Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі. Сёлета 11 красавіка ўсе хрысьціяне Беларусі разам сьвяткавалі Вялікдзень, дзень Хрыстовага ўваскрашэньня. А яшчэ ўчора ў сьвеце адзначаўся Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў.
Гістарычныя даты 11 красавіка.
У гэты дзень у 1863 годзе адбылася бітва паўстанцаў Людвіга Нарбута з рэгулярнай расейскай арміяй у Лідзкім павеце. Паўстанцы, якія стаялі лягерам на рацэ Котры пад Берштамі, разабралі мост. Тым часам падышлі расейцы – дзьве роты Паўлаўскага палка пад камандай капітана Цімафеева і 36 казакаў Данскога палка. Царскія салдаты мелі колькасную перавагу і наступалі па пояс у вадзе. У выніку няроўнасьці сілаў паўстанцы панесьлі паразу.
11 красавіка 1937 году пакінуў гэты сьвет беларускі палітык Зьміцер Жылуновіч, вядомы таксама як пісьменьнік Цішка Гартны. Некалі Жылуновіч быў першым кіраўніком савецкага ўраду ў Беларусі. А калі надышлі часы сталінскага генацыду, гэты шанаваны народам чалавек быў арыштаваны, сядзеў у Менскай турме, пасьля быў пераведзены ў Магілёўскую вар'ятню, дзе яго закатавалі да сьмерці.
11 красавіка 1995 году дэпутаты апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі выступілі з пратэстам супраць ініцыяванага прэзыдэнтам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнае сымболікі і статусу беларускае мовы. Проста ў Авальнай залі дэпутаты абвесьцілі галадоўку. Яны разьмясьціліся каля трыбуны і мелі намер доўжыць свой пратэст. Але ў ноч з 11 на 12 красавіка ў залю ўвайшлі спэцназаўцы ў масках і гвалтам выкінулі дэпутатаў на вуліцу.
Учора споўнілася 85 гадоў рэжысэру опэры, народнаму артысту Беларусі Зьмітру Смолічу і 45 гадоў празаіку і журналісту, нашаму калегу Сяргею Астраўцову.
Цяпер пра сёньняшні каляндар.
Сёньня – Сьветлы панядзелак, другі дзень Вялікадня.
А ў 1917 годзе 12 красавіка ў Менску было наладжанае Сьвята беларускага значка. Усенародныя гуляньні арганізавала Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Па ўсім горадзе прадаваліся бел-чырвона-белыя значкі, у кавярнях, крамах, на вуліцах ладзіліся нацыянальныя імпрэзы і гучала беларуская мова. У адным з гарадзкіх кінатэатраў пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта прайшоў шматлюдны мітынг.
12 красавіка 1961 году адбыўся першы ў гісторыі палёт чалавека ў космас. Юры Гагарын абляцеў Зямлю на вышыні 302 кілямэтры за 108 хвілінаў.
12 красавіка 1995 году інфармацыйныя агенцтвы сьвету паведамілі пра гвалт, які прэзыдэнцкая спэцслужба ўчыніла супраць дэпутатаў парлямэнту Беларусі мінулай ноччу. Расьсьледаваньня гэтага злачынства не адбылося дагэтуль.
Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 12 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня расейскага драматурга Аляксандра Астроўскага, падарожніка Мікалая Пржавальскага, беларускага празаіка Янку Нёманскага, які быў расстраляны НКВД у Менску 30 кастрычніка 1937 году, і славутую гішпанскую опэрную сьпявачку Мансэрат Кабалье, якая летась адзначыла свае 70-я ўгодкі.