Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЫЛА ПРЫПЫНЕНАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ НА БЕЛАРУСЬ ТЭЛЕКАНАЛУ “РОССИЯ”?

Юры Сьвірко, Менск

Хаця карыстальнікі спадарожнікавых талерак і прыёмнікаў кампаніі “Космас-ТВ” адключэньняў тэлеканалу “Россия” не заўважылі, бальшыня жыхароў Беларусі была пазбаўленая права паглядзець эфір гэтага каналу ўвечары як у суботу, гэтак і ў нядзелю. Намесьніца старшыні Ўсерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вікторыя Аруцюнава, якая адказвае за сувязі з грамадзкасьцю, пракамэнтавала адключэньне гэтак:

(Аруцюнава: ) “Мы ня маем ніякай адмысловай афіцыйнай пазыцыі з гэтай нагоды. У кампаніі да гэтага, як заўжды, нярадасна паставіліся — як здараецца кожны раз, калі беларускі бок дазваляе сабе нешта такое”.

Рэтрансьляцыйны цэнтар у Калодзішчах пад Менскам спасылаецца на факс, дасланы кіраўніцтвам каналу СТВ, які мае цяпер выключнае права на распаўсюд перадачаў тэлеканалу “Россия” на беларускай тэрыторыі. У факсе паведамлялася пра тэхнічную прафіляктыку ад 17-й да 21-й гадзіны і ў суботу, і ў нядзелю. Аднак аўтар праграмы “Зеркало” Мікалай Сванідзэ, якога менская цэнзура першым выключыла з суботняга эфіру, сказаў Радыё Свабода:

(Сванідзэ: ) “Я думаю, што ўсе тэхнічныя тлумачэньні — гэта поўная лухта, выпадковасьцяў такога кшталту не бывае, і мы з вамі гэта цудоўна ведаем. Ясна, што рашэньне пра адключэньне было прынятае пасьля таго, як прайшлі на Рэспубліку Беларусь анонсы праграмы “Зеркало”.

Спадар Сванідзэ дадаў, што менавіта абвестка пра матэрыялы праграмы, дзе плянавалася даволі жорсткае абмеркаваньне палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, і выклікала так званую “прафіляктыку”, якая звычайна робіцца ўдзень па буднях, а не ў прайм-тайм на выходныя. Мікалай Сванідзэ, былы старшыня Ўсерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, таксама заявіў з нагоды факту цэнзуры ў Менску:

(Сванідзэ: ) “Такія рашэньні ніколі ня ідуць на карысьць уладзе. Яны сьведчаць пра паніку й няўпэўненасьць у сабе. Яны сьведчаць, што ўладзе няма чаго адказаць на інфармацыю, якая даецца ў тых праграмах, што яны вырашылі адключыць. Таму яны ня бачаць для сябе іншага варыянту, апрача як проста схаваць галаву ў пясок і прымусіць увесь беларускі народ проста заплюшчыць вочы й ня бачыць тое, што яму паказваюць”.

Я спытаўся ў Мікалая Сванідзэ, ці не зьбіраецца ён адмовіцца ад беларускай тэматыкі ў праграме “Зеркало”, каб яе ўсё ж паказвалі жыхарам Беларусі.

(Сванідзэ: ) “Беларуская тэматыка будзе. І мы будзем працаваць на тэму таго, што адбываецца ў Беларусі, і працаваць гранічна шчыра. Гэта мая аўтарская пазыцыя, але справа ў тым, што я працую на дзяржаўным тэлеканале. І на любым тэлеканале, а на дзяржаўным тым больш, некалькі пазыцыяў — гэта шызафрэнія. Значыць, мая пазыцыя супадае з пазыцыяй каналу”.

Нагадаю, што пасьля газавага канфлікту ў лютым тэлеканал “Россия” распавядаў пра пераход БРСМаўцаў у рух “Зубр” у Баранавічах, і пра царкву ў Бабры, дзе замалявалі выяву грэшніка, падобнага да Лукашэнкі, і пра скандал з лукашэнкавым віншаваньнем нямецкаму канцлеру Шрэдэру за цэлы месяц да ягонага юбілею. Чаму менавіта дзяржаўны тэлеканал з усіх маскоўскіх стаўся цяпер найбольш вострым крытыкам Аляксандра Лукашэнкі? Вось як на гэтае пытаньне адказаў Мікалай Сванідзэ:

(Сванідзэ: ) “Як мне здаецца, прэзыдэнт Лукашэнка паводзіць сябе ўжо доўгі час выключна двудушна ў дачыненьні да Расеі. Калі Вашае пытаньне адносіцца да пазыцыі дзяржаўнага каналу, дык я думаю, што гэта адказ”.

Гл. таксама
БЛЯКАДА РАСЕЙСКІХ ТЭЛЕКАНАЛАЎ — З ГІСТОРЫІ ПЫТАНЬНЯ
ПРЫПЫНЕНАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ НА БЕЛАРУСЬ ТЭЛЕКАНАЛУ “РАСЕЯ”
XS
SM
MD
LG