Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО З ЧЫНОЎНІКАЎ БЕЛАРУСІ МАЕ ПЭРСАНАЛЬНЫЯ АЎТАМАБІЛІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Я знаходжуся побач зь Менскім аблвыканкамам на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Звычайна тут, на ходніках, калі ў старшыні аблвыканкаму спадара Дамашкевіча праходзяць нарады, стаяць аўтамабілі мясцовых начальнікаў, якія зьяжджаюцца з усіх раёнаў вобласьці. Менскія начальнікі любяць “Мэрсэдэсы” — прыкладам, вось стаіць “Мэрсэдэс” 0001 ОТ. А таксама любяць чорныя “Аўды” — вось гэтая з нумарам 5555 ОАІ. Гэтыя чатыры пяцёркі ці першыя тры нулі сьведчаць пра тое, што гэта машына вельмі значнай асобы. Паказальна і тое, што ўсе гэтыя машыны маюць зацемненае шкло. І цікавая падрабязнасьць — тут, на рагу вуліцы, стаіць інспэктар ДАІ, але чамусьці да машынаў, што стаяць на ходніках, у яго ніякіх прэтэнзіяў няма.

Хто ў Беларусі мае пэрсанальныя аўтамабілі, якія гэта аўтамабілі і колькі каштуе іх утрыманьне дзяржаве?

Сыстэма пэрсанальных аўтамабіляў добра бачная звонку, але разабрацца ў яе ўнутраных законах дастаткова складана, паколькі ўсе зьвесткі хаваюць, як вайсковую тайну. Прыкладам, ніводная дзяржаўная крыніца не патлумачыць, як атрымалася, што ўсе старшыні райвыканкамаў з 2001 году езьдзяць на аднолькавых чорных “Мэрсэдэсах”. А людзі кажуць, што гэтыя аўтамабілі былі купленыя на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі. Прычыну гэтага клопату некаторыя нібыта ведаюць. Аляксандар Ярашук, які пры канцы 1990-х гадоў быў першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, кажа:

(Ярашук: ) “Вы, пэўна, ведаеце, што пасьля выбараў 2001 году першае, што зрабіў Аляксандар Лукашэнка, гэта кожнаму вэртыкальніку падараваў службовы “Мэрсэдэс”. Яны цяпер як адзін — на аднолькавых аўтамабілях, аднаго колеру, адной маркі”.

Паводле Аляксандра Ярашука, усяго было куплена 180 “Мэрсэдэсаў” прыблізна 25 тысяч даляраў кожны. На гэтыя выдаткі Аляксандар Лукашэнка нібыта пайшоў, каб аддзячыць раённых вэртыкальнікаў за іх унёсак у сваю перамогу на другіх прэзыдэнцкіх выбарах. Раней большасьць зь іх езьдзіла на ўжо не прэстыжных “Волгах”, у найлепшым выпадку на “Аўды” ці “Вольва”.

Сам Аляксандар Лукашэнка езьдзіць на браняваным 600-м “Мэрсэдэсе”, які можа каштаваць больш за 100 тысяч даляраў, у залежнасьці ад ягонага начыньня. На “Мэрсэдэсах”, але больш сьціплых, перамяшчаюцца таксама прэм’ер і старшыні палатаў парлямэнту. Гэтак сама і міністры. А калі ўрадам кіраваў Міхаіл Чыгір, то самай распаўсюджанай машынай ва ўрадзе была “Вольва”, яна значна таньнейшая ў абслугоўваньні. Прэм’ер Міхаіл Чыгір сам перасеў на “Вольва”, але зь іншых прычынаў:

(Чыгір: ) “У мяне спачатку “Мэрсэдэс” быў, а потым я езьдзіў на “Вольва”, пасьля таго як мой “Мэрсэдэс” угналі”.

Міхаіл Чыгір кажа, што ў яго была магчымасьць набыць для сябе больш прэстыжную машыну, але рабіць гэтага ён ня стаў. Выдаткаў на транспарт і без таго хапала. За кожным пэрсанальным аўтамабілем замацаваныя прынамсі два кіроўцы, якім плацяць нядрэнны заробак, каб чалавек не сышоў куды ў таксісты. Плюс выдаткі на рамонт, на паліва. Цэлая гаспадарка, якая завецца гаражом Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, цяпер абслугоўвае транспартныя патрэбы галоўных начальнікаў краіны. Да гэтага гаражу прыпісана да трох соцень пэрсанальных аўтамабіляў. Штогод на іх спаганяецца да 5 мільёнаў даляраў.

А як было з пэрсанальнымі аўто за савецкім часам? Былы першы сакратар Магілёўскага абкаму партыі Васіль Лявонаў згадвае, што сам езьдзіў на “Волзе”, такія ж машыны былі ў астатніх трох сакратароў абкаму:

(Лявонаў: ) “Там было гэтак — для сакратароў, і ўсё. Для іх законам машыны былі замацаваныя. А для астатніх да дванаццаці аддзелаў — шэсьць машынаў”.

Паводле Васіля Лявонава, дастаткова сьціплым паводле сёньняшніх стандартаў быў і аўтапарк райкамаў парыі і райвыканкамаў. “Волга” для першых асобаў і дзьве-тры машыны для астатніх начальнікаў. Але “зьверху” даводзіліся абмежаваньні на прабег і на паліва. Абкам кантраляваў выкананьне гэтых лімітаў раённымі падначаленымі, а ЦК кантраляваў абкамы. “Калі ліміт сканчаўся, то менш езьдзілі”, — згадвае Васіль Лявонаў, але прызнае, што цягніком у Менск ня езьдзіў ні разу: “Не было часу”.

Паводле зьвестак, пэўныя ліміты на паліва і прабег існуюць і для сёньняшніх начальнікаў, вось толькі ці захоўваюцца яны? Аляксандар Ярашук перакананы, што раённы начальнік заўсёды знойдзе грошы, каб зьезьдзіць у сталіцу на “Мэрсэдэсе”, хай сабе гэтым часам трактары будуць стаяць без паліва. А Васіль Лявонаў ня верыць у абяцаньні скараціць колькасьць пэрсанальных аўто. Паводле яго, гэтак сама не ўдаецца скараціць армію дзяржчыноўнікаў, хаця спробы такія робяцца рэгулярна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG