Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІСІІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ААН ПРАПАНАВАЛІ ПРЫНЯЦЬ РЭЗАЛЮЦЫЮ ПА БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Праект рэзалюцыі быў прадстаўлены напярэдадні Вялікадня, а ў пятніцу і панядзелак на 60-й сэсіі Камісіі правоў чалавека ААН з нагоды сьвята абвешчаны перапынак, таму галасаваньне па Беларусі адбудзецца на наступным тыдні.

У прапанаваным тэксьце рэзалюцыі выказваецца глыбокая занепакоенасьць паведамленьнямі пра датычнасьць урадавых чыноўнікаў да зьнікненьняў і (або) зьнішчэньняў трох палітычных апанэнтаў і журналіста. У дакумэнце зазначаецца, што выбарчы працэс у Беларусі застаецца “грунтоўна скажоным”, а рэлігійныя групы зазнаюць усё больш абмежаваньняў.

У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што ўлады Беларусі не зрабілі нічога істотнага, каб прывесьці сытуацыю ў адпаведнасьць з дакумэнтамі ААН наконт правоў чалавека. Таксама нагадваецца, што летась Камісія правоў чалавека ААН, куды ўваходзяць 53 краіны, упершыню скрытыкавала Беларусь і заклікала яе палепшыць становішча, аднак гэтага не адбылося.

Як паведамілі з Жэнэвы, Расея, на адрас якой таксама могуць прыняць рэзалюцыю ў зьвязку з ваеннымі дзеяньнямі ў Чачэніі, адмовілася падтрымаць праекты рэзалюцыяў як па Беларусі, гэтак і па Туркмэністане. Як беларускае МЗС ставіцца да таго, што сёлета можа зноў быць прынятая рэзалюцыя з асуджэньнем парушэньня правоў чалавека ў краіне? Вось як на гэтае пытаньне адказаў прэсавы сакратар дыпляматычнага ведамства Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Пазыцыя Беларусі ў дачыненьні да рэзалюцыяў па асобных краінах на Камісіі правоў чалавека вядомая. Яна агучвалася яшчэ ў той час, і яна не зьмянілася. Мы гатовыя да дыялёгу па любых пытаньнях правоў чалавека, асацыяцыяў працоўных. Тым ня менш, мы супраць таго, каб палітызаваць гэтае пытаньне”.

Варта дадаць, што ўжо цяпер да ўсіх праектаў рэзалюцыяў, якія прапаноўваюць краіны Эўрапейскага Зьвязу, аўтаматычна далучаюцца ўсе дзяржавы-кандыдаты на далучэньне да гэтай арганізацыі. Гэта значыць, што сытуацыю ў Беларусі асуджаюць 25 краінаў Эўропы, у тым ліку тры суседнія дзяржавы — Латвія, Літва і Польшча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG