Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАЦЬВЕРДЗІЎ ПЕРАЛІК ДЗЯРЖАЎНЫХ САКРЭТАЎ

Юры Сьвірко, Менск

Зацьверджаны новым указам пералік першым сваім пунктам засакрэчвае зьвесткі “аб стратэгіі й тактыцы замежнай палітыкі дзяржавы”. Другі пункт робіць таямніцай зьвесткі пра перамовы з замежнымі прадстаўнікамі “па выпрацоўцы адзінай прынцыповай пазыцыі ў міжнародных стасунках”, а трэці засакрэчвае падрыхтоўку, зьмест, выкананьне і спыненьне дзеяньня міжнародных дамоваў Беларусі. І гэта нягледзячы на тое, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права на дакладную і своечасовую інфармацыю аб дзейнасьці дзяржаўных органаў і міжнародным жыцьці.

Старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец лічыць, што такое палажэньне мае кожная дзяржава:

(Чаргінец: ) “Калі краіна выпрацоўвае стратэгію, тактыку дзейнасьці на міжнароднай арэне або ў дачыненьні да канкрэтнай дзяржавы, ёсьць пытаньні, якія закранаюць такую тонкую сфэру як інфармацыя, якая зыходзіць ад выведвальных органаў”.

Зь сябрам верхняй палаты Нацыянальнага сходу ня згодны дэпутат ніжняй Валеры Фралоў, які лічыць указ неабгрунтаваным:

(Фралоў: ) “Такія зьвесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, вядома, неабходныя. Але аб’ём і ўзровень — пра гэта, мне здаецца, трэба падумаць парлямэнту. А ў нас усё ператвараецца ў адзін з мэханізмаў, каб штосьці зацямніць альбо на кагосьці “наехаць” — менавіта на тых людзей, якія нейкім чынам ня згодныя з афіцыйнай пазыцыяй уладаў. На жаль, у нас усё ператвараецца ў барацьбу зь нейкім іншадумствам”.

Усяго ў пераліку 87 пунктаў, якія цягам трох месяцаў беларускія дзяржаўныя органы мусяць напоўніць сваімі пералікамі сакрэтных зьвестак.

Адметна, што закон аб дзяржаўных сакрэтах у старой рэдакцыі, прынятай Вярхоўным Саветам, меў толькі восем пунктаў, па якіх зьвесткі маглі быць прызнаныя дзяржаўнымі сакрэтамі, і фармулёўкі былі больш канкрэтныя. Напрыклад, зьвесткі ў замежнапалітычнай і замежнаэканамічнай галіне лічыліся сакрэтнымі толькі тады, калі “заўчасны распаўсюд іх мог нанесьці шкоду” жыцьцёва важным інтарэсам Беларусі.

Новы пералік у пункце 1.5 засакрэчвае зьвесткі аб “неўрэгуляваных разьліках зь іншымі дзяржавамі, акрамя абагульненых паказьнікаў па замежнай запазычанасьці”, то бок сума доўгу за расейскі газ таксама можа быць абвешчаная таямніцай.

Сакрэтнай паводле пункту 2.10 будзе інфармацыя аб банкаўскіх рахунках для аплаты выдаткаў “на ваенныя, мабілізацыйныя і спэцыяльныя мэты ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі” — што гэта за спэцыяльныя мэты, не тлумачыцца. А пункт 2.17 засакрэчвае “выдаткі ў замежнай валюце на ваенныя ды іншыя мэты забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі”.

На падставе пункту 2.7 будуць засакрэчаныя плянавыя і фактычныя аб’ёмы фінансаваньня і выдаткі рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманьне арміі ды ўсіх сілавых структураў, а пункт 6.1 робіць дзяржаўнай таямніцай зьвесткі “аб зьмесьце, арганізацыі або выніках асноўных відаў дзейнасьці” Савету Бясьпекі, службы бясьпекі прэзыдэнта, міліцыі, Міністэрства абароны, КГБ, памежнікаў і мытнікаў.

Старшыня камісіі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец тлумачыць:

(Чаргінец: ) “Вынікі — маецца на ўвазе спэцыфічнага характару, вядома, а ня ўсе вынікі. Што будзе сакрэтнага, калі, скажам, МУС апублікуе колькасьць асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці, або асуджаных? Гэта нармальна. Але ж ёсьць спэцыфічныя вынікі. Толькі пра іх, трэба разумець, ідзе размова”.

Аднак той жа Савет Бясьпекі лічыць усю сваю дзейнасьць сакрэтнай. Гэта пацьвярджае і адказ кіраўніка прэсавай службы Савету Бясьпекі Сяргея Верашчака на маё пытаньне, ці распрацоўвала ягонае ведамства пералік дзяржтаямніцаў:

(Верашчак: ) “Ніякіх камэнтароў”. (Кідае трубку.)

Тым часам у прыёмнай намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Абрамовіча, які адказвае за юрыдычную сфэру, пацьвердзілі, што указ аб пераліку дзяржаўных таямніцаў распрацаваў менавіта дзяржсакратарыят Савету Бясьпекі.
XS
SM
MD
LG