Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАЮЦЬ ПРАВА ЧЫНОЎНІКІ НА ДАРАГІ СЛУЖБОВЫ АЎТАМАБІЛЬ?


Галіна Абакунчык, Менск

Пра тое, ці павінны чыноўнікі мець дарагія пэрсанальныя службовыя аўтамабілі, меркаваньні мінакоў падзяліліся.

(Карэспандэнтка: ) “Ці могуць айчынныя чыноўнікі езьдзіць на дарагіх замежных аўтамабілях і ці спрыяе гэта аўтарытэту ўлады?”

(Юнак: ) “Аўтарытэту яму не прыбавіць тое, што ён будзе езьдзіць на джыпе, а не на “Волзе”. Супраць я нічога ня маю, але я і ня за”.

(Спадар: ) “Думаю, што лепш узяць адну добрую машыну, чым дзесяць дрэнных. Замежная — яна колькі пройдзе? Гадоў дзесяць, а “Волга” два-тры — і ўсё”.

(Юначка: ) “Гэтыя машыны будуць купленыя на грошы народу, і я думаю, што ёсьць дастаткова добрыя машыны, да прыкладу, новыя мадэлі “Волгі”, на якіх могуць езьдзіць чыноўнікі. Таму я думаю, што можна абысьціся й без дарагіх аўтамабіляў”.

(Спадар: ) “Ну, якая розьніца, на якіх аўтамабілях яны будуць езьдзіць! Галоўнае, каб добра вырашалі свае пытаньні”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што яны не павінныя езьдзіць на дарагіх замежных аўтамабілях. Хоць у нас, калі падысьці да “чырвонага дому”, там аўтамабілі з сэрыі “МІ” стаяць толькі зь ліку апошніх мадэляў “Вольва”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці спрыяе гэта аўтарытэту ўлады?”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што не. Гэта, канечне, супраць нашых кіраўнікоў і нашых уладаў. Бо людзі ў нас жывуць небагата, калі й маюць машыны, то старэнькія, прыгнаныя з Эўропы. А кіраўнікі езьдзяць на шыкоўных аўтамабілях — канечне, людзям гэта непрыемна”.

Некаторыя людзі казалі, што супраць таго, каб чыноўнікі скарыстоўвалі бюджэтныя грошы на дарагія пэрсанальныя аўтамабілі, але перакананыя, што ў Беларусі гэтая практыка будзе доўжыцца яшчэ некаторы час.

(Карэспандэнтка: ) “Ці могуць айчынныя чыноўнікі езьдзіць на дарагіх замежных аўтамабілях і ці спрыяе гэта аўтарытэту ўлады?”

(Спадарыня: ) “Не, не спрыяе абсалютна. Але мы нічога ня зьменім, калі нават нешта скажам: усё гэта за наш кошт, але яны езьдзілі, езьдзяць і будуць езьдзіць. Як жылі добра, так і будуць жыць, а мы — існаваць”.

(Спадар: ) “Тут гавары колькі хочаш, а ўсё застанецца па-ранейшаму: як езьдзілі, так і будуць езьдзіць. Тут трэба ўсё мяняць, але мы да эўрапейскіх стандартаў яшчэ не дарасьлі”.

(Юначка: ) “Простым людзям вельмі непрыемна, калі яны разьяжджаюць на дарагіх аўтамабілях, гэтак паказваюць, што яны вышэйшая кляса над іншымі людзьмі. Прычым, робяць гэта за нашыя грошы”.

(Юнак: ) “Мы ўсё роўна ня можам нічога зрабіць, але трэба, каб наш народ сабраўся разам, як у Грузіі, і даў па вуху гэтым чыноўнікам”.

(Юнак: ) “Нячыстыя на лапу чыноўнікі — бо кантроль аднаго зловіць, а іншых не, і ён карыстаецца людзкімі грашыма, маёмасьцю, тымі ж аўтамабілямі — што пра гэта можна казаць? Без камэнтароў”.

Гэткія былі выказваньні людзей на вуліцах Менску пра магчымасьць для айчынных чыноўнікаў мець дарагі пэрсанальны аўтамабіль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG