Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛ ФРАЛОЎ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ГЕНЭРАЛ ЧАРГІНЕЦ ДАПАМОГ ЯМУ ЛЕПШ ДАВЕСЬЦІ СВАЕ ПЫТАНЬНІ ДА ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Мікалай Чаргінец перакананы, што Валеры Фралоў нічога не разумее ў беларуска-расейскіх дачыненьнях і дарэмна нападае на Аляксандра Лукашэнку:

(Чаргінец: ) “Адносна генэрала Фралова. Ён не абараняе Расею, а проста шукае лёгкіх і танных палітычных дывідэндаў. Генэрал Фралоў нават не захацеў разабрацца ў справе гэтай, я лічу абразьлівай, прапановы, — каб Беларусь увайшла ў склад Расеі. Беларусь сувэрэнная краіна, якая за сваю незалежнасьць аддала ў гады другой усясьветнай вайны жыцьцё кожнага трэцяга свайго грамадзяніна. Лукашэнка ў кантэксьце саюзнай дамовы сказаў, што мы гатовыя пайсьці настолькі далёка, наколькі гатовая Расея. Выкруцілі гэты сэнс і пачалі падаваць халера ведае як. Фралоў, і блізка не ўнікаючы ў гэтыя словы, пачаў выстаўляць прэтэнзіі свайму галоўнакамандуючаму. Вось чаму я даў адказ Фралову. Я добра ведаю патэнцыйныя магчымасьці Аляксандра Лукашэнкі. Малады мужчына, які можа вырашаць дзяржаўныя праблемы ў інтарэсах сваёй краіны, патрэбны Беларусі. Я за тое, каб правесьці рэфэрэндум, і няхай народ выкажа думку”.

Дэпутат Фралоў адкідае абвінавачаньні Лукашэнкі ў тым, што ён як генэрал выступае супраць беларускага галоўнакамандуючага. І вось чаму:

(Фралоў: ) “Ён ня вельмі разумее, як бывае ў вайскоўцаў. Ня ён мне гэтыя пагоны даваў. Ён яшчэ калхозам кіраваў, калі ў мяне ўжо гэтыя пагоны былі. А цяпер думае, што ён галоўнакамандуючы! Я генэрал у адстаўцы. Пагоны як мне некалі далі, так яны і будуць захоўвацца да самай маёй сьмерці. Што тычыцца Чаргінца, то гэта падпявала, ён гатовы дэманстраваць прэзыдэнту вельмі вялікую адданасьць. Мне здаецца, што Чаргінец мяне наадварот — трохі падтрымаў. Прэзыдэнт неяк адышоў ад гэтых пытаньняў, а тут ён пачаў… Ён у міліцыі, здаецца, служыў? Дык я трохі болей за яго разумею ў гэтых справах. Мне здаецца, што камунальныя паслугі вельмі важныя для людзей, дый адносіны з Расеяй вельмі важныя для нашай краіны. Каб была нейкая яснасьць, і зразумела для ўсіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG