Пасьля сяброў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў пра парушэньне сваіх правоў уладамі Беларусі будуць сьведчыць прадстаўнікі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня і Свабоднага прафсаюзу. Раней плянавалася, што паказаньні дадуць сорак чалавек. Але напачатку працы чальцы камісіі заявілі, што выслухаюць усіх, хто пажадае выказацца. З боку прафсаюзаў замоўлены сьпіс зь сямідзесяці чалавек. Паказаньні гэтаксама мусяць даць і прадстаўнікі ўраду. Учора такая сустрэча адбылася зь міністрам працы Антанінай Моравай. Вось што пра гэта паведаміў кіраўнік місіі Будыслаў Вукас:
(Вукас: ) “Ва ўсялякім разе, мы замаўлялі сустрэчы з самымі высокапастаўленымі чыноўнікамі ўраду Беларусі. І той факт, што мы сустракаліся зь міністрам працы, ёсьць неблагім паказчыкам у намеры супрацоўнічаць”.
Пасьля завяршэньня працы камісіі ў Менску слуханьні прадоўжацца ў Жэнэве. Абвінавачаньні на адрас ураду Беларусі там будуць выстаўляць прадстаўнікі Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў. Менавіта паводле заявы апошняй і быў арганізаваны надзвычайны візыт у Беларусь місіі МАП. Дакладчыкам з боку абвінавачаньня ў Жэнэве будзе выступаць прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі Вадзім Барысаў. У інтэрвію Радыё Свабода ён паведаміў, якім будзе зьмест ягонага дакладу:
(Барысаў: ) “Ураду будзе выстаўленае абвінавачаньне за ўмяшальніцтва ў прафсаюзныя справы, у выбары. Урад фактычна парушае і закон аб працы, і статуты прафсаюзаў. У цэлым гэта парушэньне правоў прафсаюзаў паводле дзьвюх канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы №87 “Аб свабодзе аб’яднаньняў” і Канвэнцыі №98 “Аб арганізацыі і праве на вядзеньне калектыўных перамоваў”, якія Беларусь ратыфікавала яшчэ ў 1956 годзе”.
Хто з высокапастаўленых чыноўнікаў будзе сустракацца зь сябрамі місіі ў Менску, пакуль невядома. Але ў Жэнэве ўрад Беларусі будуць рэпрэзэнтаваць ня першыя асобы, як таго прасілі чальцы МАП, а намесьнікі міністраў і кіраўнікі ўправаў міністэрстваў працы і юстыцыі.