Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУШ АДХІЛЯЕ ПАРАЎНАНЬНІ ІРАКУ ЗЬ ВІЕТНАМАМ


Віталь Цыганкоў і Валер Каліноўскі, Прага

Напачатку сваёй прамовы Буш прызнаў, што апошнія два тыдні былі вельмі складанымі для амэрыканскіх войскаў у Іраку, і паведаміў, што ён гатовы даслаць падмацаваньне ў Ірак, калі кіраўніцтва войскаў кааліцыі папросіць аб гэтым. Але Буш выказаў упэўненасьць, што апошняя хваля супраціву – гэта толькі часовая зьява, якая не адлюстроўвае настроі большасьці Іракцаў. “Гэта не грамадзянская вайна, гэта не народнае паўстаньне. Большасьць Іраку адносна спакойная”, – заявіў прэзыдэнт ЗША.

Усяго ў красавіку загінулі 83 амэрыканскія жаўнеры – гэта больш чым у якім іншым месяцы пасьля зьвяржэньня Садама Хусэйна год таму. Усяго ж ад пачатку ірацкай кампаніі загінулі 672 амэрыканскія вайскоўцы.

Гвалтоўныя падзеі ў Іраку апошняга месяца набылі асаблівае палітычнае значэньне за сем месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Ухваленьне палітыкі прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ўпала, паводле большасьці соцыялягічных дасьледаваньняў, да 50%.

Прэзыдэнт Буш, аднак, рашуча адхіліў параўнаньне сёньняшняй ірацкай сытуацыі зь Віетнамам канцы 1960-х. Нагадаем, тады прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан з-за паразы ў Віетнаме ня стаў вылучаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары. Буш сказаў, што ён гатовы паўстаць перад судом амэрыканскіх выбаршчыкаў і крытычна выказаўся наконт тых, хто параўноўвае Ірак зь Віетнамам.

(Буш: ) “Я думаю, гэтая аналёгія няслушная. Я таксама думаю, што такое параўнаньне ўводзіць у зман нашыя войскі і нашых ворагаў. Цяжка адразу прынесьці свабоду ў краіну, якая была ўдушаная тыраніяй. І яшчэ мы павінны заставацца ў Іраку, бо канчатковы вынік адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам”.

Буш таксама заявіў, што ЗША не зьбіраецца адкладаць заплянаваную на 30 чэрвеня перадачу ўлады іракцам. Ён паведаміў, што Вашынгтон адразу прызнае новы ірацкі ўрад, і прызначыць свайго амбасадара ў краіну.

Паводле Буша, ваенныя дзеяньні ў Іраку – толькі адзін з франтоў у вайне супраць тэрору. Буш адзначыў, што за апошнія дзесяцігодзьдзі былі толькі саступкі, якія адно падбадзёрвалі ворагаў і разьвязвалі ім рукі. Аднак цяпер упершыню цывілізаваны сьвет рашуча адказаў на ідэалёгію тэрору сэрыяй моцных і эфэктыўных удараў, – лічыць прэзыдэнт ЗША.

***

Тым часам сёньня амэрыканскія вайсковыя сілы працягваюць групавацца ў паўночных прыгарадах Наджафа, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў руках шыіцкіх паўстанцаў. Да Наджафа дадаткова накіравана дзьве з паловай тысячы вайскоўцаў. Яны рыхтуюцца да магчымай атакі. Не выключана, што ў Наджафе знаходзіцца і лідэр паўстанцаў Муктада Аль-Садр. Амэрыканскае камандаваньне загадала забіць альбо захапіць Аль-Садра. Тым часам сам Аль-Садр заклікаў сваіх суайчыньнікаў да крывавага паўстаньня супраць сілаў кааліцыі, і заявіў па Лібанскай тэлевізіі, што ён гатовы памерці сам у гэтай барацьбе.

Аднак сытуацыя ўскладняецца тым, што Наджаф сьвяты горад для ўсіх шыітаў сьвету, і яны цяпер працягваюць пілігрымкі ў Наджаф на важнае рэлігійнае сьвята Арбаін. Такім чынам прагназаваць, ці пачнецца штурм Наджафа і калі менавіта, цяжка.

Што да іншай, суніцкай часткі Іраку, то зараз у заблякаваным горадзе Фалуджа да пятніцы прадоўжанае перамір’е з мэтай дабіцца перамоўнага працэсу зь мясцовымі сунітамі. Хаця перамір’е гэтае хісткае—кожную ноч баявікі вядуць абстрэл войскаў кааліцыі з кулямётаў, ракет і гранатамётаў. У Фалуджы, паводле неафіцыйных дадзеных, ўжо загінула за час супрацьстаяньня каля 600 іракцаў, удвая болей – паранена. Апошнія два тыдні былі самымі крывавымі з часоў заканчэньня вайны.

На гэтыя час ірацкія баявікі ўтрымліваюць каля 40 закладнікаў з 12 краінаў, патрабуючы каб іх урады выводзілі свае войскі з Іраку.

Амэрыканцы непадалёк ад Багдаду знайшлі целы чатырох зь сямі супрацоўнікаў сваёй кампаніі Halliburton, якія зьніклі на мінулым тыдні.

Амэрыканскае камандаваньне ў Іраку папрасіла прыслаць дадатковы 10-тысячны кантынгент.

Мінулай ноччу былі абстраляныя зь мінамётаў польскія, іспанскія, баўгарскія злучэньні ў Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG