Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў МЕНСК ПЕРАСТАЛІ ЕЗЬДЗІЦЬ РАСЕЙСКІЯ ГУБЭРНАТАРЫ?


Юры Сьвірко, Менск

Кіраўнік яраслаўскай дэлегацыі, што вядзе ў Менску перамовы, — адзін з трох першых намесьнікаў губэрнатара Анатоля Лісіцына. Раней таго, як і кожнага расейскага губэрнатара, прымаў Аляксандар Лукашэнка, і візыты такіх дэлегацыяў падаваліся як чарговы этап умацаваньня сувязяў Беларусі з расейскімі рэгіёнамі. Аднак, паводле неафіцыйных зьвестак з Крамля, пасьля газавага скандалу ў лютым, калі спадар Лукашэнка абвінаваціў Уладзімера Пуціна ў дзяржаўным тэрарызьме, Масква рэкамэндавала кіраўнікам рэгіёнаў устрымацца ад паездак у Беларусь. Гэта ўскосна пацьвердзіў і прэсавы сакратар яраслаўскага губэрнатара Дзьмітры Карабчукоў, які заявіў, аднак, што яго шэф Анатоль Лісіцын — чалавек самастойны:

(Карабчукоў: ) “Анатоль Іванавіч — калі прыгадаць досыць даўнюю гісторыю, калі сапраўды існавала забарона з Крамля на кантакты з Аляксандрам Рыгоравічам, — гэтых забаронаў аслухаўся ледзь не дэманстратыўна. Але цяпер візыту ў Менск не плянавалася – да чутак пра забарону, так скажам”.

Прэсавы сакратар дадаў, што візыту яраслаўскага губэрнатара ў Беларусь найбліжэйшым часам не чакаецца.

У гэтую сераду ў Менску скончыліся дні дзелавога супрацоўніцтва з Разанскай вобласьцю, і яе губэрнатара таксама не было. На мінулым тыдні ў Беларусі знаходзілася дэлегацыя Ніжагародзкай вобласьці, якую ачольваў нават ня віцэ-губэрнатар, а першы намесьнік міністра эканомікі й разьвіцьця прадпрымальніцтва абласнога ўраду Мікалай Пятроўскі. 17 сакавіка ў Беларусі была дэлегацыя Курскай вобласьці Расеі на чале зь віцэ-губэрнатарам Генадзем Плахіх. А да таго ў Менск прыяжджаў намесьнік губэрнатара Тульскай вобласьці Аляксандар Лунёў.

Цягам апошніх двух месяцаў у Беларусі было шэсьць дэлегацыяў з розных рэгіёнаў Расеі — і ніводнага губэрнатара. Чаму? — спытаўся я на брыфінгу ў прэсавага сакратара беларускага МЗС Андрэя Савіных:

(Савіных: ) “Пра такую забарону нам нічога невядома. Найхутчэй, гэта спэкуляцыя журналістаў. У нас ужо адбылося шмат візытаў першых асобаў. То бок тыя візыты, якія ажыцьцяўляюцца дзеля разьвіцьця, выкананьня гэтых захадаў, могуць ажыцьцяўляцца на больш нізкім узроўні”.

(Карэспандэнт: ) “А ці плянуецца прыезд нейкага губэрнатара найбліжэйшым часам?”

(Савіных: ) “Мы вас праінфармуем”.

Апошні раз Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з расейскім губэрнатарам, калі 4 сьнежня летась прымаў у сябе кіраўніка Калінінградзкай вобласьці Ўладзімера Ягорава. А да таго пры канцы кастрычніка ён размаўляў у Менску з губэрнатарам Разанскай вобласьці Вячаславам Любімавым.

Сам спадар Лукашэнка езьдзіў зь візытам у Маскву як у рэгіён Расеі пры канцы верасьня 2003 году. Што да іншых рэгіёнаў, дык у чэрвені 2002 году быў скасаваны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Саратаў, дзе таксама праходзіла выязное паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, на якім абмяркоўвалі правы чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG