

(Дзікавіцкі: ) “Акрамя Гішпаніі, магчымасьць вываду сваіх войскаў з Іраку разглядаюць таксама Партугалія і Баўгарыя, у той час, як стабілізацыйную місію напэўна працягнуць аўстралійцы і вугорцы.

Польскі ўрад заяўляе, што пра выхад з Іраку польскіх частак няма гаворкі і што жаўнеры міжнароднай дывізіі выканаюць свае задачы і без гішпанцаў.

Варшава, аднак, заклікае ААН адыграць больш актыўную ролю ў спыненьні ірацкага канфлікту. Працягвае міністар абароны Польшчы Ежы Шмайдзінскі”.

(Шмайдзінскі: ) “Калі б новая рэзалюцыя Рады Бясьпекі заахвоціла іншыя дзяржавы ўзяць удзел у стабілізацыйнай місіі ў Іраку, гэта пайшло б на карысьць гэтай місіі”.

У нядзелю з гішпанскім прэм’ерам Хасэ Запатэрам размаўляў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі. Запатэра падцьвердзіў намер у хуткім часе наведаць Варшаву.

Пасьля перамогі на выбарах Хасэ Запатэра казаў пра пэрспэктыву вываду гішпанскіх войскаў зь Іраку ўмоўна, маўляў, вывядзем, калі кантроль за аднаўленьнем Іраку ня будзе перададзены ААН. Але як толькі адбылося зацьвярджэньне новага ўраду, Запатэра адразу ж заявіў, што перадача кантролю ААН выглядае малаімаверным і загадаў вывесьці войскі ўжо безумоўна, прычым у найкарацейшыя тэрміны.

У Злучаных Штатах і ў Эўрапейскім Зьвязе шмат хто расцэньвае рашэньне гішпанскага ўраду пра вывад войскаў як саступку тэрарыстам.

Адказваючы на гэтыя абвінавачваньні, гішпанскі прэм’ер-міністар Гішпаніі спаслаўся на “волю народу” і сказаў: “Спачатку мы перамаглі на выбарах і зьмянілі ўрад, а потым амэрыканцы зробяць тое самае, калі захаваюць свае сымпатыі да Джона Кэры”.

Але варта сказаць, што такі намёк стаўся хутчэй “мядзьведзінай паслугай” спадару Кэры. Амэрыканскае грамадзтва зусім ня схільнае да капітуляцыі. Дарэчы, сам Джон Кэры, гэтак жа, як і прэзыдэнт Буш, заклікаў гішпанскага прэм’ера не выводзіць свае войскі з Іраку.

Але абвінавачваньні гішпанскага ўраду ў капітуляцыі падаюцца недарэчнымі. Хасэ Запатэра заўсёды быў супраць гэтай вайны, ён атрымаў уладу законным шляхам і цяпер выконвае свае перадвыбарчыя абяцаньні.

Але ёсьць і іншы бок. На мінулым тыдні лідэр “Аль-Кайды” Ўсама Бін-Ладэн прапанаваў Эўропе адступіцца ад Амэрыкі, а “Аль-Кайда” ў абмен нібыта абяцае, што ня будзе рабіць тэракты ў Эўропе. Ёсьць яшчэ больш яскравы факт: дарадца радыкальнага шыіцкага лідэра ў Іраку Мактады Аль-Садра паведаміў, што ўзброеныя прыхільнікі Аль-Садра атрымалі загад не нападаць на гішпанскія войскі, якія яшчэ застаюцца ў Іраку. Такім парадкам атрымліваецца, што ўрад Гішпаніі як бы прымае прапанову Бін-Ладэна.

Экспэрты выказваюць розныя ацэнкі наконт таго, якія краіны могуць усё ж узяць прыклад з Гішпаніі. Назваюць тую ж Польшчу, Данію, Баўгарыю.

Кіраўнік італьянскага ўраду Сільвіё Бэрлюсконі займае абсалютна цьвёрдую пазыцыю, але ягоны апанэнт, лідэр італьянскіх левых Рамана Продзі ўжо сёньня абяцае, што ў выпадку перамогі на выбарах вывядзе італьянскіх салдатаў у Іраку.

Ня выключана, што як і ў Гішпаніі, тэрарысты маюць намер выкарыстаць гэтыя ўнутрыпалітычныя супярэчнасьці. На мінулым тыдні яны забілі аднаго італьянца, узятага ў закладнікі і абнародвалі відэазапіс забойства. У закладніках утрымліваюцца яшчэ трое італьянцаў. Іх пагражаюць таксама забіць, калі італьянскія войскі ня будуць выведзеныя з Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG