Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕВЯДОМЫЯ ВЫЛАМІЛІ З БУДЫНКУ “БАЦЬКАЎШЧЫНЫ” МЭМАРЫЯЛЬНУЮ ДОШКУ Ў ГОНАР АКАДЭМІКА ІГНАТОЎСКАГА


Валянціна Аксак, Менск

Каля адзінаццатай гадзіны вечара за вокнамі офісу пачуўся моцны грукат і гучная мужчынская гамана, праз колькі хвілінаў у вокны настойліва забарабанілі. Кіраўнік інфармацыйнага цэнтру “Бацькаўшчыны” Зьміцер Сасноўскі, які яшчэ працаваў у офісе, выйшаў на вуліцу. Там стаяў мужчына, які і пагрукаў, як высьветлілася, у акно. Пра далейшае распавядае спадар Сасноўскі:

(Сасноўскі: ) “Шыльда, прысьвечаная Ўсеваладу Ігнатоўскаму, ляжала ўжо на другім баку вуліцы. Ён сказаў, што выпадкова ўбачыў, як гэтую шыльду здымалі са сьцяны, і нейкія людзі яе адцягвалі. Ён ім зрабіў заўвагу, пагрукаў у акно, паклікаў кагосьці з будынка, пасьля гэтага яны вельмі хутка зьніклі”.

Прыкладна за пятнаццаць мэтраў ад будынку на пустой вуліцы стаяла машына патрульнае службы, і спадар Сасноўскі зьвярнуўся па дапамогу да міліцыянта, які ў ёй сядзеў.

(Сасноўскі: ) “Ён сказаў, што знаходзіўся тут апошнія пяць хвілінаў, але ён нічога ня бачыў. Мяне гэта вельмі-вельмі зьдзівіла. Я сказаў яму, што тут быў вялізны грукат і людзей многа было, калі дошку зьдзіралі”.

Гэта ня першы выпадак, калі з будынку “Бацькаўшчыны” невядомыя зьдзіраюць усталяваныя на ім мэмарыяльныя шыльды ў гонар славутых дзеячоў беларускае культуры і навукі. Каля двух гадоў таму была скрадзеная шыльда, прысьвечаная клясыку беларускае літаратуры Максіму Гарэцкаму. Тады была заведзеная крымінальная справа, але міліцыя не знайшла злодзеяў. Праз колькі часу шыльду падкінулі ў двор за будынкам офісу. Абедзьве дошкі зробленыя з малакаштоўнага мэталу, таму вэрсіі крадзяжу сябры ўправы “Бацькаўшчыны” выключаюць. Адкідаюць яны і вэрсіі бязмэтнага хуліганства. Гаворыць Зьміцер Сасноўскі:

(Сасноўскі: ) “Наўрад ці патрэбна было нейкім хуліганам прыкладаць такія вялізныя намаганьні, каб цяжкую, жалезную, вялікую шыльду зьняць са сьцяны і адцягваць па вуліцы.Сэнс проста адсутнічае. Я лічу, што гэта спосаб прадэманстраваць стаўленьне некаторых людзей, некаторых сілаў да нашай культуры і да нашай дзейнасьці”.

Нягледзячы на гэта, мэмарыяльную шыльду ў гонар Усевалада Ігнатоўскага пасьля яе рэстаўрацыі сябры ўправы зьбіраюцца вярнуць на ранейшае месца.

(Сасноўскі: ) “Мы жывем на сваёй зямлі, і калі мы будзем баяцца, дык што? Атрымліваецца — не хадзіць па ёй? Мы будзем вешаць гэту шыльду. Другі раз шыльду ў гонар Максіма Гарэцкага мы павесілі моцна, цяпер мы вымушаныя зрабіць гэта з шыльдай Усевалада Ігнатоўскага. Але я ня думаю, што людзей, якія здолелі выламіць цяпер шыльду, зноў нешта спыніць, але не павінна спыніць і нас, таму што гэта нашыя героі, і мы павінны іх ушаноўваць”, — сказаў кіраўнік інфармацыйнага цэнтру Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Зьміцер Сасноўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG