Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ТРЭБА ЯК МАГА БОЛЬШ ПАКАЗВАЦЬ ІНШУЮ БЕЛАРУСЬ – БЛІЗКУЮ НАМ КРАІНУ СА СВАЁЙ КУЛЬТУРАЙ І МОВАЙ”


Аляксей Дзікавіцкі, Кракаў

Канцэрт гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча, які адбыўся ў самым сэрцы старажытнага Кракава быў, безумоўна, адной з найбольш цікавых падзеяў дзён беларускай культуры. Аднак і іншыя беларускія імпрэзы – ад спэктаклю гарадзенскага тэатру лялек да навукі беларускіх народных сьпеваў і танцаў прыцягнулі ня менш наведвальнікаў. Ці можна сказаць, што першая беларуская імпрэза такога маштабу ў Кракаве атрымалася? Вось меркаваньне выкладчыка гарадзенскага і кракаўскага Ягелонскага ўнівэрсытэтаў Генадзя Семянчука.

(Семянчук: ) “Дні беларускай культуры, безумоўна, атрымаліся. Былі можа не аншлягі, але прыходзіла вельмі шмат людзей у тым ліку і такіх, якія раней шмат ня ведалі пра Беларусь, але якім тое што робіцца там не абыякавае. Для іх гэта нават не настальгія, а адкрыцьцё новага сьвету, які аказаўся не прымітыўным, а даволі высокага ўзроўню, якім ня сорамна хваліцца і які ня сорамна паказваць”.

Са спадаром Семянчуком згодная і Магдалена Квецінская – студэнтка пятага курсу Ягелонскага ўнівэрсытэту, якая вельмі цікавіцца падзеямі ў Беларусі.

(Квецінская: ) “Цяпер Беларусь атаясамліваецца перадусім з Лукашэнкам і таталітарызмам, які там пануе. Але, як мне падаецца, трэба як мага больш паказваць іншую Беларусь – блізкую нам краіну са сваёй культурай, мовай”.

Паводле беларускага навукоўца зь Беласточчыны прафэсара Алега Латышонка, Кракаў, куды ў свой час прыяжджалі вучыцца шмат жыхароў Вялікага Княства, павінен ізноў ператварыцца ў культурны цэнтар для беларусаў.

(Латышонак: ) “Беларусь для жыхароў Кракава краіна экзатычная, у адрозьненьне, прыкладам, ад Украіны. Але, з другога боку, ў стаўленьні да Беларусі няма нэгатыўных стэрэатыпаў, і кракавяне вельмі адкрытыя да беларушчыны. Я думаю, што зь цягам часу гэтай беларушчыны тут будзе ўсё больш”.

Цягам чатырох дзён, беларускія імпрэзы наведалі сотні жыхароў Кракава. Пытаньне, якое найчасьцей задавалася пасьля кожнага спэктаклю, канцэрту ці сустрэчы гучала наступным чынам: “Ці будзе нешта такое і ў наступным годзе?” Генадзь Семянчук упэўнены, што так.

(Семянчук: ) “Мне падаецца, што далей такія мерапрыемствы варта арганізоўваць, запрашаючы ня толькі беларусаў зь Беласточчыны, а ўсіх, што жывуць у Польшчы – студэнтаў, настаўнікаў, якія тут вучацца і працуюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG