Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЁСЦЫ ГЛУША НЕВЯДОМЫЯ ВАНДАЛЫ АПАГАНІЛІ СВАСТЫКАЙ ДОМ ПІСЬМЕНЬНІКА АЛЕСЯ АДАМОВІЧА


Ганна Соусь, Менск

Я гутару з дачкой Алеся Адамовіча Натальляй, стоячы побач з чатырохпавярховай “хрушчоўкай” на вуліцы Акадэмічнай. У гэтым доме Алесь Адамовіч і яго сям’я пражылі каля дзесяці гадоў. Памятнай шыльды на доме няма, як не было яе і на доме Адамовічаў ў вёсцы Глуша, дзе прайшло дзяцінства Алеся Адамовіча, і дзе ён пахаваны. Як мяркуецца, на пачатку красавіка невядомыя вандалы ўчынілі пагром у гэтым доме. Яны размалявалі сьцены і падлогу свастыкай і пратнулі нажамі партызанскія фатаздымкі маці пісьменьніка Ганны Адамовіч.

(Натальля: ) “Самае жахлівае — гэта свастыка. Нажы, якія яны паўтыкалі, гэта нашыя, хатнія. Было перавёрнутае ўсё, усе паліцы выкінутыя. Мы дом адмыем, прывядзем усё у парадак. Усё роўна будзем прыяжджаць, шанаваць і жыць там. Але як яны душы свае адмыюць, гэтыя людзі? Таму што Гасподзь усё роўна ўсё бачыць. Першае, што было — гэта боль. А чым гэта выклікана, незразумела. І чаму менавіта цяпер? Таму што дом гэты стаіць па паўгоду пусты ўжо 25 гадоў. Адзін чалавек мне сказаў: “Можа, атмасфэра ў краіне такая”, — распавяла дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч.

А вось што паведаміў Радыё Свабода выканаўца абавязкаў начальніка бабруйскай міліцыі Аляксандар Ваўчок:

(Ваўчок: ) “13 красавіка была распачатая крымінальная справа. Праводзім папярэдняе дасьледаваньне. Затрымалі групу падлеткаў, цяпер адпрацоўваем вэрсію пра іх датычнасьць да гэтай справы. Раней яны рабавалі лецішчы. Але канкрэтна па гэтым злачынстве пакуль дадатковай інфармацыі няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці маюць гэтыя падлеткі дачыненьне да нейкай арганізацыі?”

(Ваўчок: ) “Не, ня маюць. Непаўнагадовыя, у школе навучаюцца”, — паведаміў прадстаўнік бабруйскай міліцыі Аляксандар Ваўчок.

Адметна, што за дзень да таго, як быў апаганены дом Адамовічаў у Глушы, у Бабруйску адбылося адкрыцьцё фотавыставы Яўгена Коктыша “Адамовіч: постаць і час”. Наталья Адамовіч цяпер дамагаецца адкрыцьця музэю ў будынку аптэкі ў Глушы, дзе падчас вайны жыла і працавала маці Алеся Адамовіча.

(Адамовіч: ) “Ідэя была — “Вайна пад стрэхамі”, музэй таго жыцьця, што тут было, самога вобразу. Таму што вобраз “вайна пад стрэхамі” ўпершыню быў пражыты і асэнсаваны менавіта Адамовічам — сваім жыцьцём, маёй бабуляй і ўсімі глушанамі”.

Натальля Адамовіч адзначае, што ўшанаваньне памяці яе бацькі збольшага адбываецца з ініцыятывы сваякоў ці канкрэтных асобаў і аб’яднаньняў, але не дзяржавы. Беларускі ПЭН-Цэнтар штогод уручае прэмію імя Алеся Адамовіча за найлепшую журналіскую працу. Аднак у Беларусі дагэтуль няма як музэю, так і помніка Алесю Адамовічу. З 1997 году блізкія пісьменьніка дамагаліся, каб вуліцу Кастрычніцкую ў Глушы перайменавалі ў вуліцу Адамовіча, аднак улады пайшлі толькі на тое, каб надаць імя пісьменьніка невялічкай вуліцы ў пасёлку.

Зусім нядаўна ўпершыню за 10 гадоў выйшла першая кніга Алеся Адамовіча ў беларускім дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” накладам 2 тысячы асобнікаў. У кнізе зьмешчаныя “Хатынская аповесьць” і аповесьць“Карнікі”. Дарэчы, у “Карніках” упершыню ў Беларусі надрукаваная глава “Дублёр”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG