Некаторыя ранейшыя дасьледаваньні сьведчылі, што частыя эякуляцыі ў мужчын падвышалі рызыку разьвіцьця раку прастаты. Прычым незалежна ад таго, ці гэта звычайны полавы акт, ці мастурбацыя. Навукоўцы меркавалі, што часты сэкс нясе мужчынам пагрозу ў выглядзе бактэрыяў і вірусаў, некаторыя зь якіх адказныя за ўзьнікненьне ракавых клетак.
Але вось жа вынікі новага вялікага дасьледаваньня амэрыканскіх мэдыкаў, якія, дарэчы, пацьвердзілі вынікі леташняга невялікага дасьледаваньня ў Аўстраліі, могуць супакоіць сэксуальна актыўных мужчын.
Як паведаміў Дурада Брукс, дырэктар праграмы раку прастаты Амэрыканскай Асацыяцыі раку, у новым дасьледаваньні бралі ўдзел 29 тысяч 342 мужчыны ва ўзросьце ад 46 да 81 гадоў. Яны былі апытаныя адносна іхнай сэксуальнай актыўнасьці і колькасьці аргазмаў у месяц. Апытаньне тычылася розных пэрыядаў іх жыцьця – мэдыкі цікавіліся трэцім і пятым дзясяткамі жыцьця, гэта значыць, пасьля 20 гадоў і пасьля 40 гадоў, а таксама іх актыўнасьцю ў кантрольным 1991 годзе. За 8 гадоў, што прайшлі пасьля 1991 году, 1449 мужчын з тэставанай групы захварэлі на рак прастаты. У сярэднім усе апытаныя мелі ад 4 да 7 эякуляцыяў у месяц. Але аказалася, што ў тых мужчын, якія засьведчылі значна большую сэксуальную актыўнасьць, ніякай падвышанай рызыкі разьвіцьця раку прастаты заўважана не было. Наадварот, дасьледаваньне паказала, што яны маюць значна меншыя шанцы захварэць на рак мужчынскай залозы.
Агулам вынікі наступныя. Мужчыны, якія зазнавалі ад 13 да 20 эякуляцыяў у месяц, маюць рызыку разьвіцьця раку на 14 працэнтаў меншую, а тыя, што мелі прынамсі 21 аргазм у месяц, – на 33 працэнты. Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што частая эякуляцыя дапамагае прастаце пазбаўляцца ад шкодных хімікаліяў і не дазваляе разьвівацца так званым кальцыфікатам – солевым камяням, якія таксама становяцца прычынай раку.
Нягледзячы на атрыманыя дадзеныя, адзін з аўтараў новага дасьледаваньня, доктар Майкл Лейцман з Нацыянальнага інстытуту раку, заявіў, што мэдыкі пакуль ня раяць мужчынам рэзка мяняць стыль свайго сэксуальнага жыцьця ў спадзеве зьменшыць рызыку злаякаснай хваробы.
Тэарэтычна сувязь паміж высокай сэксуальнай актыўнасьцю і ракам прастаты не выглядае непраўдападобнай. Мэдыкі не адкідаюць факту, што высокі узровень мужчынскага гармону тэстастэрону спараджае як падвышаную сэксуальную актыўнасьць, так і рост ракавых клетак.
Сусьветная статыстыка сьведчыць, што рак прастаты – другі самы распаўсюджаны тып раку ў мужчын пасьля раку скуры. На яго раней ці пазьней захварэе кожны шосты мужчына. Паводле ацэнкі Амэрыканскай Асацыяцыі раку, сёлета ў Злучаных Штатах рак прастаты будзе выяўлены ў 230 тысяч 900 мужчын, і прыблізна 29 тысяч 900 зь іх памруць.
Як вядома, прастата – гэта маленькая залоза велічынёй з грэцкі гарэх, якая выпрацоўвае некаторыя складовыя часткі спэрмы. І такую вось прыемную і злавесную ролю ў жыцьці мужчыны яна адыгрывае.
***
А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.
1. Трымайце свае эмоцыі пад кантролем. Дасьледаваньні паказваюць, што падвышаны ўзровень варожасьці і гневу ў мужчын прыводзіць да збояў сардэчнага рытму – так званай артэрыяльнай фібрыляцыі. А яна зьяўляецца фактарам рызыкі для інфаркту. Пры гэтым у жанчын такой рызыкі ад гневу і варожасьці не назіраецца. Яшчэ адно наступства раздражненьня і нецярплівасьці – падвышэньне крывянога ціску. Гэта асабліва датычыцца дарослых людзей маладога веку. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым, а часты сьмех – на 8 гадоў.
2. Яблыкі і яблычны сок могуць быць вельмі карысныя для вашага мозгу. Мэдыкі, якія вывучалі ўплыў яблыкаў і іх соку на функцыі мозгу, прыйшлі да высновы, што антыаксыданты, што ўтрымліваюцца ў яблыках, могуць прадухіліць пашкоджаньні памяці ды іншых функцыяў мозгу. Лекары вырашылі, што ўсяго 2-3 яблыкі ў дзень могуць прынесьці чалавеку значную карысьць. А RealAge у гэтай сувязі нагадвае, што калі вы чатыры разы на дзень зьясьцё нейкі плод, то гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
3. Калі вы любіце салодкае, пастарайцеся зьменшыць гэтую сваю залежнасьць. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што вялікая прысутнасьць у рацыёне цукерак і салодкіх неалькагольных напояў падвышае рызыку захварэць на рак. Падчас экспэрымэнту высьветлілася, што жанчыны – аматаркі салодкага, мелі амаль у тры разы большую рызыку захварэць на рак тоўстага кішэчніка. Таму RealAge сьцьвярджае, што разнастайная дыета, багатая на карысныя рэчывы і бедная на калёрыі, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.