Дэпутат Уладзімер Парфяновіч так пракамэнтаваў адказы Аляксандра Лукашэнкі на свае пытаньні:
(Парфяновіч: ) “Я ў гэтых адказах адным не задаволены, што Беларускае тэлебачаньне не паказвае ўсяго, як там адбывалася. Бо палова маіх пытаньняў і адказаў не была паказаная”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а што было насамрэч, як рэагавалі ў кулюарах калегі?”
(Парфяновіч: ) “Добра рэагавалі, ніхто не казаў, што дрэнна задаваў пытаньні. На розныя пытаньні былі розныя адказы. Ён сам добра ведае, што пад прымусам заганяюць у БРСМ. А калі Лукашэнка гаворыць, што гэтым павінен займацца спадар Арда — то для мяне гэта сьмешна. Я ўпершыню ўбачыў не таго прэзыдэнта, які быў раней. Я пабачыў слабога чалавека”.
Дэпутат Іван Пашкевіч лічыць, што гэтае пасланьне Лукашэнкі было больш стрыманае і канструктыўнае, чым папярэднія:
(Пашкевіч: ) “Маё пытаньне тычылася ўказу прэзыдэнта аб ільготным крэдытаваньні жыльля для шматдзетных сем’яў. Указ вельмі слушны, але не было прынятае рашэньне, як гэты ўказ будзе ўступаць у дзеяньне. Мне асабіста спадабалася, што пасьля майго пытаньня прэзыдэнт даў даручэньне кіраўніку Нацбанку, каб гэты ўказ распаўсюдзіўся на ўсе сем’і, якія ўжо маюць трох і болей дзяцей. Упершыню за ўсе гэтыя гады было найбольш стрыманае і канструктыўнае пасланьне. Я, напрыклад, не пачуў, што апазыцыя ня будзе дапушчаная да выбараў, ці што супраць яе будуць прынятыя нейкія захады. Пэўна ж, што будзе на самой справе — мы ўбачым, але такі падыход і такія заявы ўпершыню”.