За паўночнай ваколіцай Добрушу над полем высока ўзьнімаецца пыл. Здалёк відаць, што тут вядзецца сяўба. Трактарысты прыпынілі свае машыны, каб чарговы раз заправіць сеялкі насеньнем аўса. У Пятра Азяракіна зь сельгаспрадпрыемства “Добрускі” я пытаюся: ці патрэбная ўсё-такі мэханізатарам на сяўбе ідэалёгія?
(Азяракін: ) “Ад гэтага лепей ня будзе”.
(Карэспандэнт: ) “А ад чаго лепей будзе?”
(Азяракін: ) “На полі трактарысту патрэбныя ўсе паслугі — зарплата, запчасткі, абеды, самае асноўнае. На сяўбе ўстаноўленая норма 12 гектараў. Норма вялікая”.
(Карэспандэнт: ) “Што за гэта трактарыст атрымае?”
(Азяракін: ) “5–6 тысяч рублёў”.
(Карэспандэнт: ) “А колькі, на ваш погляд, можна якасна пасеяць за дзень?”
(Азяракін: ) “8–9 гектараў. У нас норма 12 гектараў, і мы працуем дзьве зьмены — зь сямі раніцы і да сямі вечара”, — кажа спадар Азяракін.
Гутарку працягваю з маладым трактарыстам Паўлам Цюфціным:
(Карэспандэнт: ) “А вам на полі ідэалёгія патрэбная?”
(Цюфцін: ) “Не!”
(Карэспандэнт: ) “А што патрэбна?”
(Цюфцін: ) “Абеды патрэбныя і заробак”.
(Карэспандэнт: ) “Абеды вам прывозяць?”
(Цюфцін: ) “Прывозяць адзін раз. Хаця бы два разы прывозілі”, — лічыць малады трактарыст Павал Цюфцін.
Ні мэханізатары, ні сеяльшчыкі штатных ідэолягаў на полі ня бачылі. Але вяскоўцам не да іх — на сяўбе ім патрэбныя рэсьпіратары, каб абараніць органы дыханьня ад пылу. Рэсьпіратараў аднак жа няма.
(Кабушаў: ) “Не выдаюць”.
(Карэспандэнт: ) “А як жа вы ў такім пыле працуеце?”
(Кабушаў: ) “Так і працуем”, — кажа малады сеяльшчык Зьміцер Кабушаў.
Яшчэ адзін працаўнік зь сельгаспрадпрыемства “Добрускі”, трактарыст Сяргей, зь якім я гутарыў блізу вёскі Дударава, лічыць, што ідэалёгіяй прыкрываюць цяпер занядбаную сельскую гаспадарку. Дзяржава крыўдзіць вяскоўцаў:
(Сяргей: ) “Пакрыўдзіла дзяржава нашы ўсе калгасы. Так жа атрымліваеца. Раней мы жылі, было ўсё”.