Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЛАНЬНЕ ЛУКАШЭНКІ НАЦЫЯНАЛЬНАМУ СХОДУ: ЦІ МОЖНА ЧАКАЦЬ ЗЬМЕНАЎ У ПАЛІТЫЦЫ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Пасланьне Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу — важная грамадзкая падзея. Ніхто асабліва не чакаў нейкіх сэнсацыйных заяваў, кардынальных зьменаў у палітыцы. Тут найбольш важныя тыя акцэнты, якія расставіў кіраўнік дзяржавы адносна кірункаў зьнешняй і ўнутранай палітыкі. У пасланьні былі зробленыя спробы адказаць на актуальныя пытаньні, якія стаяць перад Беларусьсю. Як бы вы маглі ацаніць адказы на гэтыя пытаньні? Наколькі гэтыя адказы былі адэкватныя выклікам часу?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Найперш хацеў бы адзначыць, што тыя сьпічрайтэры, якія рыхтавалі гэты дакумэнт, добра папрацавалі. Стылем выступ мае такі мадэрнізаваны выгляд, я бы сказаў нават, вэстэрнізаваны. Таму што выразы кшталту “выклікі 21 стагодзьдзя”, “інфармацыйныя тэхналёгіі”, “глябальныя пагрозы” — гэта з заходняй палітычнай лексыкі, хутчэй у стылі Буша. І разам з тым, пры усёй такой сучаснай тэрміналёгіі, ад прапанаваных адказаў на гэтыя пытаньні часьцяком патыхае савецкім нафталінам. Такое ўражаньне, што старой сыстэме, паравой машыне загадваюць узьляцець. Але калі машына ў прынцыпе ня зробленая дзеля таго, каб лётаць, то гэта зрабіць немагчыма”.

(Аляксандар Старыкевіч: ) “У мяне ўражаньне ад выступу Лукашэнкі як ад дэманстрацыі чарговай моднай калекцыі. Звычайна калекцыі кожны год прэзэнтуюць чатыры разы: вясной, летам, восеньню і зімой. У нас гэта адбываецца адзін раз на год. Лукашэнка абвяшчае, што сёньня модна для чыноўнікаў, на што яны павінны зьвяртаць максымальную ўвагу. Але рэальнага сэнсу, рэальных адказаў на пытаньні, якія стаяць перад краінаю, у пасланьнях ніколі не было. Не было іх і сёньня”.

(Карбалевіч: ) “Першы разьдзел пасланьня тычыцца міжнароднай палітыкі. На першае месца пастаўленае пытаньне аб пагрозе тэрарызму. Гэта актуальная праблема для ўсяго сьвету. Значная ўвага нададзена дзьвюм найбольш актуальным для Беларусі замежнапалітычным праблемам: пашырэньню на ўсход НАТО і Эўразьвязу; інтэграцыі з Расеяй. На што бы вы зьвярнулі ўвагу ў гэтых тэзысах?”

(Класкоўскі: ) “Возьмем аналіз каранёў міжнароднага тэрарызму. Ён фактычна зводзіцца да бальшавіцкай дактрыны: ёсьць багатыя і бедныя, багатыя ня хочуць дзяліцца, таму бедныя нішчаць гэтыя хмарачосы. Фактычна, гэта ўскоснае апраўданеьне такіх нечалавечых мэтадаў барацьбы. Адносна пашырэньня НАТО, тут была аддадзеная даніна традыцыі. І Лукашэнка чарговы раз засьведчыў сваю пазыцыю. Але, ведаючы экспрэсіўнасьць Лукашэнкі, трэба аддаць належнае, ён не сказаў нічога лішняга.

Што тычыцца пытаньня аб інтэграцыі з Расеяй. Тут прагучала, хоць вельмі дыпляматычна, тое, да чаго ўжо даўно прыйшлі незалежныя аналітыкі: саюзны преэкт фактычна пахаваны. Прычым, пахаваньне, так бы мовіць, элегантнае. Таму што ніякіх выпадаў на адрас Крамля на гэты раз не было. Разам з тым, былі сфармуляваныя такія ўмовы інтэграцыі, якія для Пуціна, і гэта добра вядома, непрымальныя. Лукашэнка заявіў, што сэнс праводзіць рэфэрэндум наконт Канстытуцыйнага акту ёсьць толькі тады, калі ён будзе значна мацнейшы за дамову 1999 году. У той час як Пуцін увесь час свайго кіраваньня пад рознымі соўсамі спрабуе рэвізаваць гэтую дамову. Паколькі Лукашэнка адмаўляецца ад рэфэрэндуму пра “пусты” Канстытуцыйны акт, то, я мяркую, хутчэй за ўсё, сьпее варыянт пралянгацыі паўнамоцтваў аўтаномна ад Расеі”.

(Старыкевіч: ) “Я ня згодны з тым, што саюзны праект ужо пахаваны. Хутчэй, ён закансэрваваны да лепшых для Лукашэнкі часоў, якія, праўда, могуць і не надысьці. Бо ўчора ён быў інтэгратарам, сёньня ён незалежнік, заўтра, калі кан’юнктура зьменіцца і Лукашэнка ўбачыць шанец прэтэндаваць на валадараньне Крамлём, то афіцыйны Менск зноў пачне ініцыяваць інтэграцыйнае будаўніцтва. А цяпер, я згодзен, кіраўнік Беларусі паставіў сытуацыю ў межы, якія непрымальныя для Пуціна”.

(Карбалевіч: ) “Я бы зьвярнуў увагу на такія аспэкты выступу Лукашэнкі. Хоць праблема тэрарызму прызнаная галоўнай для сучаснага сьвету, але Беларусь ня будзе далучацца да міжнароднай супольнасьці ў барацьбе з гэтай зьявай. Як было сказана, Беларусь “у геапалітычныя гульні пад лёзунгам барацьбы з тэрарызмам уцягвацца не зьбіраецца”. Даволі станоўча было ацэненае пашырэньне Эўразьвязу на ўсход. Мне падаецца, гэта новы акцэнт. Дагэтуль Беларускае тэлебачаньне ўвесь час бэсьціла гэтае пашырэньне, паказвала, як цяжка давядзецца жыць народам Балтыі, Польшчы, якія ўступаюць ў Эўразьвяз.

Што тычыцца інтэграцыі з Расей, то сапраўды, ніякіх новых ідэяў Лукашэнка тут ня вылучыў. А ў мінулым годзе Лукашэнка ў пасланьні заявіў, што мы прапанавалі Крамлю нейкі прарыўны варыянт інтэграцыі. І той факт, што кіраўнік дзяржавы ня зьвязвае рэфэрэндуму з Канстытуцыйным актам, таксама сьведчыць аб тым, што ён ня зьвязвае надзеяў на вырашэньне сваіх унутрыпалітычных праблемаў з дапамогаю Расеі. Што нас чакае ва ўнутрыпалітычным жыцьці, эканамічнай палітыцы, сацыяльнай сфэры?”

(Класкоўскі: ) “Нічога новага мы не пачулі. Трэба адзначыць такі момант: аб павышэньні дабрабыту было сказана толькі праз гадзіну пасьля пачатку выступу. А першым разьдзелам ішла складаная міжнародная абстаноўка. Гэта такі прыём, каб на гэтым фоне паказаць, што нейкімі неверагоднымі высілкамі, мудрай палітыкай удаецца захаваць гэты, як ён кажа “чысты, белы астравок”. Дарэчы, наконт таго, што мы ня ўцягваемся ў геапалітычныя гульні. Але ж ніхто і не запрашае. Таму тут вялікай заслугі няма.

Лукашэнка адзначыў, што ў канцы году сярэдні заробак павінен быць 190–200 даляраў. А цяпер ён крыху большы за 130 даляраў. Атрымліваецца, што трэба, каб заробак падскочыў за некалькі месяцаў амаль на траціну. Гэта можна зрабіць толькі нейкімі штучнымі мэтадамі, коштам, умоўна кажучы, эканамічных анаболікаў. А гэта рана ці позна выйдзе бокам. Гэта па-першае. Па-другое, нічога не гаворыцца пра тое, што даляр стаў слабейшы, і рост заробку ў даляравым эквіваленце ня сьведчыць аб такім жа павышэньні рэальнага заробку. Па-трэцяе, расьце кошт камунальных паслугаў”.

(Старыкевіч: ) “Я ацаніў бы гэтыя разьдзелы вельмі коратка: колькі гузікаў ня сей, ніводнай кашулі ня вырасьце. Бо тое, што прапануецца, за дзесяць гадоў даўно навязла на зубах. Нарыклад, напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбраў нам паведамлялі, што беларуская вёска расквітнела пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, а цяпер высьвятляецца, што яе трэба адраджаць. Усё гэта штучная гульня словамі. І да прынцыповых зьменаў яна не вядзе”.

(Карбалевіч: ) “Хачу зноў зьвярнуць увагу, што ў пасланьні ўжывалася сучасная рыторыка. Рабіўся акцэнт на ролю навукі, сучасныя тэхналёгіі, рэформу сыстэмы адукацыі, інвэстыцыі. Але ўсе гэтыя праблемы зьбіраюцца вырашаць старымі мэтадамі, у межах той самай сацыяльнай мадэлі, якая існуе ў краіне. Прычым, у гэтым жа выступе даваліся прыклады неэфэктыўнасьці гэтай мадэлі. Напрыклад, Лукашэнка адзначыў, што ў мінулым годзе дзяржаўныя субсыдыі прадпрыемствам склалі каля 500 мільёнаў даляраў. Але 90% гэтых сродкаў былі праедзеныя. Але выснова з гэтага зробленая такая: урад павіне больш уважліва сачыць за тым, каму і на што ён гэтыя грошы дае. Таму чакаць, што старыя эканамічныя формы дадуць нейкі эфэкт, мусіць, не даводзіцца. Хоць Лукашэнка, мусіць, верыць у эфэктыўнасьць гэтай мадэлі й не зьбіраецца яе мяняць.

Апошні разьдзел пасланьня прысьвечаны выбарам у Палату прадстаўнікоў, якія адбудуцца восеньню гэтага году. Якія моманты вы маглі тут адзначыць?”

(Класкоўскі: ) “Было зроблена некалькі рэвэрансаў у тым сэнсе, што ён ня хоча рабіць сваім апанэнтам падарункаў у выглядзе скандалаў, нейкіх дубаломных мэтадаў, скіраваных супраць апазыцыі. Ён адзначаў, што калі ласка, — усе хто хоча, удзельнічайце ў выбарах, выяўляйце сябе. Разам з тым, было выказана некалькі тэзысаў, якія зводзяць на нішто папярэднія дэклярацыі. Па-першае, было заяўлена, што ў гэты адказны пэрыяд нельга мяняць выбарчае заканадаўства. Гэта значыць, што дэмакратызацыі Выбарчага кодэксу, чаго дамагаецца апазыцыя, ня будзе.

Па-другое, хоць ён абяцаў асабіста забясьпечыць працэс выбараў, Лукашэнка абмаляваў сваё бачаньне новага беларускага парлямэнту. Гэта варыянт такога савецкага квазіпрадстаўнічага органу, дзе павінны быць прадстаўленыя вэтэраны, моладзь і каля 30–40% жанчын. То бок, ён апавядаў пра свой плян зрабіць дэкаратыўны парлямэнт, які бы паслухмяна штампаваў патрэбныя рашэньні. Таму пры ўсёй мадэрнізаванай лексыцы, тыя схемы і мэтады, якія прапануюцца для вырашэньня вельмі складаных задачаў 21 стагодзьдзя, патыхаюць учорашнім днём”.

(Старыкевіч: ) “Думаю, што ўмовы выбарчай кампаніі будуць яшчэ больш жорсткія, чым у 2000 годзе. Адміністрацыя прэзыдэнта будзе імкнуцца зрабіць такі Нацыянальны сход, які яна будзе кантраляваць на 100%. Лёгіка рэжыму такая, што ён будзе далей толькі заціскаць гайкі як мага больш”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, з аднаго боку, была такая рыторыка, што выбары ў нас будуць дэмакратычнымі, што мне не патрэбны парлямэнт, у якім будзе ўсеагульны “одобрямс”. А зь іншага боку, паводле думкі Лукашэнкі, у гэтым парлямэнце павінна быць 30–40% жанчын і не павінна быць бізнэсоўцаў. То бок, Лукашэнка сам сябе абвяргае, пацьвярджае здагадкі, што выбары будуць кантраляваныя. Такім чынам, галоўная выснова з выступу Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе такая: ён спрабуе прымусіць створаную ў Беларусі сацыяльна-эканамічную мадэль адказаць на выклікі часу. Але, нягледзячы на сучасную рыторыку пасланьня, зьмест яго, як адзначылі мае суразмоўцы, зь мінулых часоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG