Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО САПСАВАЎ АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ ХАКЕЙНЫ ВЕЧАР?


Ігар Карней, Менск

Шкляная агароджа па пэрымэтры лядовай пляцоўкі ня вытрымала сілавых прыёмаў юных спартоўцаў. Журналісты, акрэдытаваныя на чэмпіянаце, пытаюцца: што было б, каб барацьбу вялі дарослыя хакеісты?

Найбольш прыкрым для дырэктара Палацу спорту Генадзя Аляксеенкі сталася тое, што сьведкамі здарэньня былі Лукашэнка, які асабіста адкрываў спаборніцтвы ў адрамантаваным адмыслова да чэмпіянату палацы, а таксама віцэ-прэзыдэнт міжнароднага хакейнага зьвязу Калерва Кумола.

Летась Генадзь Аляксеенка ўжо пацярпеў ад Лукашэнкі — быў звольнены з пасадаў віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту і намесьніка міністра спорту. Як паведамілі ў адміністрацыі Палацу спорту, Лукашэнка ўжо загадаў высьветліць прычыны здарэньня. Дарэчы, усё абсталяваньне хакейнай пляцоўкі было набытае ў Фінляндыі. Сьведкі мяркуюць: хутчэй за ўсё, падчас будаўнічага аўралу была парушаная тэхналёгія мантажу, бо праверка мацаваньняў астатніх сэктараў агароджы паказала, што шкло не замацаванае, а вольна хістаецца.

Сёньня журналісты чакалі падрабязнасьцяў ад прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Пяткевіч, але на абвешчаную сустрэчу спадарыня Пяткевіч не зьявілася. Аднак ужо відавочна, што імідж Беларускай фэдэрацыі хакею, якая неаднаразова прапаноўвала свае пляцоўкі дзеля правядзеньня дарослых эўрапейскіх і ўсясьветных першынстваў, гэты інцыдэнт сапсаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG