Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНА ЗАБАРАНІЛА РАСЕЙСКУЮ МОВУ Ў НАЦЫЯНАЛЬНЫХ РАДЫЁ І ТЭЛЕКАНАЛАХ


Валер Каліноўскі, Прага

Моўнае пытаньне – надзвычай балючае для Ўкраіны, якая мае вялікую расейскую і расейскамоўную грамады, сканцэнтраваныя на поўдні і ўсходзе краіны. Цяпер жа расейская, як і мовы іншых нацыянальных меншасьцяў, будуць дазволеныя толькі лякальным тэлерадыёвяшчальным кампаніям, калі яны дакажуць, што вялікая частка іхных аўдыторыяў зьяўляецца прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў.

Украінскую мову роднай называюць 67% грамадзянаў дзяржавы. 17% насельніцтва Ўкраіны – этнічныя расейцы, пераважная бальшыня якіх хоча, каб іхная мова мела афіцыйны статус. Аднак дзяржаўнай мовай зьяўляецца толькі ўкраінская. Большасьць школаў ва Ўкраіне з часу атрыманьня незалежнасьці пераведзеная на ўкраінскую, дзяржаўная служба вымагае таксама выключна украінскай.

Аднак нягледзячы на ўсе намаганьні ўрада ў справе папулярызацыі дзяржаўнай мовы, многія тэле- і радыёстанцыі вяшчаюць на расейскай мове.

Намесьнік кіраўніка Нацыянальнай Рады ў справах тэлебачаньня і радыё Віталь Шаўчэнка разважае, наколькі шырока ўвайшла расейская мова ў эфір тэле- і радыёканалаў Украіны.

(Шаўчэнка: ) “Калі мы восеньню правялі маштабнае дасьледаваньне, то мы пабачылі, што ў васьмі рэгіёнах: гэта Крым, Севастопаль, Харкаўшчына, Днепрапятроўшчына, Данецк, Луганск, Запарожжа і Мікалаеўшчына,– мова перадачаў на украінскай мове вагалася ад 14% у Крыме да 46% – на Мікалаеўшчыне. Ведаеце, гэта пагрозьлівыя тэндэнцыі”.

Калі Ўкраіна хоча выжыць як незалежная дзяржава, яна павінна абараняць сваю мову, кажуць прыхільнікі апошняга рашэньня.

Віталь Шаўчэнка паведаміў, што будзе сфармаваная назіральная камісія, якая будзе сачыць, як выконваецца пастанова.

Намесьнік старшыні Нацыянальнага камітэту ў справе нацыянальнасьцяў і іміграцыі Рауль Чылакгава ужо запрошаны ў склад гэтай камісіі. Спадар Чылакгава, грузін паводле паходжаньня, ён упэўнены, што новая пастанова не зачэпіць правоў расейскамоўных, паколькі на месцах іхнага кампактнага пражываньня перадачы па-расейску будуць трансьлявацца і далей.

У любым выпадку пад пагрозай цяпер лёс украінскай, але не расейскай мовы, – упэўнены Чылакгава.

(Чылакгава: ) “Нават будучыя філёлягі, выкладчыкі ўкраінскай мовы і літаратуры схільныя паміж сабою гаварыць па-расейску. Я ўжо не кажу пра агульную карціну ці ў транспарце, ці на вуліцы, ці ў розных грамадзкіх месцах, дзе абсалютна пераважае расейская мова”.

Аднак пэўныя палітычныя сілы, і перш за ўсё камуністы, якія маюць большасьць сваіх прыхільнікаў ў расейскамоўных рэгіёнах, выступілі з рэзкай крытыкай новай пастановы. Камуністы зазначаюць, што пастанова пасее варожасьць паміж нацыянальнасьцямі, якія жывуць у дзяржаве.

Шэраг прыватных тэле- і радыёкампаніяў таксама выказалі крытыку новай пастановы, паколькі мінулыя спробы пашырыць украінскую мову ў гэтай сфэры мелі абмежаваны посьпех.

Іншыя нагадваюць, што летась Украіна падпісала хартыю Эўразьвязу па абароне моваў нацменшасьцяў, уключна і ў галіне мас-мэдыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG